Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да чаго вядзе новая форма аплаты камунальных паслуг?


З 1 лютага ўводзіцца дыфэрэнцыяваная плата за электрычнасьць і газ. Ці не схаванае гэта павышэньне камунальных тарыфаў? Ці можна ацаніць гэта як рынкавую меру? Ці адбываецца такім чынам дэмантаж мадэлі сацыяльнай дзяржавы?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.

Схаванае павышэньне камунальных тарыфаў


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
Сяргей Жбанаў
Сяргей Жбанаў
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «Калі палічыць, колькі электраэнэргіі і газу можна аплаціць паводле ільготнага тарыфу, то, як кажуць адмыслоўцы, укласьціся ў гэтыя ільготныя нормы вельмі цяжка. Ці азначае гэта фактычна падвышэньне сацыяльных тарыфаў? Чаму гэта робіцца так прыхавана, замаскіравана?»

Барыс Жаліба: «У краінах з рынкавай эканомікай насельніцтва ў асноўным плаціць за жыльлёва-камунальныя паслугі 100% іх кошту. Але ж там і заробкі значна большыя. У нас далёка ня кожны работнік атрымлівае 500 даляраў. Цэны растуць і ў даляравым эквіваленце.

Норма 150 кіляват-гадзін у месяц за электрычнасьць — вельмі малая, у яе цяжка ўкласьціся. Фактычна гэта павышэньне камунальных тарыфаў, наступ на жыцьцёвы ўзровень насельніцтва».

Сяргей Жбанаў: «Гэта ня толькі чаканае, але запозьненае рашэньне. Яшчэ на пачатку 1990-х гадоў гэтага патрабаваў ад Беларусі МВФ. У некаторыя гады беларусы плацілі 50% ад сабекошту камунальных тарыфаў, а цяпер — толькі чвэрць.

Зразумела, што гэтая мера не дадасьць папулярнасьці кіраўніцтву дзяржавы. Вось і вынайшлі такую дыфэрэнцыяваную схему. Нагадаю, што мінулым годам прэзыдэнт прапанаваў іншы варыянт. Ён патрабаваў распрацаваць такі парадак, каб багатыя плацілі больш, чым бедныя. Але ўсё вылілася ў такую схему, паводле якой, калі спажывец ня ўклаўся ў норму, то яму давядзецца плаціць болей. Гэта стымул да эканоміі. У рэальнасьці аб’ём аплаты камунальных паслуг павысіцца».

Карбалевіч: «Багатыя маюць больш электрапрыбораў. І, значыць, будуць больш плаціць».


Рынкавы крок?


Карбалевіч: «Экспэрты, палітыкі ўвесь час крытыкуюць улады за адсутнасьць рынкавых рэформаў. Дык, можа, гэтая навацыя азначае крок па шляху пераходу да рынку? Як да гэтага ставіцца? Вітаць ці крытыкаваць, як гэта робіць Сьвятлана Калінкіна?»

Жаліба: «Сам па сабе рух да таго, каб насельніцтва набліжалася да стопрацэнтнай аплаты камунальных паслуг, — гэта рух у бок рынкавай эканомікі. Але ў такім разе дайце людзям адпаведны заробак».

Карбалевіч: «Ну, вы разважаеце як нярыначнік. Што значыць „дайце заробак“? Хто яго павінен даць? Дзяржава? Заробак жа трэба зарабіць, мусіць?»

Жаліба: «Эканоміка павінна даць такі заробак. Але сёньня беларуская эканоміка гэта зрабіць ня ў стане. Нават цяперашнія 500 даляраў дасягнутыя штучна. Каб гэта не прывяло да таго, што зноў звалімся ў дэвальвацыю. Таму патрэбная мадэрнізацыя ня толькі ў тэхнічным пляне, але і мадэрнізацыя вытворчых адносін».

Жбанаў: «Лягічней было б рынкавыя рэформы пачынаць не з сацыяльнай сфэры, а з эканомікі, стварыць умовы для таго, каб людзі маглі зарабляць добрыя заробкі. А ўжо потым і павышаць камунальныя тарыфы. А цяпер атрымалася сапраўды штучнае павышэньне заробкаў, якое ў 5–6 разоў абагнала рост прадукцыйнасьці працы. У нашым выпадку воз пастаўлены паперадзе каня.
Лягічней было б стварыць умовы для таго, каб людзі маглі зарабляць добрыя заробкі. А ўжо потым і павышаць камунальныя тарыфы

У нас дасюль існуе перакрыжаванае субсыдыяваньне. Гэта калі за камунальныя выдаткі насельніцтва плацяць прадпрыемствы. І калі цяпер насельніцтва будзе плаціць больш, то гэта павінна зьняць некаторы цяжар з прадпрыемстваў, павысіць іх канкурэнтаздольнасьць.

Але я думаю, што гэта ніяк не адаб’ецца на прадпрыемствах. Бо ў зьвязку з гэтымі мерамі трэба зьмяншаць камунальныя тарыфы для прадпрыемстваў альбо зрабіць іх таксама дыфэрэнцыяванымі. Аднак нашы прадпрыемствы ніяк не адчулі зьніжэньня цаны на газ для Беларусі. Ад гэтага выйграла толькі дзяржава.

Дарэчы, улады правялі апытаньне ці нават рэфэрэндум праз інтэрнэт наконт новай тарыфнай палітыкі. Я хацеў паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, але мне не ўдалося. Вынікі яго сумнеўныя. Па-першае, у ім маглі ўдзельнічаць толькі карыстальнікі інтэрнэту, то бок апытаньне нерэпрэзэнтатыўнае. Па-другое, цяжка ўявіць, што 70% прагаласавалі за павышэньне камунальных тарыфаў».

Карбалевіч: «Мы ведаем, як у Беларусі праводзяцца выбары і рэфэрэндумы. І яшчэ ў савецкія часы цэны павышалі абавязкова «па шматлікіх просьбах працоўных».


Дэмантаж мадэлі сацыяльнай дзяржавы


Карбалевіч: «Нізкія камунальныя тарыфы — гэта, фактычна, разам зь нізкімі цэнамі на грамадзкі транспарт, — апошнія элемэнты сацыяльнай дзяржавы. Гэта асноўны ідэалягічны канструкт рэжыму. Афіцыйныя асобы ўвесь час кажуць, што з улікам сацыяльных трансфэртаў беларускі сярэдні заробак супастаўны з заробкамі ў суседніх дзяржавах. Віцэ-прэм’ер Тозік нават налічыў, што ён роўны 1200 даляраў. І вось адбываецца ўдар па гэтым апошнім бастыёне, якім так ганарыліся ўлады. Гэта крок на шляху дэмантажу мадэлі сацыяльнай дзяржавы?»
У рынкавай эканоміцы кожны павінен плаціць за сябе, у тым ліку поўнасьцю аплачваць камунальныя паслугі

Жаліба: «Гэта „абдзіралаўка“ простых людзей. Глядзіце, паняткі „бясплатная адукацыя“, „бясплатная мэдыцына“ сталі ўмоўнымі. За бюджэтны кошт вучыцца меншасьць студэнтаў. Аб’ём бясплатных мэдычных паслуг зьмяншаецца.

Існуе такі пункт гледжаньня. Маўляў, мы плацім падаткі, а дзяржава за гэты кошт забясьпечвае нізкія камунальныя тарыфы, таму павышаць іх улады ня маюць права. Але я лічу такі пункт гледжаньня няслушным. У рынкавай эканоміцы кожны павінен плаціць за сябе, у тым ліку поўнасьцю аплачваць камунальныя паслугі. Але ісьці да гэтага трэба праз павышэньне заробкаў».

Жбанаў: «У дзяржавы заканчваюцца грошы. Калі ўзьнікаюць бюджэтныя праблемы, то яны вырашаюцца толькі двума шляхамі: альбо павысіць падаткі, альбо скараціць дзяржаўныя выдаткі. Іншых спосабаў вырашэньня гэтай праблемы ніводная краіна не прыдумала. Дарэчы, кошт праезду ў грамадзкім транспарце ў нас адзін з самых нізкіх.

Важны момант. Павышэньня камунальных тарыфаў да 60–70% ад сабекошту, а таксама цэнаў на грамадзкі транспарт патрабуе Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС. Мы падпісалі адпаведнае пагадненьне. Таму Беларусь трапіла ў гэтым сэнсе пад вонкавае кіраваньне. Вось, дарэчы, чацьвёртую траншу крэдыту фонд затрымлівае. Таму, магчыма, невыпадкова, што новую схему аплаты камунальных паслуг уводзяць з 1 лютага».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG