Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: прысуд Васільеву, суд за зьбітага школьніка, шорт-ліст прэміі Гедройца


Падзеі, якія сёньня маюць адбыцца ў Беларусі, і сёньняшні дзень у гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

11 лютага стане вядомы кароткі сьпіс прэтэндэнтаў на сёлетняга ляўрэата літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Заяўкі падавалі аўтары сарака трох кніг, якія былі выдадзеныя ў 2012 годзе. Зь іх месяц таму журы склала сьпіс з дванаццаці намінантаў. Гэта Сяргей Балахонаў, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава, Адам Глобус, Паліна Качаткова, Уладзімер Някляеў, Андрэй Пакроўскі, Алесь Пашкевіч, Людміла Рублеўская, Юры Станкевіч, Уладзімер Сьцяпан і Андрэй Федарэнка. Сёньня гэты сьпіс скароціцца напалову. Сярод намінантаў кніга «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» зь Бібліятэкі Свабоды.

Сёньня ж у Менскім абласным судзе маюць абвясьціць прысуд былому намесьніку старшыні Менгарвыканкаму Ігару Васільеву. Пракурор папрасіў для Васільева 15 гадоў зьняволеньня. Чыноўніку нібыта перадалі 250 тысяч даляраў хабару.

Тым часам суд Фрунзэнскага раёну Менску пачынае разглядаць справу супраць кіроўцы Porsche Cayenne, які насьмерць зьбіў 9-гадовага школьніка каля СШ № 23. 37-гадоваму кіроўцу, імя якога дагэтуль невядомае, пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

11 лютага 1807 — нарадзіўся беларускі мастак і кампазытар Напалеон Орда.



11 лютага 1959 у Менску адкрыўся Дзяржаўны цырк.

11 лютага 1989 у Беластоку створаны Беларускі клюб (старшыня Юры Туронак), які даў пачатак сучаснаму беларускаму палітычнаму руху ў Польшчы.

ЦЫТАТА ДНЯ


«Калі пачалася вайна, я знаходзіўся ў Дукштах — цяпер гэта ўсходняя Літва, некалькі кілямэтраў ад мяжы з Беларусьсю. Для нас вайна пачалася 1 верасьня 1939 году. А на ўсходзе Беларусі ніякай вайны не адчувалася. Вялікая Айчынная... Гм... Для мяне ніякай Вялікай Айчыннай гэтая вайна ніколі не была. Для насельнікаў Прыбалтыкі, Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны, што сталі часткаю СССР ў 1939–1940-х гадах, гэта была і ёсьць Другая Ўсясьветная вайна. Але лягічна, што для жыхароў Усходняй Беларусі яна была Вялікай Айчыннай, калі лічыць, што для іх Савецкі Саюз быў адной вялікай айчынай. Думаю, тут справа ня толькі тэрміналёгіі. Гэтае пытаньне можна разглядаць па-рознаму. Я лічу, што больш правільная назва — Другая Ўсясьветная вайна».

Юры Туронак
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG