Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы пікетуюць амбасаду Беларусі ў Кіеве


Каля 40 прадстаўнікоў украінскіх нацыянальна-патрыятычных партый і арганізацый патрабуюць вызваліць затрыманых у Менску актывістаў.

Трое грамадзян Украіны, актывістаў арганізацыі «Нацыянальны альянс» учора былі затрыманыя ў Менску. Юлію Грышчук і Юлію Сьлівінскую сёньня маюць судзіць у Савецкім раённым судзе Менску, іх непаўналетняга сябра Назара Зеліноўскага перададуць бацькам.

Як паведамляе Інтэрфакс-Украіна, каля будынку беларускай амбасады ў Кіеве на вуліцы Міхаіла Кацюбінскага сабраліся актывісты аб’яднаньня «Свабода», Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў, УНА-УНСО. У руках яны трымаюць партыйныя і дзяржаўныя сьцягі.

Удзельнікі пікету пратэстуюць супраць затрыманьня ўкраінцаў і беларускіх грамадзян падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску і патрабуюць іх вызваленьня.

Яны лічаць, што «рэгулярныя арышты грамадзянаў Украіны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь справакаваныя імпэрскімі сіламі і накіраваныя на разрыў спрадвечнай украінска-беларускай дружбы».

Украінскія нацыяналісты таксама патрабуюць вызваліць шэраг беларускіх палітычных зьняволеных.

У звароце, які раздалі журналістам, удзельнікі акцыі віншуюць беларускую нацыю са сьвятам 95-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі і жадаюць «брацкаму беларускаму народу стаць сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі».

Акцыя праходзіць спакойна, парадак забясьпечваюць каля дзясятка праваахоўнікаў, якія сталі шэрагам насупраць уваходу ў будынак амбасады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG