Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міліцыянт: «Падладжвайся пад начальства альбо звальняйся»


Недабор у міліцэйскіх аддзелах прымушае кадравыя службы МУС заклікаць на службу ў міліцыю нават тых, хто не служыў у войску. Днямі прапанову паступіць у міліцыю атрымаў вядомы апазыцыйны актывіст.

Маладафронтавец Раман Васільеў летась некалькі разоў сядзеў на «сутках» за ўдзел у апазыцыйных акцыях. Калі ў мінулую суботу Раман дастаў з паштовай скрыні ліст зь міліцыі, быў перакананы, што гэта зьвязана зь ягонымі адседкамі ці судамі. Ажно выявілася, што з Жодзінскай гарадзкой міліцыі яму прапануюць прайсьці гутарку і паступіць да іх на службу. Паводле ліста, у жодзінскай міліцыі ёсьць вакансіі ў шараговым і нават начальніцкім складзе.

Рамана прапанова не спакусіла:

«Хлусьлівыя яны ўсе. Баяцца сказаць праўду. Тыя, з кім я сутыкаўся, — яны ўсе сьведчылі супроць мяне пра тое, чаго не было».

Чаму Раманам Васільевым зацікавілася менавіта жодзінская міліцыя? Адказ у маладафонтаўца просты — бо ён, хоць жыве ў Менску, прапісаны ў Жодзіне. Таму яго і ахапіла кампанія пошуку новых кадраў для мясцовай міліцыі, якую зараз праводзіць аддзел кадраў ГАУС Жодзіна.

Набіраю тэлефон аддзелу кадраў і пытаюся пра ўмовы залічэньня ў міліцыянты:

«Вакансіі ёсьць, але якія — мне трэба ўбачыць вашы дакумэнты, каб сказаць пра вакансіі. Бяром і тых, хто не служыў, калі маеце вышэйшую адукацыю. Для начальніцкага складу ўзрост — да 30 гадоў, для шараговага — да 25 гадоў».

Адносна прапанаваных заробкаў міліцыянтаў супрацоўніца аддзелу кадраў сказала, што пра гэта паведаміць толькі на гутарцы.

У прэсавай службе МУС пацьвердзілі, што недахоп кадраў у міліцыі ёсьць, але каб назваць памер дэфіцыту кадраў, папрасілі час. Што да агульнай лічбы тых, хто служыць і працуе ў міліцыі, то гэтая лічба аказалася для службовага карыстаньня.

Мікалай Казлоў звольніўся зь міліцыі ў званьні падпалкоўніка ў 2009 годзе. Былы міліцыянт мяркуе, што на той час у Беларусі было больш за 100 тысяч міліцыянтаў, і ўжо тады кадраў не хапала. Зараз, паводле спадара Казлова, цякучасьць кадраў павялічылася:

«Якасьць набору вельмі нізкая. Гаворка ідзе пра выжываньне шмат якіх падразьдзяленьняў. Я так разумею, што спэцназ, брыгады адчуваюць сябе найбольш камфортна. Але ўсе іншыя, на якіх кладзецца цяжар штодзённай працы міліцыі, а ня раз на квартал дубінай памахаць, — у іх асноўныя праблемы ў кадрах. Зразумела, што сыходзяць людзі. Прэстыж міліцыі ўпаў — ня памятаю, каб ён быў такі нізкі, як цяпер. Што да заробкаў, то добрыя заробкі ў тых, у каго добры стаж і прыстойная пасада. А калі гэта ўсё ў маладога чалавека мінімальнае, то і заробак мінімальны».

Станіслаў Халадовіч
Станіслаў Халадовіч
Былы начальнік Івацэвіцкага сьледчага ізалятара Станіслаў Халадовіч прыйшоў у міліцыю ў канцы 1980-х гадоў. Згадвае, што тады ў раёне было 23 участковых, а ўсяго міліцыянтаў было чалавек 50–60. Зараз, паводле Станіслава Халадовіча, у складзе раённай міліцыі пад 120 чалавек, а ўчастковых усё роўна не хапае. Зьмянілася маральна-псыхалягічная абстаноўка, у тым ліку — стаўленьне да закону, мяркуе былы міліцыянт:

«Калісьці, я памятаю, асабліва пасьля віцебскай справы ў 1987 годзе, на кожным інструктажы нагадвалі, што нельга парушаць гэтую сацзаконнасьць. Потым, як Саюз разваліўся, казалі проста пра законнасьць. Як быў міністрам Захаранка, на законнасьць шмат увагі зьвярталі. А як сталі прыходзіць у сыстэму МУС і кіраваць ёю людзі з сыстэмы абароны, то на першым месцы стала выкананьне каманды начальніка. Таму, мяркую, і некамплект кадраў, бо чалавек цьвярозага розуму ўсьведамляе, што рана ці позна прыйдзецца адказваць за парушэньне закону. Прыкладам, мне былі загады, што мушу чалавека пратрымаць некалькі дзён у ізалятары, хоць доказаў на яго няма... Цяжка ў такіх умовах працаваць. Ці трэба „класьціся“ пад начальніка, ці прымусяць звольніцца, як мяне прымусілі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG