Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малітва Pussy Riot не пачутая і праз год


«Pussy Riot: панк-малебен» Майка Лернэра і Максіма Паздароўкіна (Фота: www.sundance.org)
«Pussy Riot: панк-малебен» Майка Лернэра і Максіма Паздароўкіна (Фота: www.sundance.org)

Праз год пасьля пратэстнага «панк-набажэнства» Pussy Riot у маскоўскім храме Хрыста Збаўцы сытуацыя са свабодай слова ў Расеі толькі пагоршылася. Пра гэта гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі Amnesty International, прымеркаванай да гадавіны акцыі.

«Новыя законы, прынятыя пасьля пратэстнай акцыі Pussy Riot, далі расейскім уладам калясальныя паўнамоцтвы, якія выкарыстоўваюцца супраць некамэрцыйных арганізацый і палітычных актывістаў, што ідзе насуперак абавязацельствам краіны па выкананьні міжнароднага права ў сфэры правоў чалавека», — заявіў Джон Далхузэн, дырэктар праграмы Amnesty International па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

«Тым часам Надзея Талаконьнікава і Марыя Алёхіна па-ранейшаму застаюцца за кратамі, удалечыні ад сваіх сем’яў, ад сваіх малалетніх дзяцей, — дадаў праваабаронца. — Мы працягваем заклікаць расейскія ўлады неадкладна вызваліць вязьняў сумленьня».

На думку Кацярыны Самуцэвіч, якая выйшла на свабоду, тое, што Талаконьнікава і Алёхіна па-ранейшаму пазбаўленыя свабоды, зьяўляецца «паказной жорсткасьцю» і «запалохваньнем».

Паводле Далхузэна, у расейскіх уладаў ёсьць яшчэ адзін шанец выправіць памылкі, дапушчаныя ў справе Pussy Riot — пры разглядзе просьбы дзяўчат аб умоўна-датэрміновым вызваленьні. «Улады павінны выкарыстоўваць гэтую магчымасьць, каб Надзея Талаконьнікава і Марыя Алёхіна выйшлі на свабоду», — сказаў Джон Дальхузен.

17 жніўня Хамоўніцкі суд прысудзіў кожную з трох удзельніц групы Pussy Riot да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму па артыкуле «хуліганства» за панк-малебен «Багародзіца, Пуціна прагані» ў Храме Хрыста Збаўцы. У кастрычніку суд зьмяніў пакараньне адной з удзельніц групы Кацярыне Самуцэвіч на ўмоўны тэрмін.

Самі дзяўчаты не прызналі сваёй віны, заявіўшы, што іх акцыя ў храме была накіравана ня супраць вернікаў, а супраць «зрошчваньня РПЦ і ўлады», хаця ў часе судовага разбору прынесьлі прабачэньні вернікам за тое, што закранулі іх рэлігійныя пачуцьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG