Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытыка за паводзіны на пахаваньні Чавэса


Кансэрватыўныя ісламскія колы Ірану крытыкуюць прэзыдэнта краіны за яго паводзіны падчас пахаваньня прэзыдэнта Вэнэсуэлы Ўга Чавэса: на пахаваньні Махмуд Ахмадзінэжад трымаў за руку і абдымаў маці Чавэса Алену Фрыяс, каб суцешыць яе.

На фотаздымках, разьмешчаных на некаторых іранскіх навінных сайтах і шырока распаўсюджаных у сацыяльных сетках, бачна, як Фрыяс абапіраецца на Ахмадзінэжада, як яны трымаюцца за рукі і яна плача.

Між тым, згодна з ісламскім канонам, мужчына і жанчына, якія не зьяўляюцца сваякамі, не павінны дакранацца адзін да аднаго. Іранскія чыноўнікі і дыпляматы абмяжоўваюцца паклонамі, замест таго, каб паціскаць руку замежным калегам жаночага полу.

Некаторыя кансэрватыўныя палітыкі крытыкуюць Ахмадзінэжада, кажучы, што ў Каракасе ён парушыў нормы ісламу.

Дэпутат парлямэнту Махмуд Пурфатэмі сказаў, што духоўнае кіраўніцтва краіны павінна асудзіць прэзыдэнта і забараніць яму рабіць якія б то ні было «антыісламскія» крокі. Іншы дэпутат выказаў меркаваньне, што паводзіны «вышэйшай службовай асобы выканаўчай улады» не былі годнымі.

Ахмадзінэжад публічна не адрэагаваў на крытыку за яго паводзіны падчас пахаваньня.

Дэпутат Мухамэд Муртаедзіні, які езьдзіў у Каракас з Ахмадзінэжадам, адмаўляе, што прэзыдэнт абняў маці Чавэса. Паводле дэпутата, гэты фотаздымак няправільна інтэрпрэтуецца і абдымкаў не было. Ахмадзінэжад, сказаў Муртаедзіні, проста не хацеў пакрыўдзіць пачуцьці маці Чавэса, якая назвала іранскага прэзыдэнта «сынам».

Між тым, асуджэньне паводзінаў і заяваў Ахмадзінэжада працягваецца.

У паведамленьні, якое было апублікаванае на ягоным сайце на мінулым тыдні, Ахмадзінэжад заявіў, што ён быў упэўнены, што Чавес вернецца ў сьвет жывых разам зь Ісусам Хрыстом і імамам Махдзі, які, паводле шыіцкай рэлігійнай дактрыны, сышоў у падпольле, але аднойчы зьявіцца, каб прынесьці справядлівасьць у сьвет.

9 сакавіка аятала Мухамэд Яздзі, чалец Асамблеі рэлігійных экспэртаў, параіў Ахмадзінэжаду ўстрымацца ад камэнтароў па рэлігійных пытаньнях.

Апошні раунд крытыкі Ахмадзінэжада адбываецца на фоне барацьбы за ўладу паміж прэзыдэнтам і яго магутнымі кансэрватыўнымі апанэнтамі на чале з духоўным лідэрам Ірану аяталой Алі Хамэнэі.

Другі, апошні прэзыдэнцкі тэрмін Ахмадзінэжада сканчаецца ў жніўні сёлета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG