Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хворыя сіроты: бяз шанцаў на сям’ю


Паводле афіцыйнай статыстыкі, 24 тысячы дзяцей у Беларусі — сіроты. Яны выхоўваюцца ў інтэрнатах, дзіцячых дамах і вёсках, прыёмных і апякунскіх сем’ях. 5 тысяч сіротаў ніколі не знаходзяць прыёмных бацькоў. Тым часам з 2004 году ў Беларусі на заканадаўчым узроўні зьведзена да мінімуму ўсынаўленьне беларускіх сіротаў грамадзянамі замежных краін.

З 2005 году — амаль за 8 гадоў — грамадзяне Беларусі ўсынавілі 7 тысяч дзяцей-сіротаў з больш чым двух дзясяткаў тысяч. Астатнія застаюцца ў дамах-інтэрнатах сямейнага тыпу, іншых дзяржаўных установах і апякунскіх сем’ях. Усынаўленьне грамадзянамі замежных краін зьведзена цяпер да мінімуму, паведаміла прадстаўніца Міністэрства адукацыі ў пытаньнях усынаўленьня Галіна Рудзянкова:

«У нас у 2004 годзе зьмянілася заканадаўства, і з 2004 году мы маем права працаваць толькі з тымі краінамі, зь якімі існуюць міждзяржаўныя дамовы ў пытаньнях міжнароднага ўсынаўленьня. Гэтыя дамовы павінны прадугледжваць усе мэханізмы кантролю за становішчам дзяцей і абарону дзяцей. Мы не працуем са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, паколькі ў нас няма такой міждзяржаўнай дамовы, а таму ў нас з ЗША няма праблемаў. І перамоваў пра такія дамовы не вядзецца, бо для нашай краіны гэтае пытаньне не актуальнае. Тая ўзроставая група, якая цікавіць замежных усынавіцеляў, яна ня ў меншай ступені цікавіць і беларускіх — гэта дзеці-дашкольнікі. Таму ў нас няма патрэбы ў паслугах замежных усынавіцеляў для гэтай узроставай катэгорыі. На сёньня Рэспубліка Беларусь заключыла такую дамову з Італьянскай рэспублікай. Але гаворка не вядзецца пра сотні альбо тысячы, гаворка вядзецца пра адзінкі альбо пра дзясяткі дзяцей, у якіх склаліся добрыя адносіны з італьянскімі сем’ямі ў працэсе аздараўленьня. Таму што дзіця адчувае сябе чальцом сям’і і сям’я адчувае дзіця сваім чальцом».

Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй, 2006
Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй, 2006
Гэткім чальцом італьянскай сям’і адчула і адчувае сябе цяпер былая выхаванка дзіцячага дому ў Вялейцы Віка Мароз. Сваёй дачкой лічыла яе і італьянская сям’я Алесандра Джуста і Марыі-К’яры Барначын. Удачарыць дзяўчынку ім забаранілі, і ў 2007 годзе ўлады Беларусі прымусова вярнулі яе на радзіму. Дзяўчынцы цяпер 16 гадоў, яна працягвае выхоўвацца разам са сваім братам Аляксандрам у прыёмнай сям’і Васілеўскіх у Жодзіне і марыць вярнуцца да сваіх італьянскіх бацькоў:

Карэспандэнтка: «Віка, скажы, калі ласка, у якой клясе ты вучысься?»

Віка: «У дзявятай».

Карэспандэнтка: «Кім хочаш быць?»

Віка: «Пасьля дзявятай клясы пайду вучыцца на швачку».

Карэспандэнтка: «Ці памятаеш ты сваіх італьянскіх бацькоў?»

Віка: «Вядома».

Карэспандэнтка: «Калі-небудзь стэлефаноўваецеся?»

Віка: «Так, яны тэлефануюць».

Карэспандэнтка: «Размаўляеце па-італьянску, не забылася мову?»

Віка: «Па-італьянску, вядома. Не забылася».

Карэспандэнтка: «Пра што размаўляеце?»

Віка: «Ды пра ўсё. Пра жыцьцё, як я тут».

Карэспандэнтка: «А ці хацела б ты да іх паехаць?»

Віка: «Вядома, вядома, зьбіраюся. Зьбіраюся ехаць пасьля 18 гадоў. Пакуль не атрымаю прафэсію швачкі, то не паеду. Бо калі тут не адвучуся, то давядзецца вучыцца там, а гэта будзе крыху складана. Хачу атрымаць прафэсію швачкі, бо там добрых спэцыялістаў мала — страчана тэхніка шыцьця. Дык вось адвучуся і пасьля паеду туды».

Карэспандэнтка: «Хочаш адпачываць туды паехаць ці жыць?»

Віка: «Жыць».

Карэспандэнтка: «А цяперашнія твае бацькі цябе падтрымліваюць, згодныя, што ты зьбіраесься ехаць у Італію жыць? Што яны кажуць?»

Віка: «Кажуць, што трэба быць там, куды цябе сэрца кліча. Яны нават рады, што я паеду і што мы будзем разам. І нават калі атрымаецца і я паеду туды, я ж іх таксама забываць ня буду».



Гэткім чынам, у беларускіх апякунскіх сем’ях і дзіцячых дамах сямейнага тыпу выхоўваюцца каля 19 тысяч дзяцей. Прымаць у свае сем’і дзяцей-сіротаў у якасьці паўнавартасных чальцоў беларускія грамадзяне не сьпяшаюцца, а грамадзянам Італіі цяжка гэтага дамагчыся нават паводле дзейнай дамовы паміж Беларусьсю і Італіяй, распавяла дырэктарка аднаго зь дзіцячых дамоў у Менску:

«На ўсынаўленьне ў нас ідзе вельмі малая колькасьць дзяцей. Магчыма, што
Італьянцы дзесяць гадоў зьвярталіся сюды па ўсынаўленьне — ім усё не дазвалялі

не дазваляе матэрыяльны дабрабыт. Бо калі дзіця ідзе ў апякунскую сям’ю, то чалавек атрымлівае заробак, захоўваюцца ільготы. А калі дзіця ўсынаўляюць, то — усё, ніякіх ільготаў: ні на паступленьне, ні на жытло. Таму ў нас, да прыкладу, сёлета ніводнага ўсынаўленьня не было. Апошні прыклад — летась дзяўчынку ў Італію ўсынавілі. Яна ўжо вялікая была, гэтая сям’я яе змалку на аздараўленьне прымала, яны практычна выгадавалі гэтую дзяўчынку. Яны дзесяць гадоў зьвярталіся сюды па ўсынаўленьне — ім усё не дазвалялі. Нарэшце, так бы мовіць, іх мара збылася — яны яе забралі, ужо дарослай».

Ні на радзіме, ні тым больш за мяжой не знаходзяць прыёмных бацькоў 5 тысяч дзяцей, якія вырастаюць у дзяржаўных інтэрнатах. Чаму гэтыя дзеці так і застаюцца безь сям’і, кіраўніца Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня Натальля Пасьпелава паведаміць адмовілася. Але вось што адзначыла прадстаўніца прэсавай службы Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна:

«У асноўным гэта хворыя дзеці і дзеці, якім больш за 10 гадоў, — старэйшыя дзеці. Ну, і трэба памятаць, што кожнае трэцяе дзіця-сірата мае двух і больш братоў ці сясьцёр, гэта дзеці з шматдзетных сем’яў. А ў нас цяпер ідзе такая тэндэнцыя, каб сіротаў усынаўлялі ў адну сям’ю ці бралі ў адзін дом сямейнага тыпу — каб іх не разлучалі».

Беларускія сем’і, якія бяруць дзяцей-сіротаў у апякунства, акрамя праблемаў матэрыяльнага характару, спатыкаюцца таксама са сваволяй і ціскам адміністрацыйных структур. Таму многія ня важацца гадаваць дзіця супольна зь дзяржавай, кажа кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Добрая воля» Леанід Скорабагаты:

«Мы займаемся праблемай сіроцтва ўжо некалькі гадоў, і сытуацыя ў гэтай справе ўвесь час мяняецца: то ўсім даюць магчымасьць усынавіць дзіця і нават
цягам першых пяці гадоў пасьля выхаду з інтэрнату ці дзіцячага дому да 90% выпускнікоў пачынаюць сьпівацца, ужываюць наркотыкі

навязваюць: маўляў, калі ўзяў аднаго, то бяры яшчэ чатырох, то забараняюць гэта рабіць. І вось так увесь час — з гары на гару. Гэта па-першае. Па-другое, дзеці ў апякунскіх сем’ях лічацца на сталым дзяржаўным забесьпячэньні. Але гэтае „забесьпячэньне“ — гэта галодны паёк. І колькі гэтае пытаньне ні падымалі, на бацькоў толькі ціснуць, што калі будзеш абурацца — забяром дзяцей. Дзяцей там увогуле могуць перастаўляць зь месца на месца, нібыта мэблю. Пры гэтым усім большая частка дзяцей застаецца ўсё ж неўладкаванай. У Беларусі няма статыстыкі, альбо яна закрытая. Але ёсьць у Расеі і на Ўкраіне — думаю, што ў нас адбываецца тое ж. Дык вось, цягам першых пяці гадоў пасьля выхаду з інтэрнату ці дзіцячага дому да 90% выпускнікоў пачынаюць сьпівацца, ужываюць наркотыкі, пасьпяваюць стварыць сваю сям’ю, разбурыць яе і пакінуць сваіх ужо дзяцей у сірочых дамах, чыняць правапарушэньні і садзяцца ў турму — гэтак ламаецца іх жыцьцё. Словам, яны выходзяць не падрыхтаваныя да жыцьця. Калі ж сіроты трапляюць у сям’ю, то іх жыцьцё складаецца зусім па-іншаму, бо ёсьць падтрымка і дапамога бацькоў. Вось чаму гэтак важна, каб дзеці выхоўваліся ў сям’і».

Кожны дзень у Беларусі зьяўляецца 11 новых дзяцей-сірот. Штогод іх набіраецца каля 4 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG