Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка VS Ісус Хрыстос


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі
«Бээнэфавец» і краснадзярэўшчык з Івянца Вінцэнт Солтан распавёў пра сваю суседку. Кабета сталага веку, вельмі набожная, не прапускае ніводнага парафіяльнага сьвята, ня кажучы пра агульнакасьцёльныя.

А ў Вінцэнта чарга заказчыкаў. За год людзі запісваюцца. І Вінцэнт часам улягае ў сваёй сталярні без выхадных і прахадных. А суседка на яго шыпіць за тое, што працуе ў нядзелю – абражае ейныя рэлігійныя пачуцьці.

Напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў Вінцэнт сустрэў суседку, якая вярталася з касьцёлу, і запытаўся:

– Калі б у бюлетэні было два кандыдаты: Лукашэнка і пан Езус, за каго б ты прагаласавала?

– За Лукашэнку, канечне!

– ?!!!

– Пан Езус толькі навучаў, а Лукашэнка мне пэнсію плаціць.

***

Калі абіралі новага Папу, беларусы прадэманстравалі вялікі выбарчы азарт, прынамсі у байнэце.

– Ня ўсё згублена, -- камэнтавалі ў сацсетках. – Рэфлексы засталіся!

Выбары Папы – падзея вельмі рэдкая. Працэдура таемная, таму для палёту фантазіі ў зацікаўленых шмат магчымасьцяў. Калі ўлічыць, што ўласна з рыма-каталіцкім касьцёлам сябе асацыюе ня больш за 20% дарослага насельніцтва, то азарт заўзятара выяўляе значна большая ад намінальных каталікоў колькасьць беларусаў.

Гэта як з Днём сьмеху. Калі пытаесься, чаму ў беларусаў кепскавата з гумарам, дык адказваюць, што ня ўсё так беспэрспэктыўна:

– З маіх назіраньняў, у асяродзьдзі замежнікаў беларусы часта вясёлыя, і тролі ў харошым сэнсе ў параўнаньні зь іншымі.

Як толькі можна паўдзельнічаць у чымсьці не сваім, то бок, за што не нясеш адказнасьці, беларусы робяцца жвавымі і вясёлымі.

У Ваўкавыску аднойчы сталая кабета прыйшла параіцца з ксяндзом-пробашчам:

– Ойча, грашу. Езус казаў любіць усіх. А я ненавіджу аднаго вусатага чалавека. Як толькі бачу ў тэлевізары, не магу стрымацца, шлю праклёны.

Ксёндз-пробашч:

– Выключы тэлевізар, і не грашы.

Выключы ТВ (шырэй – усе мас-мэдыя), гэта як выключы сябе з грамадзкага жыцьця, якое табе прапануецца.

Хто тут выйграе? Той, хто пазбавіўся яшчэ аднаго актыўнага грамадзяніна з прынцыповай пазыцыяй, ці той, хто пазбавіўся атруты, якая псавала нэрвы, а значыць здароўе?

***

Дзядзька-будаўнік распавёў пра паход на Велікодную імшу ў Чырвоны касьцёл:

– Мянты ў шапках сядзелі.

І каля касьцёлаў і каля праваслаўных цэркваў на вялікія рэлігійныя сьвяты мноства міліцыі. Стаяць аўтазакі. Людзі з рацыямі сядзяць у храмах.

Хто бачыў інаўгурацыю Папы, памятае, што людзей у форме ў кадры не было. Мы можам толькі здагадвацца пра маштаб апэрацыі па ахове Папы Рымскага. Пра ўсю тую колькасьць работнікаў паліцыі і спэцслужбаў, якіх задзейнічалі для аховы як самога Папы, так і вернікаў.

Але нішто не адцягвала ўвагу людзей ад тэмы і сэнсу падзеі.

Калі ты прыходзіш у храм на Вялікдзень, і бачыш як унутры бажніцы сядзяць міліцыянты ў шапках, апроч нэгатыву нічога не адчуваеш. Чужыя людзі, якія не паважаюць твае пачуцьці. А тут вядзецца пра любоў да бліжняга.

Рэлігія ў цэлым і вера як такая – тое, чаго ня можа кантраляваць Лукашэнка.

Дзьве кабеты-парафіянкі. Адна верыць у запаветы, другая – у пэнсію. Калі чалавек верыць – ён непераможны.

Калі ТВ выключанае, самая галоўная барацьба адбываецца ў сэрцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG