Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ямал — Эўропа-2: у беларусаў не спыталі, палякаў паставілі перад фактам

абноўлена

Газаправод Ямал — Эўропа
Газаправод Ямал — Эўропа

Кантроль над газатранспартнай сыстэмай Беларусі дазваляе расейскаму боку вярнуцца да замарожаных некалі праектаў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў пра магчымасьць будаўніцтва другой ніткі газаправоду Ямал — Эўропа. З пракладкай альтэрнатыўных маршрутаў падачы газу эўрапейскім спажыўцам «Паўночны паток» і «Паўднёвы паток» Масква адмовілася ад нарошчваньня транзыту празь Беларусь. Аднак пасьля прыватызацыі газатранспартнага прадпрыемства «Белтрансгаз» небясьпека форс-мажорных абставінаў, зьвязаных з тым, што Менск мог дыктаваць свае ўмовы, аўтаматычна адпала.

У справаздачы Ўладзімеру Пуціну кіраўнік канцэрну «Газпром» Аляксей Мілер нагадаў: з гледзішча лягістыкі перапампоўваньне прыроднага газу на захад праз тэрыторыю Беларусі — найбольш эканамічна выгаднае. Пасьля таго як «Газпром» стаў аднаасобным уладальнікам «Белтрансгазу», «труба» атрымала расейскую прапіску, што дазваляе пастаўляць газ да самай Польшчы без транзытных выдаткаў:

«Мы прапрацавалі варыянт будаўніцтва газаправоду з тэрыторыі Беларусі з разуменьнем таго, што сёньня транзыт празь беларускую тэрыторыю па газаправодзе Ямал — Эўропа-1 для нас самы эканамічна эфэктыўны. Газатранспартная сыстэма на сёньняшні дзень знаходзіцца ва ўласнасьці „Газпрому“, і для нас самы эфэктыўны з пункту гледжаньня лягістыкі менавіта гэты маршрут пастаўкі газу нашым эўрапейскім спажыўцам. Будзе 100-працэнтная надзейнасьць, бо, калі казаць пра пастаўкі газу ў Польшчу, мы будзем фактычна пастаўляць са сваёй „газпромаўскай“ трубы на мяжы Польшчы. Па сутнасьці, гэта бестранзытны варыянт».
Калі казаць пра пастаўкі газу ў Польшчу, мы будзем фактычна пастаўляць са сваёй „газпромаўскай“ трубы на мяжы
Аляксей Мілер

У сваю чаргу, Уладзімер Пуцін адзначыў, што пры рэалізацыі праекту здымуцца ўсе заклапочанасьці «польскіх сяброў» і падвысіцца надзейнасьць забесьпячэньня газам Вугоршчыны і Славаччыны. Праўда, афіцыйная Варшава на ініцыятыву Крамля адрэагавала досыць скептычна. Міністар дзяржаўнай казны Мікалай Будзаноўскі заявіў, што рашэньне аб пракладцы другой ніткі газаправоду праз тэрыторыю Польшчы знаходзіцца ў кампэтэнцыі польскага ўраду, аднак кіраўніцтва Расеі нават не паставіла партнэраў у вядомасьць. Да таго ж, Польшча не зацікаўленая падвышаць узровень залежнасьці ад «Газпрому» і працуе ў кірунку дывэрсыфікацыі паставак.

Мікалай Будзаноўскі
Мікалай Будзаноўскі
Будзаноўскі: «Я б хацеў выразна сказаць, што адзіная фірма, якая можа будаваць транзытныя газаправоды на тэрыторыі Польшчы, гэта дзяржаўная фірма «Газсыстэм». Тое, ці трэба будаваць нейкую дадатковую інфраструктуру дзеля транзыту праз Польшчу, ёсьць сувэрэнным рашэньнем польскага ўраду і гэтай фірмы. Такое рашэньне ня будзе прымаць ані «Газпром», ані чужы ўрад. Ад 2004 году мы зьяўлемся сябрам Эўразьвязу і будзем вырашаць такія пытаньні самастойна. Гэта па-першае, а па-другое, застаецца адкрытым пытаньне ці зьяўляецца эканамічна апраўданым павелічэньне ўзроўню імпарту расейскага газу ў краіны ЭЗ. Калі прааналізаваць 2011-2012 гады, дык мы бачым хутчэй зьніжэньне імпарут расейскага газу ў ЭЗ на 10 мільярдаў кубамэтраў. Таму такі праект – даволі сумнеўны з эканамічнага пункту гледжаньня бо дзеля ягонай рэалізацыі патрэбныя вялікія сродкі. Я ня бачу, дзе ў Эўропе можна было б выкарыстаць чарговыя 15 мільярдаў кубамэтраў расейскага газу».

Але самае галоўнае, што Польшча ў пэрспэктыве можа цалкам адмовіцца ад расейскага газу. Паводле ацэнак Геалягічнага інстытуту Польшчы, запасы сланцавага газу ў краіне перавышаюць 5 трыльёнаў кубамэтраў. Пры штогадовай патрэбе на ўзроўні 15 мільярдаў кубамэтраў прыродныя радовішчы забясьпечаць сыравінную незалежнасьць палякаў на шмат дзесяцігодзьдзяў наперад. Засталося толькі здабыць стратэгічны рэсурс з найменшымі выдаткамі.

Паводле экспэртаў, на арганізацыю эканамічна стратных паўночнага і паўднёвага маршрутаў падачы газу Масква пайшла з-за ненадзейнасьці партнэраў — Беларусі і Ўкраіны. Менск і Кіеў ня раз выкарыстоўвалі трубу ў якасьці зброі палітычнага шантажу ды несанкцыянавана забіралі аб’ёмы, прызначаныя для спажыўцоў у іншых краінах. Паводле зьвестак, калі «Паўночны паток» па дне Балтыйскага мора абышоўся Расеі ў суму блізу 7 мільярдаў даляраў, то Ямал — Эўропа-2 пацягне ледзь не ўтрая меней — 2,5 мільярда. Пасьля набыцьця 100% акцыяў «Белтрансгазу» Расея зьняла ўсе пытаньні па Беларусі, і цяпер праз газавыя кошты цісьне на Кіеў, каб паводле гэткага ж сцэнару нэўтралізаваць украінскі «Нафтагаз».

Колішні супрацоўнік «Белтрансгазу» Аляксандар Мех кажа, што для Расеі абодва «патокі» маюць найперш іміджавае значэньне, і выдаткі на рэалізацыю абодвух праектаў насамрэч не такія сур’ёзныя, калі ўлічваць магчымыя страты ад зрыву кантрактаў па віне транзытэраў:

«Што да фінансавых стратаў, то, у прынцыпе, яны апраўданыя. Фінансавыя рызыкі адыходзяць на другі плян, калі паўстаюць стратэгічныя пытаньні. Цяпер усе глядзяць у будучыню. Гэтаксама і расейцы глядзелі ў будучыню. І тое, што яны распачалі з Паўночным і Паўднёвым патокамі, то са свайго боку яны ўсё зрабілі абсалютна правільна. Укладаньне тых грошай, якое ўжо мела месца, для іх разьвязала шмат праблемаў як у стасунках зь Беларусьсю, так і з Украінай. Гэткі прэвэнтыўны ўдар супраць шантажу, перакрыцьця газавых засланак і г.д. Тут трэба заўсёды глядзець, што перасьледуе адзін бок, другі бок, чаго яны ўрэшце намагаюцца дасягнуць, нават такімі вось нібыта неапраўданымі праектамі».

Летась «Газпром» перавёў апошнія траншы за акцыі «Белтрансгазу», які ў выніку абышоўся расейскаму боку ў 5 мільярдаў даляраў. Многія спэцыялісты лічаць, што расейцы пераплацілі. Зь іншага боку, дзякуючы зьдзелцы Масква атрымала непасрэдны выхад да заходніх рубяжоў, пазбавіўшыся транзытных нюансаў. А вось для Беларусі, як кажа экспэрт у энэргетычнай галіне Станіслаў Гусак, фінал больш сумны: выручаныя сродкі ўжо фактычна праедзеныя, а кавалак незалежнасьці страчаны. І нават у выпадку рэалізацыі праекту Ямал — Эўропа-2 Беларусь ад гэтага ня будзе мець ніякіх дывідэндаў:
Як вядома, той, хто захапіў жыцьцёва важную інфраструктуру, той захапіў тэрыторыю

«Вельмі шкада, што доля беларускага народа ў гэтай імпэрыі — гэта доля беднага народа, народа-жабрака, таннай абслугі, нейкага раба. Як і мае быць ва ўмовах калёніі. Юрыдычна Расея, зразумела, пакіне за Беларусьсю голас у ААН, дзесьці яшчэ ў падкантрольных ёй жа структурах, але фактычна Расея ўжо захапіла амаль усю стратэгічную беларускую інфраструктуру і працягвае сваю экспансію. А як вядома, той, хто захапіў жыцьцёва важную інфраструктуру, той захапіў тэрыторыю. Сёньня расейская геапалітыка чытаецца менавіта так. На жаль, думкі вельмі пэсымістычныя».

Аднак пляны Крамля могуць быць моцна парушаныя. Калі кіраўніцтва Польшчы так і ня знойдзе аб’ектыўных падставаў пускаць праз сваю тэрыторыю другую нітку газаправоду Ямал — Эўропа, амбітныя праекты Масквы могуць быць згорнутыя яшчэ на пачатковым этапе: без удзелу Польшчы новы газаправод бессэнсоўны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG