Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Права першага голу


14 красавіка 2005 году на могілках у Бэзансоне быў праведзены ў апошні шлях чалавек, унёсак якога ў гісторыю складаецца з аднаго дотыку да футбольнага мяча. Але затое якога дотыку — гэта менавіта ён, Люсьен Ляран, форвард «Сашо» і францускай зборнай, 13 ліпеня 1930 году забіў гол у браму мэксыканцаў на першым чэмпіянаце сьвету ва Ўругваі. Першы гол на футбольных чэмпіянатах сьвету. На той час Лярану ішоў дваццаць трэці год.

Падзея адбылася на стадыёне «Пакітас» у Монтэвідэа ў прысутнасьці каля трох тысяч гледачоў. Так, усяго некалькіх тысяч — што й казаць, наведвальнасьць неверагодная. Стадыён быў маленькі, дый у вачах уругвайскіх заўзятараў ні Францыя, ні Мэксыка не былі фаварытамі... Лацінаамэрыканцы хадзілі збольшага толькі на сваіх, а выправіцца ва Ўругвай на чэмпіянат з Эўропы наважыліся адзінкі. І наогул, цалкам небеспадстаўна лічылася, што апрача ўругвайскай зборнай ды яшчэ суседзяў-аргентынцаў шанцаў тут ня мае практычна ніхто. Памяталі трыюмфы мясцовай каманды на папярэдніх Алімпіядах і самі эўрапейцы. Затое вось фінал Уругвай-Аргентына на навюткім стадыёне «Сэнтэнарыё» сабраў у Монтэвідэа амаль сто тысяч фанаў...

Але вернемся да матчу Францыя-Мэксыка. На 19-й хвіліне гульні Ляран адкрыў лік, а ўжо на 26-й хвіліне поле з-за траўмы пакінуў брамнік французаў Тэпо, месца якога заняў абаронца Шантрэль (замены тады яшчэ не дазваляліся). Французаў гэта, аднак, не зьбянтэжыла, і да перапынку Лянжыё і Машыно павялічылі лік да 3:0 на карысьць эўрапейцаў. На 70-й хвіліне мэксыканцу Карэньё ўдалося скараціць разрыў — але незадоўга да фінальнага сьвістку зноў вызначыўся Машыно: гульня скончылася разгромам зборнай Мэксыкі: 4:1.

У наступнай гульні супраць зборнай Аргентыны, дзе Францыя саступіла 0:1, Ляран быў траўмаваны ўжо ў першым тайме. Той чэмпіянат запомніўся шмат каму яшчэ і страшэннай грубасьцю і нізкім узроўнем судзейства. У трэцім матчы супраць чылійцаў, таксама прайграным, Ляран ужо наогул ня выйшаў на поле.

У выніку ў паўфінал таго першынства з эўрапейцаў трапілі толькі футбалісты Югаславіі, дзе з буйным лікам прайгралі аргентынцам. А чэмпіёнам, як вядома, стаў Уругвай. Што да гульнёвай кар’еры Лярана, то яна працягвалася да 1946 году. За зборную Францыі ён згуляў дзесяць матчаў і забіў два галы. Другая сусьветная вайна засьпела яго гульцом «Страсбуру», ён быў прызваны ў войска, трапіў у палон, выйшаў на волю... Вайна яшчэ ішла, але што дзіўна: у футбол усё адно гулялі, і ня толькі ў Кіеве, але і ў Бэзансоне, дзе Ляран зрабіўся гуляючым трэнэрам мясцовага клюбу...

Пасьля заканчэньня кар’еры ён пражыў яшчэ ні многа ні мала — 59 гадоў. Ці памятаў ён, 97-гадовы стары, перад сьмерцю той гол?

«Кожны раз адно і тое самае, — бурчаў ён у апошнім інтэрвію. — Як забіваў, як забіваў... Памятаю, ясная справа. Тэпо выбіў мяч на Шантрэля, той на Лібэраці, той абыграў абаронцу, навесіў — і я з ходу ўпячатаў мяч у кут. Мне і ў галаву не прыйшло, што гэты гол нейкі гістарычны...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG