Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніну Багінскую аштрафавалі на 2,5 мільёна

абноўлена

Ніна Багінская ў судзе
Ніна Багінская ў судзе

Суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў Ніну Багінскую вінаватай і аштрафаваў яе на 25 базавых велічынь (2,5 мільёна рублёў). Актывістку затрымалі 25 сакавіка каля Чырвонага касьцёлу Менску.

На судзе выступіў сьведка-міліцыянт Сяргей Савугін, які, згодна з пратаколам, затрымліваў Ніну Багінскую. Але сама Ніна Багінская сказала, што затрымліваў яе ня гэты чалавек, а намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Маскоўскага раёну Алег Бегуноў. Ён жа зламаў дрэўка сьцяга і забраў сам сьцяг.

Адвакат заявіла, што няма дадзеных пра тое, што Ніна Багінская выкрыквала палітычныя лёзунгі і стаяла ў пікеце, і папрасіла суд спыніць справу.

Сьведка Ганна Шапуцька пацьвердзіла паказаньні Ніны Багінскай, што была малітва, а не пікет.

«Для мяне бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сьвятыня. Надалей буду хадзіць са сьцягам на малітвы», — заявіла Ніна Багінская ў апошнім слове.

Багінская: «Іншага я і не чакала, бо ўлада не зьмянілася. Як была рэпрэсіўная, гэтак і засталася. Бо яна душыць усё нацыянальнае, усё роднае. Усё, што нам гістарычна дорага, тое яна і ганіць.

Пакараньне, што далі, для мяне адчувальна. Бо мая пэнсія 1800 тысяч рублёў, а тут 2,5 мільёна штрафу. Але я ўжо 18 гадоў жыву пры гэтай рэпрэсіўнай уладзе, ня першы раз караюць. Напэўна, казна пустая, бо, каб даць мне пэнсію, трэба яе забраць. Што зробіш, трэба трываць.

Але лічу, калі мы маем чалавечы гонар, то трэба супраціўляцца».

Ніна Багінская: «Трэба трываць і супраціўляцца»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:45 0:00

Ніна Багінская разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг падчас малітвы каля скульптуры сьвятога арханёла Міхала, якую праводзілі грамадзкія актывісты ў гонар 95-х угодкаў Беларускай народнай рэспублікі.

Ніну Багінскую адвезьлі ў міліцыю Маскоўскага раёну, дзе забралі сьцяг і пашпарт, а затым адпусьцілі.

26 сакавіка Ніна Багінская мелася забраць свой пашпарт у міліцыі, але на жанчыну склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні і адвезьлі ў суд.

Падчас працэсу актывістка страціла прытомнасьць і патрапіла ў шпіталь. Ніну Багінскую вінавацяць паводле артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу аб несанкцыянаваным правядзеньні масавай акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG