Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залунаў дух 2011 году


Тых, хто неяк сочыць за працэсамі ў беларускай эканоміцы, апошнія весткі ня вельмі абнадзейваюць.

Складзкія запасы за два месяцы новага году вырасьлі на 34%. Паводле падлікаў Яраслава Раманчука, чысты прыбытак за студзень 2013 г. у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года скараціўся на 31,4%, рэнтабэльнасьць продажаў зьменшылася з 10% да 6,5%, колькасьць стратных прадпрыемстваў вырасла на 16,6%, сума іх чыстых стратаў павялічылася на 79,7%. Плюс высокая інфляцыя, скарачэньне золатавалютных рэзэрваў. А яшчэ Расея не дала Лукашэнку крэдыт. На гэтым тле Нацбанк не знайшоў нічога лепшага, як панізіць стаўку рэфінансаваньня на 1,5%. Гэта значыць, што прыцягальнасьць банкаўскіх укладаў зьменшыцца.

Цалкам лягічна, што ўсе гэтыя паведамленьні толькі павялічваюць інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні беларусаў. Насельніцтва напружваецца, углядаецца ў эканамічную інфармацыю, бо баіцца паўтарэньня 2011 году. Той крызіс двухгадовай даўніны меў сваім наступствам адну цікавую зьяву. Ён моцна павысіў эканамічную, фінансавую пісьменнасьць грамадзян. Каго да той пары цікавілі такія экзатычныя для абывацеля рэчы, як стаўка рэфінансаваньня ці аб’ём золатавалютных рэзэрваў? А цяпер шмат людзей уважліва сочаць за гэтымі парамэтрамі. Бо гэта — сыгналы, індыкатары, паводле якіх прымаецца рашэньне, што рабіць з грашыма, якія ляжаць на банкаўскіх дэпазытах.

Каб супакоіць насельніцтва, уладам трэба было б зрабіць шэраг крокаў. Напрыклад, як калісьці ў канцы 2008 году, павесьці Лукашэнку ў падвалы Нацбанку, каб ён перад тэлекамэрамі пасядзеў на залатых зьлітках. Можа, карысьці гэта дало б і няшмат, але ж і шкоды вялікай таксама б не было.

Лукашэнка — палітык, які мысьліць не стратэгічна, а тактычна. Дакладней, ён жыве сёньняшнім днём, глядзіць толькі на некалькі месяцаў наперад

Але, як часта бывае зь беларускімі ўладамі, з усіх магчымых варыянтаў яны выбралі найгоршы. Яны не прыдумалі нічога лепшага, як выпусьціць да мэдыяў Пятра Пракаповіча. Той правёў прэсавую канфэрэнцыю ў сваім фірменным стылі, сьвяціўся шчырым аптымізмам, упэўнена распавядаў пра выдатныя пэрспэктывы беларускай эканомікі. І адразу над краінай залунаў дух 2011 году. Адразу ж прыгадалася, як тады, перад самым фінансавым крызісам, Пётар Пятровіч з сваёй незраўнанай усьмешкай клятвенна запэўніваў беларускі народ, што ніякай дэвальвацыі ня будзе, абменны курс рубля да канца году застанецца стабільным.

Калі б гэта было толькі маё ўражаньне, было б паўбяды. Але, гледзячы па рэакцыі на розных інтэрнэт-сайтах, Пётар Пракаповіч даўно стаў для беларусаў сымбалем ня толькі эканамічнага крызісу, але і разгубленасьці, недзеяздольнасьці ўладаў, а таксама вялікага ашуканства. Шмат хто, слухаючы цяперашняга віцэ-прэм’ера, лавіў сябе на думцы, што ўсё будзе якраз наадварот.

Калі ж абстрагавацца ад псыхалёгіі і разважаць прагматычна, браць пад увагу толькі цынічны палітычны разьлік, то, магчыма, для ўладаў было б рацыянальным правесьці дэвальвацыю беларускага рубля менавіта ў 2013 годзе. Гэта самы просты спосаб разгрузіць склады, забясьпечыць станоўчае гандлёвае сальда (бо дэвальвацыя павялічвае экспарт і скарачае імпарт), рост валавых паказчыкаў.

Бо для Лукашэнкі цяпер пунктам адліку стаў 2015 год — час прэзыдэнцкіх выбараў. Праводзіць дэвальвацыю ў год выбарчай кампаніі ці нават у папярэдні было б вельмі небясьпечна з гледзішча электаральнай падтрымкі. А калі Расея ня выдзеліць новага крэдыту, то гэта якраз і можа здарыцца.

для Лукашэнкі цяпер пунктам адліку стаў 2015 год — час прэзыдэнцкіх выбараў

А 2013 год для дэвальвацыі — самы раз. Узровень жыцьця, заробкі абваляцца, але потым пачнуць расьці, і гэта будзе працягвацца два гады запар. І якраз на піку гэтага росту правесьці прэзыдэнцкія выбары. Як вядома, дрэннае хутка забываецца, а беларускі досьвед паказвае, што падвышэньне заробкаў стымулюе і павялічэньне рэйтынгу. Чым благі варыянт?

Але ў пляне рэалізацыі такога сцэнару ёсьць адна праблема. Лукашэнка — палітык, які мысьліць не стратэгічна, а тактычна. Дакладней, ён жыве сёньняшнім днём, глядзіць толькі на некалькі месяцаў наперад. І кожны раз мяркуе неяк выкруціцца з непрыемнай сытуацыі. І, самае дзіўнае, пакуль яму гэта ўдавалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG