Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянкі ў хмызьняку ля брацкай магілы


Брацкая магіла партызанаў
Брацкая магіла партызанаў
Брацкую магілу чатырнаццаці партызан з брыгады «Чэкіст», што ў Шклоўскім раёне непадалёк ад вёсак Новае Бра́шчына і Шчаці́нка, згадваюць звычайна напярэдадні Дня перамогі. Да помніка прывозяць вянок, ставяць яго ля магілы, а той, што ўскладалі летась, выкідаюць непадалёк.

Такіх вянкоў навокал шмат у разрослым хмызьняку, які патроху падбіраецца да помніка. Раней ля брацкай магілы зьбіралі школьнікаў, праводзілі ўрачыстыя сходы. Цяпер гэтага ніхто ня робіць.

У Новым Брашчыне, якое за два дзясяткі кілямэтраў ад Шклова, нічога не нагадвае, што Беларусь сьвяткуе Дзень перамогі. Няма сьцягоў ні на будынку мясцовай крамы, ні на пошце. Усё будзённа. Ад вёскі да помніка пару кілямэтраў яшчэ неўзараным полем, а потым лесам. У лесе дарога разьбітая лесавозамі.

На магіле партызанаў помнік моцна нахілены, надпіс цяжка прачытаць. На магіле вянок. Непадалёк стол і лаўкі. Навокал сьмецьце.
Старыя вянкі кідаюць непадалёк ад помніка
Старыя вянкі кідаюць непадалёк ад помніка

Шклоўскі краязнаўца Міхаіл Кучарэнка: «Нешта намагаюцца рабіць, але гэта як „адмазка“. Вось як была дошка зь нечытэльным тэкстам, так і засталася. Помнік не памылі, зорку не пафарбавалі. Ён пахіліўся і пахіліўся добра. Вянок вось проста ўваткнулі ў агароджу. На вянок гэта і блізка не падобна. Напалову парадак навялі. Атрымліваецца напалову памяць ёсьць, а напалову няма. Вось гэты помнік — гэта сёньняшняя ўлада. Яе твар. Усё напалову робіцца».
Міхаіл Кучарэнка
Міхаіл Кучарэнка

Пра партызанскую брыгаду «Чэкіст» зьвестак шмат. Дзейнічала яна на поўначы Магілёўшчыны і поўдні Віцебшчыны. А вось пра тое, як загінулі чатырнаццаць партызанаў у няіснай ужо вёсцы Рагожанцы зьвестак вобмаль. На помніку — імёны дзесяцярых партызан. Як кажа Міхаіл Кучарэнка, партызанаў выдаў фашыстам вясковец:

«Мясцовы жыхар убачыў, што яны прыйшлі на зьмярканьні. Хуценька пабег у Старасельле — там гарнізон быў. Ачапілі вёску. Яна невялікая была. Начны бой — і чатырнаццаць партызан і партызанак загінулі. Самаму старэйшаму было дваццаць зь нечым гадоў. І дзяўчаты былі васямнаццацігадовыя».
Імёны загіблых партызанаў
Імёны загіблых партызанаў

Да вайны, паводле мясцовых жыхароў, у навакольлі, дзе цяпер помнік, вёсак было няшмат. Людзі жылі на хутарах. Жылі заможна. Пасьля раскулачваньня іх зганялі ў вёскі. Цяпер у самой вёсцы Новае Брашчына жывуць пераважна старыя. Іх клопат далёкі ад урачыстасьцяў Дня перамогі. Кажуць, няма як дабрацца да могілак на Радаўніцу, бо дарогі размыла. Не працуюць калёнкі й далёка хадзіць па ваду. Пра брацкую магілу партызан гавораць, што яна даўно забытая:

Спадарыня: «Калі школа раней была, то вучні глядзелі. Настаўнікі туды хадзілі. А калі цяпер гэтага няма, то й ніхто не глядзіць. Яны ўсё там лесам захламілі і зьнясуць гэтым лесам».
Дарога да помніка партызанам
Дарога да помніка партызанам

Спадарыня сталага веку: «Я сёлета там яшчэ не была, а летась хадзіла, дык аж душа баліць».

Карэспандэнт: «А чаму душа баліць?»

«А што людзі на такое зарабілі? Яны ж ваявалі. Ды такія маладыя партызаны. Там дзяўчына ляжыць. Васямнаццаць гадоў. І маці яе прыяжджала ўсё, але даўно. Маці ўжо памерла і ніхто не прыяжджае. І зусім усё занядбалі».

Карэспандэнт: «Але там жа вянок нейкі ляжыць?»

Спадарыня: «Гэты вянок, мо, пяцігадовы. Ён не цяперашні. Летась не было вянка. Мы ж хадзілі ў лес. А колькі тут вось такіх помнічкаў. І зь імі усімі так па-кашчунску».
Вёска Новае Брашчына: 68 гадоў пасьля вайны
Вёска Новае Брашчына: 68 гадоў пасьля вайны


«Свабода» не ўпершыню наведвае салдацкія пахаваньні ў Шклоўскім раёне. Краязнаўца Міхаіл Кучарэнка зазначае, што калі б такой увагі не было, стан помнікаў быў куды горшым за цяперашні. Адзін з прыкладаў — брацкая магіла 35 салдат ля вёскі Гавара́кі. У ёй пахаваны герой Савецкага Саюзу Аляксандар Бажанаў. Помнік пафарбавалі, расколіны замазалі цэмэнтнай рошчынай, хмызьняк высеклі. Праўда, з помніка зьнік ахоўны мэтальён. Як і ля магілы партызанаў, навокал раскіданыя старыя вянкі.

«Ну вось за пяць год журналістыка і краязнаўства больш ці менш дамагліся, што абнавілі помнік. Дарогу наезьдзілі. Бур’ян прыбралі за помнікам. Калі хто прыедзе з радзіны загіблых, то ня так будзе сорамна за айчыну».
Помнік савецкім салдатам ля вёскі Гаваракі
Помнік савецкім салдатам ля вёскі Гаваракі
Мэдальён зьнік
Мэдальён зьнік
Расколіны ў тынку
Расколіны ў тынку
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG