Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая зьняволеная: «У турме ў мяне надоўга зьніклі месячныя»


Турма «Штазі» ў Баўтцэне
Турма «Штазі» ў Баўтцэне

«У турме ў мяне спыніліся месячныя. Цыкл аднавіўся няхутка. Зьнявагі і псыхалягічныя катаваньні я адчувала пастаянна. Мне пачалі сьніцца кашмары, якія час ад часу сьню і цяпер».

Гэтыя словы належаць 69-гадовай Эдзе Шонгэрц, да 1974 папулярнай у ГДР тэлевядоўцы, ад 1974 па 1977 год арыштантцы турмы «Штазі». Гэтыя словы, сьведчаць праваабаронцы, сёньня могуць паўтарыць і былыя зьняволеныя беларускі.

Пра лёс колішняй усходненямецкай тэлевядоўцы, пра беларускія паралелі і пра бэрлінскі музэй-мэмарыял, па якім цяпер водзіць экскурсіі фраў Шонгэрц — далей у нашай праграме.


«Не музэй, дык выставы»


Цяпер жа працягнем абмяркоўваць ідэю стварэньня турмы-музэю, выказаную ў турэмным дзёньніку анархіста Ігара Аліневіча. Пасьля суду і шасьці месяцаў утрыманьня ў СІЗА КДБ, асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі палітвязень у чаканьні этапу на «Валадарку», а потым у Наваполацкую калёнію, напісаў:

«Збылося. Разьвітваюся з сукамэрнікамі, кешэр-шмон, фармальныя працэдуры. Вядуць да бусіка. Абарочваюся, аглядваю гэтае месца, наскрозь прасякнутае пакутамі, горам, адчаем. „Амэрыканка“… Калі-небудзь тут будзе музэй».

«Зразумела, такі музэй ня можа ўзьнікнуць пры сёньняшняй уладзе», — перакананыя ўдзельнікі нашай перадачы і тыя, хто піша ў нас на форуме. Аднак чаму ж не памарыць пра тое, якія экспанаты могуць быць у такім мэмарыяле, або пра тое, якім гэты музэй павінен быць — палітычным ці агульным, прысьвечаным усім беларускім вязьням?

Зьміцер Каляда: «Калі гаворка пра экспанаты, то за імі справа ня стане — прадметы побыту, усялякія рэчы, якія належалі ЗК, лягерныя шыльды, кшталту — „На свободу с чистой совестью!“ ці „В каждом человеке можно найти что-то хорошее, если хорошо его обыскать“. Цікавыя лісты, вырабы. Дакладныя запіскі, у тым ліку і ад сэксотаў, рапарты — адным словам, дакумэнты. Нават і камэру ШЫЗА ці карцэра ў натуральную велічыню можна інсталяваць! Ды шмат чаго можна! Вось толькі пры цяперашняй уладзе гэта немагчыма, бо не абыдзесься без таго, што вялікая частка экспанатаў будзе прысьвечана менавіта ёй ды са знакам „мінус“».

А вось меркаваньне наведніка пад нікам «Мінак». Ён таксама лічыць, што пры сёньняшняй уладзе такі музэй рабіць немагчыма, аднак усялякія невялічкія выставы на тэму — вельмі актуальныя:

«Дагэтуль былі выставы лістоў палітвязьняў, здаецца, у БНФ паказвалі карціны аднаго мастака… Але ж можна выставіць і шмат чаго іншага. Нейкія копіі позваў, пратаколаў… Паказаньні былых кандыдатаў на прэзыдэнта, якія сядзелі ў „Амэрыканцы“… Тыя ж кнігі, напісаныя ў турме і былымі асуджанымі».

Міхалевіч апісвае катаваньні ў СІЗА КДБ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00
Наўпроставы лінк


пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:19 0:00
Наўпроставы лінк


Удзельнік нашай праграмы, экс-кандыдат на прэзыдэнта на выбарах-2010 Рыгор Кастусёў, які правёў у СІЗА КДБ «суткі», — таксама за музэй у «Амэрыканцы», аднак за тое, каб экспазыцыі былі прысьвечаныя ня толькі «палітычным», але і «эканамічным» асуджаным — з такімі ён кароткі час праседзеў у камэры.

Кастусёў: «Зразумела, тут без палітыкі абысьціся немагчыма. Я бачу гэты музэй разьмеркаваным на эпохі: пэрыяд пасьля прыходу Саветаў і да другой усясьветнай вайны, часы пасьляваенныя і цяперашнія, пачатак 21 стагодзьдзя. Павінна быць экспазыцыя пра „эканамістаў“… Нярэдка гэтыя людзі трапляюць за краты ў выніку нагавораў, сфальсыфікаваных спраў».

На сустрэчу з нашым карэспандэнтам Рыгор Кастусёў узяў копіі розных сьледчых пратаколаў, якія настаяў, каб выдалі яму ў СІЗА КДБ.
Рыгор Кастусёў пра ідэю музэя турмы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00
Наўпроставы лінк


Сталая ўдзельніца форумаў «Свабоды ў турмах» Алёна лічыць, аднак, што музэй такога кшталту павінен быць па-за «палітыкай», бо ў беларускай турме «цяжка ўсім».

«Наша грамадзтва ўсё часьцей сутыкаецца з тэмай турмы ды зьняволеных, а таму гатовае да зьяўленьня такога музэю. Вось толькі я асабіста катэгарычна супраць таго, каб музэй стаў чарговым стогнам па нашых палітычных зьняволеных! Нікога не хачу пакрыўдзіць, і перш за ўсё — хлопцаў-анархістаў, але ўжо парадкам надакучыла чуць толькі пра палітвязьняў і нічога — пра звычайных асуджаных. Трэба нарэшце зразумець, што палітычныя — кропля ў моры тых, хто за кратамі! І ўмовы ўтрыманьня ў палітычных таксама далёкія ад умоваў для звычайных асуджаных, як неба ад зямлі!»



Ахвяры гэдээраўскіх і беларускіх турмаў — пра псыхасаматычныя наступствы стрэсу


Псыхалягічны стрэс, абумоўлены турэмным зьняволеньнем, выклікае зьмены ў жыцьцёва важных сыстэмах арганізму, піша ў сваёй кніжцы колішні вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі. Чарговыя старонкі ягонай кнігі, якую мы штотыдзень чытаем у нашай праграме, — гэта працяг размовы пра наступствы турэмнага стрэсу. Як адзначае аўтар, сытуацыя пагаршаецца ў выніку спэцыфічных прыёмаў працы турэмнікаў зь вязьнем. Напрыклад, выкарыстаньнем самых розных катаваньняў, як фізычных, так і псыхічных. Трэба падкрэсьліць, што эмацыйны стрэс — гэта сыстэмная рэакцыя арганізму. Апроч псыхічных, тут здараюцца і саматычныя адхіленьні.

Карл-Гайнц Бомбэрг
Карл-Гайнц Бомбэрг
Былы вязень турмы «Штазі», бэрлінскі псыхатэрапэўт Карл-Гайнц Бомбэрг, чыя спэцыялізацыя — псыхічная траўматызацыя асобы падчас палітычных рэпрэсіяў, сьведчыць, што аказваць дапамогу такім людзям вельмі няпроста. Звычайным лекарам-тэрапэўтам яны не заўсёды могуць патлумачыць свае праблемы… У часткі вязьняў хваробы праходзяць лятэнтна. І вось ужо пасьля зьняволеньня, гадоў праз 10 і болей, праблемы пачынаюць нагадваць пра сябе ўсё больш і больш. Такая зьява характэрная для посттраўматычнага расстройства.

Гісторыя папулярнай гэдээраўскай тэлевядоўцы Эды Шонгэрц — прыклад псыхічнай траўматызацыі, якую зазнавалі ахвяры «Штазі». У яе выпадку псыхалягічны стрэс прывёў да гарманальнага збою. Сытуацыя досыць характэрная для жанчын-арыштантак. Пасадзілі Эду Шонгэрц у 1974-м, калі ёй было 30 гадоў. За тое, што падчас знаходжаньня ў Будапэшце яна наведала амбасаду ФРГ і пацікавілася магчымасьцямі выезду ў гэтую краіну — там жылі яе сваякі. Пасьля трохгадовай адседкі, ужо жывучы ў Мюнхэне, Эда доўга мусіла зьвяртацца па дапамогу да псыхааналітыкаў ды гінэколягаў.

Эда Шонгэрц: «Стаўленьне да нас было жахлівае. Мы былі ворагамі, а таму да нас ставіліся не як да людзей… У турме ў мяне спыніліся месячныя. Цыкль аднавіўся пасьля вызваленьня, дый тое не адразу. Мы мусілі распранацца перад жанчынай у пагонах і класьці свае пракладкі на стол. Пакуль яна мацала і разглядала ўсе гэтыя тампоны, мы стаялі голымі. Потым жанчына надзявала пальчаткі і аглядала кожную адтуліну на маім целе. Гэта быў шок.

Эда Шонгэрц
Эда Шонгэрц
Падчас зьняволеньня я была адлучаная ад маіх маленькіх дзяцей. Я пра іх нічога ня ведала. І мне доўгі час у турме і пасьля яе сьніліся кашмары, што зь імі штосьці здарылася. Час ад часу я сьню гэта і цяпер. Розных псыхалягічных катаваньняў было шмат. Ідэя была — зламаць чалавека. Напрыклад, ты нічога ня ведаеш пра сваіх блізкіх, а табе кажуць: ваш муж перадае вам прывітаньне і кажа, што ў яго цяпер іншая жанчына і ён спыняе дачыненьні з вамі. Ты ў поўнай ізаляцыі, і адзіны чалавек, ад якога ты чуеш пра дом, — гэта сьледчы. Я была блізкая да вар’яцтва».

Камэнтуючы гэты расказ, праваабаронца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч адзначае: у 2010-я ад маладых жанчын сучаснай Беларусі яна чула пра такія самыя рэчы, якія перажыла ў 1970-я ў турме «Штазі» Эда Шонгэрц. На жаль, гэтую тэму ў нашым грамадзтве не прынята агучваць, кажа Алёна, мэдык паводле адукацыі. Але ж парушэньні мэнструальнага цыклю, як і розныя іншыя гінэкалягічныя праблемы, сустракаюцца ў зьняволеных беларусак часта.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч
«Асабліва гэта тычыцца тых, хто ўпершыню трапіў за краты. Такі этап, як СІЗА, — гэта самы нэрвовы для „першаходаў“ пэрыяд. У нас не выносяць на публіку розныя падрабязнасьці вобшуку. Напрыклад, калі жанчыны-ахоўніцы лезуць ва ўсе шчыліны арыштанткі, хоць і ў пальчатках, але не факт, што стэрыльных. У многіх дзяўчат такое адчуваньне, што такія рэчы ахоўніцы не мяняюць перад кожным аглядам. Жанчыны расказваюць пра гэта па сакрэту ды сарамліва. Яны адпачатку пачынаюць успрымаць гэта як норму, бо ўсё ў гэтай сыстэме накіравана на прыніжэньне, а таму гэта нікога не зьдзіўляе», — сьведчыць праваабаронца і дадае:

«Па сутнасьці, беларуская пэнітэнцыярная сыстэма мала чым адрозьніваецца ад таго, што дзесяцігодзьдзі таму было па ўсім сацлягеры. Можа, там арыштантак ня білі — усё ж Эўропа, а ў нас, як і раней, лупцуюць».

Адзначу: тыя ананімныя сьведчаньні маладых жанчын, якія прыводзіць Алёна Красоўская-Касьпяровіч, ня тычацца ўмоваў утрыманьня ў СІЗА КДБ «Амэрыканка». Хоць шмат у чым супадаюць з колішнімі прызнаньнямі былога галоўнага банкіра краіны Тамары Віньнікавай (яна ўтрымлівалася ў «Амэрыканцы» пры канцы 1990-х). Тым часам нядаўнія арыштанткі гэтай турмы, фігуранткі па справе «Плошчы» Натальля Радзіна ды Ірына Халіп, адразу пасьля вызваленьня расказалі, што іх падобным чынам не абшуквалі. А вось псыхалягічных катаваньняў, вынікам якіх станавіліся начныя кашмары, хапала. Ірына Халіп доўгі час не магла пазбавіцца трывогі ды страхаў, бо яе разлучылі з малым сынам. Ірына Халіп узгадвала:

Ірына Халіп — падсудная ў справе Плошчы, травень 2011
Ірына Халіп — падсудная ў справе Плошчы, травень 2011
«Наўпрост пра гэта мне не казалі і не пагражалі, што адбяруць дзіця…Проста мне далі знаць, што па Даніка прыходзілі органы апекі. І больш — ніякай інфармацыі на працягу амаль што месяца. Я ня ведала, што там адбываецца: ці яго забіраюць, ці не забіраюць, ці, можа, яго ўжо забралі, ці, можа, ён усё ж з бабуляй ды дзядулем. Ніхто нічога мне не казаў! Я ня проста нэрвавалася. Мне было катастрафічна кепска псыхалягічна. Я бачыла нейкія жудасныя сны. Быццам бы ў камэры дзьверы зь нейкага тлустага шкла, і я магу бачыць усё, што там. Я бачыла, што нібыта міма маёй камэры кантралёры вядуць майго сына. Мне таксама сьнілася, што ён са мной тут у камэры, ці гэта нейкі вешчы сон, ці наадварот. Гэтая трывога не пакідала мяне. Ня ведаю, ці дамагаліся супрацоўнікі пэўнай мэты, або ім было проста пляваць на чалавека…»


«Арыштантаў вазілі па горадзе ў фургоне „Жывая рыба“»


…Былая зьняволеная «Штазі» Эда Шонгэрц водзіць экскурсіі па мэмарыяле Хоэншонгаўзэн, дзе калісьці месьцілася турма «Штазі». Сёньня ў Бэрліне гэты музэй — адзін з самых папулярных. У 2012-м яго наведала 351 тысяча экскурсантаў, гэта на 10 тысяч чалавек больш, чым у 2011-м. Усяго з моманту заснаваньня мэмарыялу (1994 год) колькасьць наведнікаў дасягнула 2,6 мільёна.

Калісьці да вайны на месцы цяперашняга бэрлінскага мэмарыялу была машынабудаўнічая фабрыка. Вясной 1945 савецкі КДБ зрабіў тут лягер для ваеннапалонных, так званы «Спэцлягер № 3». Усяго на тэрыторыі савецкай акупацыйнай зоны такіх было 10. Пабудаваная ў Хоэншонгаўзэне ў 1947-м спэцыяльная камэра для водных катаваньняў сёньня зьяўляецца адным з экспанатаў мэмарыялу..

Чалавека прыкручвалі так, каб ён глядзеў у вядро і ня мог паварушыцца. Зьверху на галаву яму капала вада.

У 1951-м спэцлягер перайшоў новым гаспадарам — спэцслужбам ГДР. Усходненямецкія ўлады дабудавалі новыя карпусы, дзе разьмясьціліся 200 дадатковых камэр ды кабінэты для допытаў. Ужо для сваіх уласных дысыдэнтаў. Пасьля ўзьвядзеньня Бэрлінскага муру ў турму пачалі трапляць і тыя, каго падазравалі ў арганізацыі ўцёкаў з краіны. З аб’яднаньнем Нямеччыны сьледчая турма «Штазі» перастала існаваць, а замест яе грамадзкасьць Бэрліну вырашыла зрабіць музэй. На экскурсаводаў запрасілі жывых сьведак — колішніх вязьняў.

Фраў Шонгэрц расказвае наведнікам пра начныя допыты, якія часта суправаджаліся пагрозамі і фізычным гвалтам. Пра тое, як людзей пазбаўлялі сну, прымушалі стаяць, суткамі не выключалі сьвятло. Як ім не выдавалі коўдраў, і ўзімку яны мучыліся ад холаду. Экскурсавод зьвяртае ўвагу на такі экспанат, як шкляныя слоікі. Там захоўвалі ўзоры чалавечых пахаў, каб шукаць людзей з дапамогай сабак. Гэтыя пахі атрымлівалі такім чынам: пад абіўку працоўнага крэсла падазраванага ў апазыцыйных ці дысыдэнцкіх поглядах непрыкметна падкладалі кавалак спэцыяльнай тканіны. Празь некалькі дзён гэтак жа таемна забіралі і клалі ў гермэтычны слоік.
Я не разумею, калі людзі сьцьвярджаюць, што ў часы ГДР было шмат добрага, што ГДР нельга назваць неправавой дзяржавай. Гэта або няведаньне, або сьвядомая хлусьня

Яшчэ адзін экспанат — машына для перавозкі зьняволеных. Адзін час «Штазі» маскіравала гэтыя аўтазакі бяз вокнаў надпісам «Жывая рыба». Аднак неўзабаве жыхары Ўсходняга Бэрліну пачалі дзівіцца: па горадзе цэлыя суткі езьдзяць рыбавозы, а ў крамах рыбы няма. Хібу неадкладна выправілі — пачало больш езьдзіць машынаў з надпісамі «Хлеб» ды «Малако».

Эда Шонгэрц: «У гэтым мэмарыяле, здаецца, ёсьць усё: атмасфэра, аўра. А мы — сьведкі тых падзеяў і распавядаем пра іх. Уражаньне на наведнікаў гэта робіць моцнае. Вельмі шмат сярод іх маладых людзей. Прыкладна палова — школьнікі, і яны часам выказваюць вялікую незадаволенасьць, што настаўнікі ў школах нічога ім не расказваюць пра гэта. Людзі пачалі забывацца пра злачынствы „Штазі“. Я не разумею, калі людзі сьцьвярджаюць, што ў часы ГДР было шмат добрага, што ГДР нельга назваць неправавой дзяржавай. Гэта або няведаньне, або сьвядомая хлусьня. Ніякіх сумневаў тут ня можа быць».

Сваім экскурсантам з постсавецкіх краінаў Эда Шонгэрц зычыць, каб і ў іхніх краінах замест турмаў узьніклі такія мэмарыялы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG