Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўшчына: забыты мэмарыял


На Шклоўшчыне разбураецца мэмарыял "Дняпроўскі рубеж", што ля вёскі Новыя Стайкі. У 2008 годзе яго ўзьвялі з ініцыятывы жыхароў райцэнтру, каб ушанаваць памяць салдат 18-й Казанскай стралковай дывізіі Чырвонай арміі. Летась Свабода паведамляла пра выпадак, калі побач з мэмарыялам вывернулі сотні тон гною.

Мэмарыял быў задуманы як адноўлены апорны пункт дывізіі — з акопамі, бліндажом, памятным знакам і інфармацыйным стэндам. У ліпені 1941 году салдаты 18-й Казанскай стралковай дывізіі два тыдні не давалі фашыстам збудаваць пераправу праз Дняпро. За дзьвесьце пяцьдзесят мэтраў ад мэмарыялу — і сама рака. Апорны ж пункт цяпер пасярод кукурузнага поля. Пра яго стан апавядае шклоўскі краязнаўца Міхаіл Кучарэнка:

Міхаіл Кучарэнка

"Гэта разгром. Гэта зьнішчэньне памяці тых, хто ў ліпені 1941 году насьмерць тут стаяў. І вось гэты сьціплы помнік іх гераізму зьнішчаны. Летась, калі тысячы тон гною вывернулі на гэты апорны пункт. Сёлета разбурылі яго".

Груды гною летась вывернулі за пяцьдзесят мэтраў ад акопаў. Цяпер жа гэтыя самыя акопы, пазбаўленыя драўляных апор, асунуліся. Ад бліндажу засталася толькі яміна. Драўлянае перакрыцьце зваленае на яе ўскрайку. У грудах зваленыя й акопныя апоры. Сорак мэтраў акопаў зарастаюць пустазельлем.

Пра заняпад мэмарыялу ведаюць у Славенскім сельскім савеце, на тэрыторыі якога ён знаходзіцца:

"Усё там, так сказаць, цяпер прыходзіць у нядобры выгляд. Усе слупы пагнілі. Усё там абрынаецца. Там трэба ўсё па-новаму рабіць. На гэта патрэбныя вялікія ўкладаньні. Патрэбна многа затрат людзкіх. Я ўжо і з аргаддзелам у раёне размаўляў, абяцалі дапамагчы. Але калі гэта будзе, я сказаць не магу",-- прызнае супрацоўнік сельсавету.

А вось у ідэалягічным аддзеле Шклоўскага райвыканкаму супакоілі — усё з мэмарыялам будзе ў парадку. Вядуцца працы па яго аднаўленьні:

"Ніхто яго не разбурае. Там троху падгніў матэрыял. Цяпер усё гэта перарабляецца. Рыхтуем матэрыял. Будзем перарабляць мэмарыял",-- заявіў супрацоўнік аддзелу.

Актыўных аднаўленчых прац на мэмарыяле не заўважана. Міхаіл Кучарэнка ня верыць запэўніваньням чыноўнікаў. Ён заяўляе, што народны мэмарыял папросту нікому цяпер не патрэбны.

"Вось яны ў красавіку разламалі яго. Забілі тры непрыдатныя калы, і на гэтым усё. Пэрспэктыва — тут заараць усё і зьнішчыць, каб у памяці народнай не засталося й сьледу. Усё, каштоўнасьці памяняліся, прыярытэты зьмяніліся. Цяпер ідзе захоп зямель і дзялянак".

У 2008 годзе непадалёк ад мэмарыялу група жыхароў Шклова ўсталявала й памятны знак палеглым салдатам 18-й Казанскай стралковай дывізіі. Пабачыць яго сёлета не ўдалося. Двухмэтровая кукуруза сьцяной перагарадзіла дарогу. Як сьцьвярджае Міхаіл Кучарэнка, толькі пасьля ўзьвядзеньня памятнага знаку райвыканкам даў дазвол і на адбудову апорнага пункту. Дазволу краязнаўца дамагаўся тры гады. Акопы капалі чацьвёра, у тым ліку дзьве жанчыны.

Тое, што засталося ад акопных умацаваньняў

Акопы асунуліся

Памятны знак разбураецца

Усё, што засталося ад бліндажа
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG