Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плаціць гатовыя — але ці стане лепш дзецям?


Пастановай Савету міністраў ад 1 сакавіка на 50% падвышаецца плата за харчаваньне дзяцей у дзіцячых садках за кошт бацькоў.

У дашкольных установах гэта называюць неабходнай умовай, каб дзеці мелі збалянсаванае харчаваньне. Бацькі гатовыя плаціць і больш, але пры ўмове, што грошы будуць выкарыстоўвацца належным чынам.

Кошт утрыманьня дзіцяці ў ясьлях за дзень складае цяпер 5400 рублёў, у сярэдніх і старэйшых групах — 6512 рублёў. Фактычна гэта цана адной булачкі. А за гэтыя грошы трэба арганізаваць дзіцяці чатырохразовае харчаваньне, кажа загадчыца дзіцячага садку ў мікрараёне Сухарава Тацяна Лукашэвіч:

«Мы папросту ня ў стане купіць добрае харчаваньне для дзяцей, бо кошты ўвесь час растуць — самі ж бачыце. І таму мы маглі б нешта лепшае прыгатаваць, а пачынаем з таго, што эканомім на самых дарагіх і якасных прадуктах. Але пазыцыя вельмі многіх людзей такая, што любое падвышэньне коштаў — калі магчыма яго зьняславіць, то яны абавязкова гэта зробяць. Пэўна, мэнтальнасьць яшчэ такая, што людзі не разумеюць — за якасьць трэба плаціць. А зь іншага боку, заробкі нізкія ня толькі ў нас, а ў вельмі многіх людзей. Таму, пэўна, усё роўна падвышэньне аплаты для многіх людзей будзе балючым».

Загадчыца аднаго зь дзіцячых садкоў у цэнтры сталіцы таксама выказваецца за падвышэньне коштаў на харчаваньне дзяцей і называе гэтую меру пэўным разьвязаньнем толькі часткі праблемаў у дашкольных дзіцячых установах:

«У супрацоўнікаў дзіцячых садкоў вельмі нізкія заробкі, і пытаньне гэтае стаіць вельмі востра. Да прыкладу, у мяне ў садку тры гады ёсьць вакантная пасада, і ніхто на яе ня хоча ісьці. Няма кухара, няма выхавацелек у некаторых групах. Таму б не зашкодзіла, каб з абодвух бакоў было дададзена грошай: і з боку бацькоў, і з боку дзяржавы».
Не зашкодзіла, каб з абодвух бакоў было дададзена грошай: і з боку бацькоў, і з боку дзяржавы

Ініцыятарам падвышэньня платы за харчаваньне дашкольнікаў стаў віцэ-прэм’ер ураду Анатоль Тозік, які выступіў з такой прапановай напрыканцы студзеня. Цяпер бацькі аплачваюць 40% ад агульнага кошту харчаваньня дзіцяці, шматдзетныя сем’і маюць зьніжкі яшчэ напалову. У адпаведнасьці з новай урадавай пастановай памер платы для ўсіх зараз павялічыцца на 50%.

5-гадовая Яна Вінярская наведвае апошнюю групу ў дзіцячым садку, а таму яе бацька Генадзь — адзін з тых людзей, каго новыя правілы закрануць непасрэдна. Генадзь Вінярскі кажа, што гатовы плаціць за дачку і большыя грошы:

«Кошты растуць на ўсё, і на прадукты харчаваньня, з аднаго боку. А зь іншага — і заробкі ў людзей хоць як, але растуць. Магчыма, што ня так ужо рэзка трэба было падвышаць, але калі мінулы раз падвышаліся кошты, то і якасьць харчаваньня лепшала. Дзіця прыносіла дахаты і цукеркі, і мандарыны — так заўсёды лепшае напачатку, пазьней ужо выроўніваецца. Ну, і па-другое — гэта ўсё ж такі дзеці — калі сабе будзеш штосьці ашчаджаць, то для дзіцяці разаб’есься, але апошняе аддасі. Ну, а што тычыцца той катэгорыі людзей, якая нібыта ня мае грошай, то для іх і сто тысяч праблема, бо ў іх грошы на іншыя патрэбы ідуць».
Важна, каб дзеці атрымлівалі на гэтыя грошы якаснае харчаваньне, а ня толькі аўсянку

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у залежнасьці ад тыпу дашкольнай установы і ўзросту дзіцяці цяпер бацькі плацяць ад 136 да 214 тысяч рублёў за месяц. У выніку падвышэньня коштаў гэтыя сумы павялічацца адпаведна да 200 і 300 тысяч рублёў. Юрыстка праваабарончай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў Марына Каліноўская кажа, што бацькі яшчэ ня скардзіліся на ўрадавую ініцыятыву і звычайна не наракаюць, калі становішча дзяцей паляпшаецца на практыцы:

«Мы бачым, што цэны на прадукты харчаваньня папраўдзе павышаюцца. І мне падаецца, што ня варта казаць пра тое, што толькі дзяржава павінна ўсё аплачваць. Падаецца цалкам лягічным, што бацькі бяруць удзел у аплаце харчаваньня сваіх дзяцей. Важна, каб была сыстэма кантролю і дзеці адпаведна атрымлівалі на гэтыя грошы якаснае харчаваньне — і садавіну, і гародніну, а ня толькі аўсянку. Мне падаецца вельмі важным, як гэтыя грошы пасьля выкарыстоўваюцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG