Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыйдзе «сланцавая рэвалюцыя» ў Беларусь?


Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
У Беларусі пачнуць пошук радовішчаў сланцавага газу. Як паведаміў 4 красавіка прадстаўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, летась быў заключаны канцэсійны дагавор тэрмінам на 10 гадоў з кампаніяй, зарэгістраванай у Швэйцарыі, на выкананьне працаў па пошуку радовішчаў сланцавага газу. Якія пэрспэктывы знайсьці ў Беларусі багатыя радовішчы сланцавага газу? Ці можа ён у пэрспэктыве стаць альтэрнатывай расейскаму прыроднаму газу? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальніца газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

Цыганкоў: «Па ўсім сьвеце спэцыялісты ў галіне энэргетыкі шмат кажуць пра сланцавую рэвалюцыю, пра тое, што сланцавы газ можа замяніць прыродны. У суседняй Польшчы знайшлі багатыя радовішчы, якія могуць забясьпечыць краіну сланцавым газам на дзесяцігодзьдзі. Ці існуе такая пэрспэктыва для Беларусі?»

Манёнак: «Наколькі я ведаю, раней у навукоўцаў былі даволі скептычныя меркаваньні наконт наяўнасьці ў Беларусі сланцавага газу. Відаць, сапраўды патрэбныя новыя сучасныя тэхналёгіі, каб знайсьці гэтыя радовішчы.

Але тое, што Беларусь пачала гэты праект — гэта вельмі пахвальна. Іншая справа — трэба разумець, што сланцавы газ, пасьля таго як будуць укладзеныя вялікія інвэстыцыі ў яго здабычу — ня будзе вельмі танным, асабліва ў першыя гады.

Трэба разумець, што эўрапейцаў і амэрыканцаў стымулюе найперш дарагі кошт расейскага прыроднага газу. А Беларусь купляе расейскі газ па самых танных у Эўропе цэнах, і трэба разумець, што гэта зьніжае матывацыю беларускіх уладаў шукаць альтэрнатывы».

Цыганкоў: «Аднак магчыма, што тыя самыя новыя тэхналёгіі зробяць у свой час здабычу сланцавага газу больш эфэктыўнай? І ўлічваючы тое, што яго ня трэба ніадкуль дастаўляць — сланцавы газ можа стаць таньнейшым за прыродны, ці ня так?»

Манёнак: «Гэта даволі спэцыфічны бізнэс. Ведаю, што палякі сапраўды вельмі моцна разьлічваюць на сланцавы газ. Аднак і там эколягі ўжо вельмі хвалююцца, бо гэтая здабыча нясе пэўную небясьпеку для экалёгіі. Таму трэба даволі акуратна займацца такімі праектамі.

Вельмі важна, што Беларусь мае нерэфармаваную, малаэфэктыўную эканоміку. Яна спажывае газу з кожным годам усё больш і больш, дзякуючы таму, што ён даволі танны. Трэба найперш дбаць пра новыя тэхналёгіі спажываньня энэргарэсурсаў, пра ўключэньне мэханізмаў матывацыі, эканоміі і гэтай далей».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG