Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч: «Чакаем папу на беларускай зямлі»


Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч

«Католікі Беларусі з удзячнасьцю Богу і надзеяй прынялі абраньне новага папы. Яны выказваюць яму сваю пашану і паслухмянасьць, бачаць у ім Добрага Пастыра, які павядзе іх у новы час і будзе іх духоўна падтрымліваць. Мы чакаем сустрэчы з новаабраным папам на беларускай зямлі».

Гэтак заявіў у звароце да духавенства і вернікаў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі з нагоды абраньня новага пантыфіка Францішка кіраўнік беларускага касьцёла арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт Кандрусевіч зазначыў, што ён асабіста знаёмы з новым папам:

«Папа Францішак I нарадзіўся ў Аргентыне ў 1936 годзе, атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне ў 1969 годзе, біскупам стаў у 1992 годзе, кардыналам — у 2001-м. Асабіста я меў магчымасьць спаткацца зь ім некалькі разоў. Адзін са сьвятароў архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс працаваў і далей працуе пробашчам у Ніжнім Ноўгарадзе, і адсюль маё знаёмства з новым папам».

Мітрапаліт Кандрусевіч зазначыў, што «Францішак зьяўляецца першым папам-езуітам, першым папам з Лацiнскай Амэрыкi і першым папам, які абраў сабе такое імя»

«Ён прафэсар тэалёгіі, чалавек малітвы і вялікай пакоры, мужны абаронца традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і сацыяльнай справядлівасьці».

Мітрапаліт зьвярнуўся да беларускіх вернікаў:

«У гэтую ўрачыстую хвіліну заклікаю ўсіх вас, сьвятары, кансэкраваныя асобы і верны народ, сваімі малітвамі і прыкладам жыцьця падтрымліваць новага пантыфіка Францішка I. Гэта наш, як веруючых, сьвяты абавязак. Мы называем папу Сьвятым Айцом, гэтым самым мы падкрэсьліваем сваю сыноўную адданасьць яму».

Зварот будзе зачытаны ва ўсіх касьцёлах Беларусі 17 сакавіка.

У інтэрвію парталу catholic.by мітрапаліт Кандрусевіч сваім асаблівым спадзяваньнем з нагоды абраньня новага папы назваў «ажыцьцяўленьне так доўга чаканага візыту пантыфіка ў Беларусь. Тым больш, што папа Францішак I у сваёй першай прамове Гораду і Сьвету сказаў, што з гэтага дня ў яго распачынаецца новы шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові паміж ім і народамі».

Апрача таго мітрапаліт выказаў спадзеў на «далейшае разьвіцьцё адносін з Апостальскім Пасадам і Касьцёлам у іншых краінах сьвету, а таксама разьвіцьцё Касьцёла ў нашай краіне, асабліва ў галіне яго аднаўленьня ў духу Другога Ватыканскага Сабору».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG