Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаныя па 328 або «Закон Ціна»


Паводле апублікаваных зьвестак, пасьля вызваленьня назад у турмы вяртаецца прыкладна палова. Калі браць асуджаных за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі (арт.328 КК РБ), то тут працэнт рэцыдыву яшчэ вышэйшы.

Згодна з дадзенымі праваабаронцаў, сёньня наркаманаў сярод арыштантаў найменей траціна (афіцыйна за кратамі налічваецца агулам 38 тысяч вязьняў, аднак праваабаронцы называюць лічбу заніжанай). Як сьведчыць статыстыка, сярод асуджаных за наркотыкі болей за тысячу ВІЧ-інфікаваных. Тэма нашай сёньняшняй праграмы — турма і наркотыкі.


«Закон Ціна»


Пачну зь ліста, які ўразіў мяне сваёй шчырасьцю і непасрэднасьцю. Яго аўтар вязень адной з папраўчых устаноў Рыгор (сапраўднага імя не называю, але ў рэдакцыі ёсьць яго дакладныя каардынаты). Празь некалькі месяцаў, пасьля больш як васьмігадовай адседкі ён мае выйсьці на волю.

«Добры дзень, Алена! Параіў мне напісаць вам мой былы сулягернік (называецца імя і прозьвішча). Справа ў тым, што я год як пішу кнігу. Увесь час я пісаў і нэрваваўся, рваў чарнавікі, пляваўся, потым браў сябе ў рукі і працягваў. І вось атрымалася такая папка сьпісаных аркушаў з падвойнай назвай — „Незаконченная картина“. Ці „Закон тина“. Ані літаратурнага досьведу, ані адукацыі я ня маю. Маю толькі душэўную неабходнасьць, унутраную патрэбу, імпульс аднекуль звыш — падзяліцца на паперы сваімі патаемнымі думкамі, расказаць пра тую бяду, якую прыносяць людзям наркотыкі. Ведаю пра гэта не па чутках, маю ўласны горкі шматгадовы стаж.

Упершыню паспытаў 15-гадовым пацаном, а потым пайшло-паехала. Калі стаў разумець, што сеў не на той цягнік, было позна. Цягнік на поўнай хуткасьці рухаўся ў тупік. У сорак гадоў, аднак, адбылася пераацэнка каштоўнасьцяў ды прыйшла ўпэўненасьць у сабе, у сваіх сілах. Спадзяюся, што ў будучыні наркотыкі, якія я ненавіджу ўсім сэрцам, абмінуць мяне. Магчыма, мая праца камусьці дапаможа і ўтрымае чалавека ад спакусы „кайфу“... Магчыма, яна дапаможа бацькам разумець сваіх дзяцей... Магчыма... Калі зьдзейсьніцца хоць адно такое „магчыма“, калі хоць адзін чалавек дзякуючы прачытанаму вырвецца з палону (хтосьці — з наркатычнага, хтосьці — з духоўнага, у кожнага свой палон...), я буду задаволены...

Цяпер я перапісваю начыста свой рукапіс, бо мая кніжка пісалася напачатку на розных кавалках абгортачнай паперы з-за дэфіцыту тых жа сшыткаў, а не на кампутары ці на чым цяпер пішуць на волі... Асабіста я адстаў на сто гадоў ад розных тэхнічных дасягненьняў, якія сёньня падаюцца простымі і зразумелымі многім малым дзецям. Перапісваньне патрабуе шмат часу. Калі праца будзе гатовая, хацеў бы даслаць гэта вам. Прабачце, я чалавек просты і ня маю звычкі зьвяртацца на „Вы“ і зь вялікай літары, вось і даводзіцца правіць па ходзе. Таксама не судзіце строга мае шурпатасьці, бо напісана гэта ўсё ў вязьніцы, дзе нават проста чалавекам застацца цяжка...»

Ад усёй душы жадаю посьпехаў Рыгору ў ягонай працы над кнігай. Спадзяюся, што яна зь цягам часу пабачыць сьвет, у інтэрнэце прынамсі, і знойдзе сваіх удзячных чытачоў. І, — гэта самае галоўнае і самае цяжкае, — што наркотыкі канчаткова стануць для яго мінулым.

«За распаўсюд наркотыкаў садзяць ня тых»


Сябар Рыгора, які нядаўна вызваліўся (гэта, дарэчы, ён параіў аўтару працытаванага ліста напісаць у нашу праграму), кажа, што папраўчыя ўстановы — якраз тое месца, дзе можна найбольш даведацца пра наркамафію ў Беларусі.

«Матэрыялу на гэтую тэму тут можна сабраць шмат. Тут жывыя сьведкі таго, як працуе сыстэма барацьбы з наркагандлем. Перад міліцыяй выстаўленыя, напрыклад, чарговыя задачы: палепшыць паказчыкі ў затрыманьні наркадылераў. Ловяцца такія дылеры хутка і проста, бо 80% дзейных наркаманаў падчас ломкі назавуць наркадылерамі ня толькі сваіх сяброў па няшчасьці, але нават і маці, і дзіця, і жонку, і мужа. У выніку атрымліваецца, што звычайныя наркаманы, якім самім ледзь хапае на дозу, якія, акрамя залежнасьці, маюць яшчэ ВІЧ або іншыя цяжкія захворваньні, паводле артыкула 328-3 трапляюць на зону гадоў на восем. З расказаў гэтых людзей можна даведацца такое... Напрыклад, як крышуюць такія гандлёвыя кропкі людзі ў пагонах. Калі ж паспрабуеш агучыць гэтую інфармацыю сьледчым, то разьлічвай на штрафныя санкцыі. Хлопец, які паспрабаваў напісаць пра гэта ў СМІ, потым не вылазіў з ШЫЗА».

У мінулым сам вязень, а цяпер кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка кажа, што са словамі нашага суразмоўцы цяжка не пагадзіцца.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
«Зыходзячы з таго, што трактоўка артыкула 328, часткі 3 — захоўваньне і захоўваньне ў мэтах распаўсюду наркатычных сродкаў, што вядзе да турэмнага пакараньня ад 8-мі гадоў — сама па сабе непразрыстая, магу сказаць, што сама меней палова асуджаных паводле гэтага артыкула, зь якімі мне давялося сядзець у месцах пазбаўленьня волі, былі звычайныя наркаманы-спажыўцы. Тых, хто рэальна распаўсюджвае наркату, я за кратамі ня бачыў... У той жа час статыстыка МУС сьцьвярджае, што з кожным годам у нас раскрыцьцё злачынстваў, зьвязаных з абаротам наркотыкаў, расьце. У выніку паўстае пытаньне: або мы зусім ня тых людзей садзім у турму, або мы фактычна заплюшчваем вочы на сапраўдных дылераў і караем выключна тых, каго дылеры ўцягваюць у гэтую залежнасьць. Іншымі словамі, ізалюючы гэтых людзей за кратамі, праваахоўныя органы змагаюцца не з самой праблематыкай, а зь яе наступствамі».


Ці магчымае выпраўленьне за кратамі?


Як паказала апытаньне, якое наша праграма правяла на вуліцах Бабруйску, большасьць яго ўдзельнікаў называюць асуджаных за наркотыкі глыбока хворымі людзьмі і мяркуюць, што турма ня тая ўстанова, якая ў стане вырашыць гэтую праблему.

У сваёй кнізе пра выжываньне за кратамі, урыўкі зь якой кожны тыдзень гучаць на хвалях «Свабоды», вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі зьвяртаецца да маладых людзей, якія задумваюцца пра сваю будучыню, сабраць усе сілы ў кулак ды ўстрымацца ад такіх звычак, як нікатын, алькаголь, наркотыкі. Бо найперш турма ламае менавіта залежных ад уласных звычак людзей...

У вязьніцы лекару-навукоўцу неаднойчы даводзілася назіраць за паводзінамі вязьняў-наркаманаў. Паводле ягоных словаў, «гэтыя людзі адрозьніваюцца сваёй назойлівасьцю, запальчывасьцю, скандальнасьцю. За кратамі ў іх няма магчымасьцяў працягваць свой „занятак“, а таму яны ўвесь час у пошуках сродкаў узбуджэньня. Хвароба гэта вельмі цяжкая, перамагчы яе магчыма, калі гэтага захоча сам чалавек».

Як лічыць аўтар сыстэмы выжываньня за кратамі, любому чалавеку ў экстрэмальных абставінах вельмі важна ўмацоўваць сілу волі і пераключацца або «перазагружацца» на такую крэатыўную дзейнасьць, якая садзейнічае эмацыйнаму ўздыму. Гэта можа быць захапленьне музыкай, мастацтвам, літаратурай, а таксама фізычнымі ды энэргетычнымі комплексамі...Вялікі шанец захаваць сябе як асобу маюць тыя, хто здольны шчыра і глыбока верыць у Бога.

Прафэсар вітае вязьняў, якія накіравалі сваю энэргію ў творчае рэчышча і зычыць ім усім быць пасьлядоўнымі ў сваім змаганьні за сябе.
У 1993-м годзе памёр мой бацька, у 2003-м — маці, цяпер вось брат, а я нікога зь іх не пахаваў, бо ўвесь гэты час сядзеў за наркотыкі

Для Сяргея Глушака, які восеньню вызваліўся з Івацэвіцкай калёніі, свайго роду «перазагрузкай» стала захапленьне музыкай ды літаратурай. У апошні час у турме ён сам стаў пісаць вершы ды песьні. За кратамі гэты саракагадовы мужчына правёў ледзь не палову жыцьця. У дачыненьнях з наркотыкамі прайшоў, здаецца, усе этапы. Пачынаў з «травы». Неўзабаве перайшоў да цяжкіх наркотыкаў. Яго не спыняла нават тое, што некалькі разоў быў блізкі да летальнага выніку. Быў час, калі яму, паводле ягоных словаў, перадавалі гераін нават у калёнію. Некалькі разоў, аднак, прыходзіла ўсьведамленьне, што ён каціцца ў бездань. Пакідаючы турэмныя сьцены, вырашаў: больш ніколі. Аднак неўзабаве трапляў ў вязьніцы зноў і зноў. Гэты раз, вельмі хочацца спадзявацца, павінен быць апошнім.

«Аднойчы, гэта было падчас маёй апошняй працяглай адседкі, — узгадвае Сяргей, — мне паведамілі, што памёр мой брат. Гэта было ў 2009. Паехаць разьвітацца зь ім я ня змог. І тады штосьці шчоўкнула: у 1993-м годзе памёр мой бацька, у 2003-м — маці, цяпер вось брат, а я нікога зь іх не пахаваў, бо ўвесь гэты час сядзеў за наркотыкі. Неяк мяне, праўда, пасадзілі за крадзёж. Аднак прычына была ўсё тая ж ».

«Нам сказалі: бяз „Ляпісаў“... Але мы гралі»


Сяргей кажа, што, па сутнасьці, турма і шматгадовае ізаляваньне ад звыклага кола ратавалі яму жыцьцё. А яшчэ песьні Цоя, Шаўчука, Вольскага «Ляпісаў». Гэта тычыцца і іншых хлопцаў, разам зь якімі ён стварыў у Івацэвіцкай ПК музычны гурт. Адзін з турэмных музыкаў-рокераў, праўда, ня так даўно памёр ад ВІЧ. Некаторыя як і Сяргей цяпер на волі. Іншыя пакуль застаюцца за кратамі. Усе маюць намер пачаць жыцьцё занава. Іншая справа, як яно атрымаецца...

У калёніі рок-гурт Сяргея зрабіў некалькі канцэртаў і запісаў два дыскі. На першым — праграма «Рок супраць наркотыкаў» зь песьнямі Цоя, Шаўчука, а таксама Сяргея Глушака. Яшчэ асуджаныя разыгрывалі розныя сцэнкі пра гісторыі іх сяброў і блізкіх, якія загінулі ад наркотыкаў.
Тэатр у калёніі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:10 0:00

Другая музычная праграма была прымеркаваная да 130-годзьдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа і называлася «Мэлёдыю мовы славянскай я чую».

Удзельнікі гурту, апранутыя ў нацыянальныя кашулі, чыталі са сцэны творы Коласа і Купалы, расказвалі гледачам пра жыцьцё беларускіх песьняроў, выконвалі песьні з рэпэртуару Лявона Вольскага ды «Ляпісаў».

Глушак: «Усяго мы запісалі два дыскі. Першы — „Рок супраць наркотыкаў“, а — беларускі канцэрт. Аднак адміністрацыя вырашыла сьцерці другі дыск з-за „Ляпісаў“. Спачатку ўсім вельмі спадабалася і нас начальства нават папрасіла паўтарыць канцэрт. Чакалі гасьцей — супрацоўнікаў Гарадзенскай турмы, таксама бацюшка меўся з царквы прыйсьці. А потым пачалася кампанія супраць Міхалка, з адміністрацыі падышлі да мяне і сказалі: „Сяргей, толькі бяз «Ляпісаў», безь песьняў «Ня быць скотам» ды «Шэрых быкоў». Калі пачаўся канцэрт я сказаў хлопцам: „Пацаны, граем, як і раней было“».

Пачалі граць. Гляджу: зампаліта напалоханы, а госьцям падабаецца, у такт ножкамі стукаюць, бацюшку спадабалася. Ён выйшаў на сцэну ды падзякаваў. Але начальства вырашыла перастрахавацца, і дыск сьцерлі. Шкада, гэта быў найлепшы канцэрт».

Сяргей марыць неяк зьвязацца зь беларускімі музыкамі, паказаць ім сёе-тое з свайго рэпэртуару. Аднойчы нават празь сяброў на волі ўзяў удзел у онлайн-канфэрэнцыі Лявона Вольскага на «Свабодзе». Запрасіў з канцэртам у калёнію. Беларускі музыка адказаў станоўча на запрашэньне. Турэмныя рокеры дамовіліся з адміністрацыяй, атрымалі «дабро». Аднак у музыкі, відаць, зьмяніліся пляны. Нічога ад яго хлопцы больш ніколі не пачулі...
Былы вязень пра наркотыкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:45 0:00

«Хацелася б, вядома, займацца любімай справай, — працягвае Сяргей. — Аднак уладкаваўся рознарабочым. На хлеб з маслам хапае... Зараз галоўнае — у наркотыкі ня ўляпацца. Усё былое кола сяброў — гэта тыя, хто сядзіць на наркотыках... Трэба па-любому рваць зь імі. Ствараць іншае кола знаёмых... Калі бачыш кожны дзень, чым яны займаюцца, — і сам можаш...А парваць — гэта проста не кантактаваць. Але гэта мала каму ўдаецца. Калі шчыра казаць... Многія, з кім я быў, казалі: вось выйду, ня буду, забуду... А вось я вызваліўся, паглядзеў — усе там, абсалютна... Вядома, ёсьць выключэньні. Адзін вось чалавек 15 год бязь іх. У яго ўсё нармальна, сям’я, сышоў ад іх. Ёсьць такія. Аднак асноўная маса вяртаецца да іх. Многія ў веру ідуць, у царкву. Аднак потым вяртаюцца. Не ўдаецца перамагчы».

Як лічыць праваабаронца Андрэй Бандарэнка, «яшчэ падчас знаходжаньня ў няволі чалавек разумее, што ён нікому не патрэбны, бо зь ім ніхто не працуе, ніякай дапамогі яму не аказваецца. Калі ён вызваляецца, то ён таксама разумее, што і на волі ён нікому не патрэбны. У такога чалавека, як правіла няма сям’і, таксама ў выніку вымушанага працяглага гультайства ў турме няма прафэсіі. Нягледзячы на наяўнасьць адпаведных службаў, чалавек звычайна застаецца сам на сам са сваёй праблемай, Ён бы і жадаў рэінтэгравацца ў грамадзтве, аднак ня ведае, як. У выніку такія людзі зноў трапляюць за краты, у другі, пяты, сёмы раз... Хто як не сыстэма выпраўленьня пакараньня нясе за гэта адказнасьць?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG