Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот ці ўдзел: успамін пра будучыню


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Спрэчкі пра байкот-удзел абрыдлі, здаецца, усім. Што не зьніжае іх імпэту і палкасьці. Сваю аргумэнтацыю на карысьць удзелу выказаў нядаўна калега Валер Карбалевіч. Пры гэтым ён прывёў шэраг мэтафарычных аналёгіяў, патрывожыўшы нават цень князя Астроскага, пераможца ў бітве пад Воршай.

Між тым, здаецца, нашмат больш дакладныя аналёгіі можна знайсьці значна бліжэй – у нашай найноўшай гісторыі. У чым асноўныя аргумэнты прыхільнікаў байкоту? Выбараў няма (бо пры Лукашэнку іх не было), належнага доступу да СМІ ў незалежных і апазыцыйных кандыдатаў няма, атмасфэра рэпрэсій і гвалту перашкаджае свабоднаму волевыяўленьню, і нарэшце – у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазыцыі ці нават проста незалежных людзей няма, усім кіруе Ярмошына -- «чалавек прэзыдэнта» -- паводле яе самавызначэньня, якая выдае на гара патрэбны, загадзя вызначаны вынік. Удзел у такіх выбарах – фарс і легітымізацыя рэжыму. Усе пералічыў, нічога не забыў?

А зараз перанясемся ў 1989-1990 гады, у часы абраньня народных дэпутатаў СССР і Вярхоўнага Савету БССР ХІІ скліканьня, імем і зьдзяйсьненьнямі якога клянуцца цяперашнія прыхільнікі байкоту. І пойдзем па пунктах.

Доступ да СМІ: цяпер кандыдатам у дэпутаты хоць па 5 хвілінаў даюць, а кандыдатам у прэзыдэнты дык нават і больш, на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах дык нават і ў прамым эфіры ТБ. Было гэта тады? Не, не было. Тая ці іншая газэта магла недзе надрукаваць інтэрвію, маглі «нефармалаў», як нейкае дзіва, запрасіць разок падчас выбараў у нейкую перадачу на ТБ, але рэгулярнага, абавязковага доступу да СМІ ў спаборнікаў за мандаты не было і блізка. І нават не ў галаве было, што нехта тое абавязаны даць. Атрымалася прарвацца са сваім словам хоць у заводзкую шматтыражку – і дзякаваць Богу.

Атмасфэра выбараў: калі хто забыў – красавік 1989 году, Тбілісі, сапёрныя лапаткі, студзень 1990 году, Баку, танкі, кінутыя супраць Народнага Фронту Азэрбайджану, студзень 1991 году, Вільня, танкі на вуліцах і людзі, што загінулі пад іх гусяніцамі. А краіна, між іншым, была адна, уключна і зь Вільняй, і з Баку, і з Тбілісі, і зь Менскам. Праўда, надзвычай была спрыяльная, свабодная грамадзкая атмасфэра выбараў?

Ну і пра выбарчыя камісіі, пра працэдуру, пра падлік. Зараз хоць жменьку апазыцыянэраў дэкаратыўна ўключаюць у парачку камісій, дзе яны, зразумела, ніякага надвор'я ня робяць. А тады, калі хто забыў ці ня ведае, і ў думках такога не было – уключаць нейкіх староньніх асобаў у склад камісій. Маглі, па недаглядзе партыі, патрапіць нейкія недастаткова правераныя людзі, але прынцып, што альтэрнатыва павінна неяк быць прадстаўленая ў тых камісіях, не адстойваўся нават той самай альтэрнатывай.

Што да досьведу, то ізноў жа нагадаю тым, хто забыўся ці ня ведае, што не 19 гадоў, як зараз, а прынамсі 70 доўгіх гадоў да 1989 году выбарчая машына ў СССР працавала так, як і ня сьнілася Лідзіі Ярмошынай, яна проста ўзор сумленнасьці на тле сваіх савецкіх папярэднікаў. Дык і ў 1989-1991 гадах галасы лічылі тыя ж самыя людзі, што і раней. Так – як высьветлілася aposteriori, менавіта ў гэтыя гады ў працы той машыны нешта разладзілася. Але гэта высьветлілася потым, калі апазыцыянэры пайшлі на выбары і атрымалі перамогу.

І нарэшце наконт легітымнасьці. Тут заднім лікам наагул выдатная нагода для практыкаваньняў у сучаснай прабайкотнай рыторыцы. Зараз размовы пра ўладу Масквы над Беларусьсю – збольшага мэтафары. А тады, ізноў жа нагадаю, БССР і палітычна, і юрыдычна, і ўсяляк інакш была проста правінцыяй адзінай краіны, кіраванай з Масквы. І вось людзі, якія называлі і называюць сябе беларускімі патрыётамі, пнуліся пралезьці ня тое, што ў марыянэткавы ворган імпэрскага кіраваньня – ВС БССР, а ў самае, што называецца, імпэрскае кубло, на зьезд дэпутатаў крыважэрнага СССР, які растаптаў БНР і зладзіў Курапаты. Ну і хіба гэта не было легітымізацыяй усіх імпэрскіх жахаў, хіба не было прызнаньнем, замацаваньнем імпэрскага панаваньня над Беларусьсю, і хіба не заслугоўвалі людзі, якія ішлі на гэта, званьня псэўдаапазыцыянэраў і здраднікаў?

Не, не заслугоўвалі. На мой погляд. А на погляд шаноўных апанэнтаў – ня ведаю. Ад іх тут патрабуецца лоўкі інтэлектуальны кульбіт. Калі тыя, хто ідзе на выбары зараз – здраднікі, дурні і легітыматары рэжыму, то ўсіх гэтых тытулаў па праву годныя за ўдзел у выбарах 1989-1990 гадоў Зянон Пазьняк і яго паплечнікі. А калі тагачасны БНФ і іншыя дэмакраты ішлі на выбары, каб скарыстацца магчымасьцямі, які даваў савецкі рэжым, каб яго зьмяніць – то такі матыў апраўдвае і сучасных апазыцыянэраў, якія спрабуюць скарыстацца магчымасьцямі, якія дае цяперашняя ўлада, з тымі ж прыкладна мэтамі.

О, зусім забыўся – пра паўнамоцтвы тагачасных парлямэнтаў. А разьмеркаваньне паўнамоцтваў (да выбараў) тады было простае, як аглобля – 6 артыкул Канстытуцыі, кіруючая і накіроўваючая роля партыі. А ўсе Саветы – банцік збоку ў партыі. Так, пасьля абраньня тых Саветаў сытуацыя зьмянілася, але хто мог гарантаваць, што так будзе?

А вось уявіце сабе, каб тады апазыцыя горда сказала – не, мы ў гэтых фальшывых выбарах ня ўдзельнічаем (а яны сапраўды паводле ўмоваў, як было паказана вышэй, былі фальшывыя, умовы тады былі горшыя, чым цяпер у Беларусі), толькі байкот, Буш, Коль, дзе вашы каштоўнасьці, мы патрабуем, каб вы націснулі на Гарбачова (можаце дзеля разнастайнасьці – на першага сакратара ЦК КПБ Малафеева), і прымусілі іх правесьці сапраўды свабодныя і справядлівыя выбары. Вось тады ўжо мы... У несвабодных жа выбарах удзельнічаць – гэта ганьба, фарс і легітымацыя, хіба ня так?

Ну і як бы глядзелі ўсе – і народ, і КПСС, і тыя ж Буш з Колем – на тых прынцыповых людзей? Пэўна, плячыма б сьцепанулі ў самым лепшым для гэтых маральных рыгарыстаў выпадку. Дык можа і зараз рэакцыя насамрэч такая ж?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG