Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арэнда, якая зьнішчае бізнэс


Ад 1 красавіка зноў падвышаная базавая арэндная велічыня, гэтым разам — адразу больш чым у 1,5 раза. Прыватнікі, якія арандуюць гандлёвыя і офісныя плошчы, кажуць, што будуць вымушаныя закладаць выдаткі ў кошт тавару. Шмат хто прадказвае хвалю банкруцтваў.

Апошні год базавая арэндная велічыня складала 54 тысячы рублёў і бралася за аснову пры вызначэньні кошту «кватараваньня» бізнэс-структур на дзяржаўных плошчах. Ад сёньня гэты паказьнік падвышаны да 86 тысяч рублёў. Паводле намесьніка дырэктара цэнтру абароны правоў уласнасьці Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ігара Ледніка, найперш такое павелічэньне сьведчыць пра адсутнасьць рынкавых рэформаў. Па яго словах, дзяржава і надалей хоча зарабляць не на мадэрнізацыі вытворчасьці, а на рэнце:

Ігар Леднік
Ігар Леднік
«Гэтая велічыня да бізнэсу прывязаная, вядома, вельмі моцна. Прадпрымальнікі з гэтай нагоды нават рыхтавалі агульны зварот, каб пад ім падпісаліся бізнэс-саюзы, але, як бачым, ніякага плёну тое не дало. Справа ў тым, што шмат хто зарабляе на арэндзе. Я маю на ўвазе перадусім дзяржаўныя прадпрыемствы, якія зацікаўленыя ў высокай стаўцы арэнды, бо многія і жывуць толькі дзякуючы здачы плошчаў у арэнду. Вельмі доўга і марудна гэтая праблема вырашаецца. Але бяда ў тым, што ў нас, скажам так, выразна рэнтаарыентаваная эканоміка, якая працуе і трымаецца на такіх вось рэнтах. Таму яны і зацікаўленыя ўвесь час стаўкі падвышаць, усяляк тармозячы рэформы, якія намагаемся прасоўваць мы. Вельмі шкада, што так усё складваецца, бо зараз шмат бізнэсу можа папросту ляснуць».

У першую чаргу, як кажа спадар Леднік, навацыі закрануць тых прыватнікаў, якія арандуюць вытворчыя магутнасьці ці офісы ў дзяржаўных арганізацыяў ці прадпрыемстваў. Камэрцыйныя гандлёвыя цэнтры збольшага прывязаныя да ставак у валюце, памер якіх пасьля некалькіх пратэставых акцыяў рэгулюецца пры ўдзеле прадпрымальніцкіх радаў. Але, паводле суразмоўцы, на гэтай хвалі ўласьнікі, хутчэй за ўсё, таксама захочуць адкарэктаваць тарыфы ў бок павелічэньня:

«Найперш пад новыя стаўкі падпадаюць офісы, майстэрні, складзкія памяшканьні на прадпрыемствах. Таксама тыя, хто займаецца вытворчасьцю — фірмы, якія ня маюць уласных памяшканьняў, а бяруць у арэнду прамысловыя плошчы. Чаму заўсёды і ўздымаецца пытаньне, каб ва ўласнасьць пераводзілі тую нерухомасьць, якую прадпрымальнікі арандавалі на працягу некалькіх гадоў. Мала таго, было нават вызначана, што гэта тэрмін ня меней за тры гады, цягам якога яны валодаюць на правах арэнды. Але ўсё пакуль завісла. Гэта, дарэчы, у той жа дырэктыве № 4 запісана: пасьля трох гадоў перадаваць ва ўласнасьць. На жаль, дзяржаўныя структуры не ідуць на гэта».

Ня гледзячы на захады, якія ўскладняюць існаваньне прадпрымальніцкім структурам, чыноўнікі сьцьвярджаюць, што дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу. У гэтым зьвязку індывідуальны прадпрымальнік Канстанцін Каламіец перакананы: бакам трэба больш прыслухоўвацца адзін да аднаго, каб нарэшце выпрацаваць стратэгію мірнага і ўзаемавыгаднага суіснаваньня:

Канстанцін Каламіец
Канстанцін Каламіец
«Тут ня трэба быць вялікім эканамістам ці глыбокім прафэсіяналам: калі ў 1,5 раза нейкі паказьнік расьце, ён адназначна адаб’ецца на пагаршэньні фінансавага стану кампаніі. Зь іншага боку, нядаўна прызначаны кіраўніком Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры прэзыдэнце Пракаповіч актыўна пазыцыянуе сябе рухавіком прагрэсу: маўляў, трэба прадаваць ва ўласнасьць, прадпрымальнікі гэта падтрымліваюць і г.д. То бок свой пункт гледжаньня абазначыў, і дзесьці, ня выключана, мусіруецца гэтае пытаньне. У частцы фінансава-крэдытнай сфэры выказаліся прэзыдэнт і прэм’ер-міністар. Як той казаў, багатым можна стаць двума спосабамі: трэба альбо шмат зарабляць, альбо мала траціць. Таму складнікі па арэндзе, па коштах крэдытных рэсурсаў, якія таксама растуць, па падатках, якія сёньня таксама непад’ёмныя, — усё гэта спосабы зэканоміць, з аднаго боку, і зьнізіць плянку пастаянных і пераменных выдаткаў для прадпрымальнікаў — з другога. Тут павінны быць нейкія комплексныя рашэньні, і нават ня ведаю, ці правільна штосьці камэнтаваць на стадыі, калі канчаткова яшчэ нічога не вядома».

Тым часам актывіст прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік не выключае: пакуль прыватнікі будуць чакаць кроку насустрач з боку дзяржавы, шмат каму нічога не застанецца, як дачасна заявіць пра сваё банкруцтва:

«Хтосьці закладзе чарговыя непрагназаваныя выдаткі ў кошт прадукцыі, але хтосьці папросту ня здолее далей працаваць, таму што самі пакупнікі гэтыя выдаткі ўжо ня змогуць пацягнуць. На жаль, гэта ж ня рынкам усё рэгулюецца. Бо калі дзяржаўныя ўстановы, непасрэдна тыя чыноўнікі, якія даюць такі загад, „забіваюць“ такую велічыню арэнды, яны ж не вылічваюць, як гэтая арэнда адаб’ецца на канчатковых коштах для пакупнікоў. Таму ўжо сам рынак будзе далей рэгуляваць сытуацыю: хтосьці ня зможа канкураваць, хтосьці сыдзе. У любым выпадку шмат будзе непажаданых наступстваў. Тым больш, цяпер гэта праблема ня толькі ўнутраная. Проста беларускі крызіс яшчэ больш будзе накладацца на ўсеагульны эканамічны крызіс».

У базе дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэгістру Беларусі налічваецца крыху больш за 250 тысяч дзейных індывідуальных прадпрымальнікаў і амаль 170 тысяч дзейных юрыдычных асобаў. Значная частка ад гэтай колькасьці мае арэндныя абавязаньні перад дзяржаўнымі структурамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG