Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Багінская зьбіраецца скардзіцца на міліцыю ў пракуратуру


Ніна Багінская
26 сакавіка так і не аднавіўся адміністрацыйны працэс па справе Ніны Багінскай, які пачаўся 25 сакавіка. Перарваўся ён з-за таго, што актывістка страціла прытомнасьць і яе завезьлі «хуткай дапамогай» у шпіталь. «Калі працэс адновіцца, зьвестак не даем», — кажуць у канцылярыі Маскоўскага суду Менску.

Ніну Багінскую затрымалі ў Дзень Волі ля Чырвонага касьцёла ў Менску. Актывістка падчас малітвы ў гонар 95-х угодкаў БНР разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг. Але сьцяг у яе адабралі супрацоўнікі міліцыі. Прычым, паводле Ніны Багінскай, якой 67 гадоў, яе моцна штурханулі і зламалі дрэўка сьцяга. Актывістку затрымалі й адвезьлі ў Маскоўскі РУУС, дзе пратрымалі да вечара і забралі пашпарт.

Раніцай 26 сакавіка Ніна Багінская прыйшла ў Маскоўскі РУУС, але замест таго каб аддаць жанчыне пашпарт, на яе склалі адміністрацыйны пратакол нібыта за удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.

Увесь дзень спадарыня Багінская знаходзілася ў райаддзеле міліцыі. Ёй забаранялі тэлефанаваць сваякам і знаёмым, трымалі ў «малпятніку» разам з затрыманымі хуліганамі. А 17-й гадзіне актывістку павезьлі ў суд і каля 18-й гадзіны пачалі судзіць. Вядома, што супраць Ніны Багінскай сьведчыў міліцыянт Аляксандар Давыдзік.

Неўзабаве пасьля пачатку працэсу спадарыня Багінская страціла прытомнасьць. Актывістка кажа, што апрытомнела, калі ляжала на лаўцы, а ёй на твар лілі ваду.

Міліцыянты выклікалі ў суд «хуткую дапамогу», якая забрала актывістку ў 5-ты шпіталь сталіцы. Адтуль а 21-й гадзіне Ніну Багінскую адпусьцілі дахаты.

Сёньня, 26 сакавіка, Ніна Багінская казала, што захварэла і выклікала дадому лекара. У Ніны Багінскай была тэмпэратура 38 градусаў. Жанчына мяркуе, што ў яе грып. Зь міліцыі ці з суду ёй цягам дня не званілі. Ніна Багінская згадвае, што ў судзе міліцыянты пыталіся ў лекараў «хуткай дапамогі», зь якой яны брыгады і ў які шпіталь яе павязуць. Актывістка мяркуе, што суд над ёй усё ж давядуць да канца. Днямі Ніна Багінская зьбіраецца аднесьці ў пракуратуру скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія лічыць незаконнымі.

Удзельнікі масавых акцыяў і імпрэзаў, якія ладзяць прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў, ведаюць Ніну Багінскую ў твар дзякуючы яе прынцыповасьці што да бел-чырвона-белай сымболікі. Ніна Багінская заўсёды на ўсіх акцыях зьяўляецца зь бел-чырвона-белым значкам, стужкай ці сьцягам, як было 25 сакавіка. За гэта яе шмат разоў затрымлівалі міліцыянты. У Маскоўскім судзе на працэсе над актывісткай гучалі зьвесткі пра яе затрыманьні цягам году.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG