Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франак Вячорка і беларускае «гета»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі
Мой школьны прыяцель Паша Валабановіч патрапіў ў дысбат. Спачатку ў дэсант, а пасьля ў салдацкую турму. У дэсанце ён пайшоў у «адказьняк» – не гуляў па няпісаных герархічных правілах у «дзядоў», «сланоў», «чарпакоў» і г.д. Біўся кожны дзень, схуднеў ад недаяданьня і недасыпу. Паша ня быў нейкім там актывістам. Хутчэй авантурыстам, а таму і трапіў за калючы дрот, дзе, як ён пасьля казаў, нарэшце адаспаўся і ад'еўся.

Паша быў адзіным за салдацкім калючым дротам, хто выпісваў газэту «Свабода». Быў травень 1995-га.

Падчас выбараў і рэфэрэндуму ўсе тры роты батальёну пашыхтаваліся перад падпалкоўнікам.

– Хто будзе галасаваць супраць прапановаў прэзыдэнта на рэфэрэндуме?

– Я, – Паша зрабіў крок наперад.

– Так, – выгукнуў падпалкоўнік, – Валабановіч будзе галасаваць супраць. Калі я ў вурне знайду хоць бы яшчэ адзін падобны бюлетэнь, будзеце тры тыдні на сьвінакомплексе па-пластунску поўзаць!

***
Пасьля скаргі незалежнага журналіста аўтапарк прыбраў расейскі сьцяг з лабавога шкла рэйсавага аўтобуса.

Юрий Воронежцев: – Пасьля гэтага ў аўтапарку прыхільнікаў апазыцыі, безумоўна, значна павялічылася. Кіроўца, ягоныя сябры, знаёмыя ў калектыве, паўтара дясятка чалавек яшчэ ў большай ступені будуць лічыць усіх «оппаў», і ўсіх, хто зь імі побач, мудакамі.

Камэнтар адлюстроўвае досыць распаўсюджаную пазыцыю. Ёсьць нейкая маналітная грамадзкая сіла пад назвай народ. Камэнтатар не дапускае магчымасьці таго, што ў калектыве і сярод знаёмых кіроўцы аўтобуса могуць быць розныя меркаваньні.

Зь іншага боку, ёсьць нейкія «оппы», зноў жа, маналіт з выразна акрэсьленымі крытэрамі прыналежнасьці да апазыцыі.

І вось гэтыя шчыльныя рады «оппаў» ня хочуць камунікаваць зь ня менш зьяднанай большасьцю.

Трэці бок рэпрэзэнтуе сам аўтар камэнтара: ён прадстаўляе тып людзей, якія ўзвышаюцца над усёй гэтай «валтузьнёй».

Парадокс, але факт – ёсьць іншае меркаваньне, якое я ня раз чуў ад камэнтатараў, якія хочуць адасобіцца ад рэаліяў, альбо ад замежнікаў, якія займаюцца «беларускім пытаньнечкам»:

– Вы жывеце ў гета, якое самі сабе стварылі! У ім жа сварыцеся між сабою. Трэба ісьці да людзей, гаварыць на зразумелай ім мове, пра зразумелыя ім рэчы.

А вось знутры Беларусі:

– Каб перамагчы рэжым, мы мусім аб'яднацца! Выйсьці адзіным фронтам! Навошта так шмат розных апазыцыйных СМІ? Давайце зробім адзін, але магутны! Нашто столькі дробных парцеек і НЖОшак, давайце створым адну структуру. І тады мы пераможам!

Каго?

***
Фільм «Жыве Беларусь» ад моманту выкладаньня ў сеціва сабраў пад 50 000 праглядаў, ня гледзячы на пікніковае надвор'е і працяглыя выходныя. Кіпяць жарсьці, грымяць баі сярод юзэраў.

Тры погляды на фільм, як тры падыходы да бачаньня Беларусі:

– Разуменьне мастацкай гіпэрбалы – якой Беларусь часткова ёсьць, і якой можа стаць.

– Зануранасьць у праблемы адстойваньня грамадзянскіх і нацыянальных правоў, бачаньне гары дэталяў і нюансаў, але няздатнасьць паглядзець на сябе і сытуацыю збоку (я служыў, у нас ня так было).

– Агрэсіўнае непрыняцьце (зьнялі агітку за грошы НАТО).

Тое, што адбываецца вакол фільма «Жыве Беларусь» – гэта аніразу ня сварка. Гэта завязка грамадзкай дыскусіі на тэму: што ўяўляе зь сябе сучасная Беларусь, і адначасова – якую Беларусь мы бачым заўтра.

Людзі, якія нібыта па адзін бок калючага дроту, бачаць сьвет вельмі па-рознаму.

Хтосьці БССР пад бел-чырвона-белым сьцягам, хтосьці дэмакратычную эўрапейскую Заходнюю Расею, хтосьці сучасную эўрапейскую нацыянальную дзяржаву.

Прататып галоўнага героя фільма Франак Вячорка вісіць між двух агнёў. З аднаго боку, яму трэба патлумачыць, што фільм мастацкі (то бок, суб'ектыўнае бачаньне стваральнікаў), а зь іншага, давесьці, што асноўная фактура нявыдуманая.


Дыскусія ідзе ў тым самым «гета», якое зусім ня мае прыкметаў партыі ці войска – шчыльных радоў. Як ня мае шчыльнасьці аморфная мітычная большасьць.

***
Дысбат быў адначасова асобным выбарчым участкам, дзе галасавалі толькі тыя, хто служыў унутры калючага дроту. У вурнах знайшлі толькі адзін заяўлены бюлетэнь «супраць». Усе астатнія прагаласавалі «за». Бо разумелі, што падпалкоўнік выканае абяцаньне, і нічога з гэтым ня зробіш.

Але большасьць выбарнікаў апынулася за калючым дротам не па сваёй волі. Гэта яны былі ў гета, дзе гулялі па правілах тырана-камандзіра.

Дык хто ў гета? У гета тыя, хто ня можа прынцыпова паўплываць на свой лёс. У адрозьненьне ад дысбату, у Беларусі адкрытыя дзьверы, а значыць гета сядзіць у галовах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG