Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багатых няма, а падатак на багацьце — будзе?

Падвышэньне ў некаторых эўрапейскіх краінах падатку на раскошу спрычынілася да міграцыі заможных эўрапейцаў у іншыя краіны, дзе можна істотна заашчадзіць альбо не плаціць увогуле.

Самы вядомы прыклад апошняга часу — уцёкі з Францыі знакамітага актора Жэрара Дэпард’е, які атрымаў расейскае грамадзянства і нават разглядае прапанову стаць міністрам культуры Мардовіі. Беларускія службоўцы не выключаюць, што насьпеў час уводзіць аналягічны падатак на багацьце і ў Беларусі.

Падчас грамадзкага абмеркаваньня скарэктаванага праекту рэканструкцыі Гістарычнага цэнтру Менску галоўны архітэктар праектаў інстытуту «Мінскграда» Аляксандар Акенцьеў зрабіў нечаканую заяву. Супакойваючы жыхароў дамоў, якія рызыкуюць трапіць пад адсяленьне ў сувязі з разьвіцьцём цэнтральнай часткі сталіцы, ён даў зразумець: нерухомасьць у гістарычнай частцы неўзабаве можа стаць для іх непад’ёмнай ношай:

Аляксандар Акенцьеў
Аляксандар Акенцьеў
«Жылы фонд, разьмешчаны на гэтай тэрыторыі, з кожным днём, з кожнай гадзінай становіцца даражэйшым, багацейшым. Гэта спадчына ваша, вашых дзяцей, вашых унукаў. Што вы палічыце за патрэбнае з гэтымі спадкамі рабіць — гэта ваша права. Яшчэ раз падкрэсьліваю: яно пастаянна будзе толькі даражэць. Але што можа адбыцца па нашым горадабудаўнічым праекце, пра які мы вядзём гаворку? Мы гаворым і ведаем, што жыльлё, якое разьмешчана ў цэнтры гораду (а ў нас усюды так і запісана — з самай высокай горадабудаўнічай каштоўнасьцю) будзе мець самыя высокія падаткі на яго карыстаньне. Іншымі словамі, апроч падатку на камунальныя паслугі, апроч падатку на зямлю, у самы бліжэйшы час будзе і падатак на багацьце».

Такая пэрспэктыва выклікала гнеўнае абурэньне ў жыхароў, якіх аўтаматычна запісалі ў «багатыя» з пэрспэктывай плаціць падатак на раскошу. Многія дамы, у якіх людзі нарадзіліся і жывуць, — гэта малапавярховая паваенная забудова зь мінімальным наборам выгодаў: маленькія пакоі, сумешчаны санвузел, ліфтаў і сьмецьцеправодаў няма. Капітальны рамонт за апошнія 50–60 гадоў у бальшыні рабіўся толькі аднойчы. Дый, мяркуючы па кантынгенце заклапочаных менчукоў, якія сабраліся ў Саюзе архітэктараў, на багацеяў нават зьнешне ніхто не цягне. Перадусім гэта пэнсіянэры, якія на схіле веку ня хочуць зьяжджаць адтуль, дзе пражылі ўсё жыцьцё.

Чыноўнік: «Хутка ў Менску будзе падатак на багацьце»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:31 0:00
Наўпроставы лінк

Пра магчымую пэрспэктыву ўвядзеньня падатку на багацьце ня ведаюць і ў ведамстве, якое непасрэдна адказвае за папаўненьне дзяржаўнага бюджэту. Прадстаўнік Міністэрства падаткаў і збораў Сяргей Шкут запэўнівае, што ніякіх ініцыятываў такога кшталту не існуе, а на звышпрыбыткі падатак вылічваецца па адной з самых нізкіх ставак — 12%:

«У пытаньні падатку на багацьце — калі ласка, да першакрыніцы. Няхай
Такое пытаньне нават не разглядаецца

фантазіруе і далей. Асабістыя фантазіі галоўнага архітэктара я камэнтаваць не хачу. Ніякіх такога кшталту падаткаў у нас няма і быць не зьбіраецца. На 2013 год усе падаткі, уся структура падаткаў ужо вызначана. Таму пытаньне падатку на багацьце — гэта ўвогуле незразумелае словазлучэньне. Што тычыцца структуры падаткаў і ўводу новых падаткаў — то гэта палітыка Міністэрства фінансаў. На сёньняшні дзень такога падатку не існуе. Калі гаварыць пра прыбыткі грамадзянаў, то для гэтага ёсьць падаходны падатак. Чым больш людзі зарабляюць, тым больш у бюджэт паступае падаткаў. Там аплата падатку ў памеры 12%. У любым выпадку Мінфін толькі прапануе, а ўвядзеньне нейкага падатку — толькі праз пэўныя нарматыўныя дакумэнты, праз парлямэнт. Але ж такое пытаньне нават не разглядаецца!»

Па колькасьці заможных грамадзянаў Беларусь нельга параўнаць зь ніводнай эўрапейскай краінай. Нефармальна ў статусе мільярдэра фігуруе толькі адна асоба — Уладзімер Пефціеў, чый бізнэс пад дзяржаўным дахам паўстаў на гандлі зброяй. Ён валодае шматлікай нерухомасьцю ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой — У Аўстрыі, на Мальце, у Арабскіх Эміратах, дзе зарэгістраваныя фірмы-«дочкі» ягоных кампаній. Праўда, трапіўшы ў чорны сьпіс Эўразьвязу ў рангу «спонсара рэжыму», Пефціеў пачаў будаваць чарговую, гэтым разам зусім ня сьціплую вілу ў Раўбічах пад Менскам.

Дом Уладзімера Пефціева. Раўбічы пад Менскам, сакавік 2012
Дом Уладзімера Пефціева. Раўбічы пад Менскам, сакавік 2012
​

Паводле дадзеных фіскальных органаў, крыху больш за 100 беларусаў —даляравыя мільянэры. Пра гэта сьведчыць ня толькі размах іх бізнэсу, але і падатковыя дэклярацыі. Сярод іх таксама нямала алігархаў, набліжаных да ўладаў. Відавочна, што пасьпяховых людзей магло б быць на парадак больш, каб бізнэс-клімат у Беларусі быў спрыяльны. Аднак за прамінулы час сотні фірмаў спынілі існаваньне з-за палітычных і эканамічных перашкодаў, многія бізнэсоўцы трапілі за краты альбо, не пажадаўшы выпрабоўваць лёс, пакінулі Беларусь.

Ня надта пераймаюцца аддаленасьцю ад радзімы і тыя прадпрымальнікі, якія стала пусьцілі карані за межамі краіны. Нараджэнец Івейшчыны Ян Апаленіс уваходзіць у сотню самых буйных бізнэсоўцаў Латвіі, даляравым мільянэрам стаў яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Па яго словах, адрозна ад Беларусі, тут пануюць эўрапейскія стандарты бізнэсу, што робіць дзелавы працэс прадказальным:

«У Латвіі ў справах бізнэсу, вядома, усё нашмат больш дэмакратычна і, напэўна, прасьцей. Так, як, скажам, і павінна быць на Захадзе, у Эўразьвязе. Я сёньня магу сабе дазволіць практычна ўсё, што захачу. І мяне за гэта ніхто не перасьледуе, не калупаецца ў маім кашальку — усё я паказаў ці яшчэ нешта засталося? Але я не раскідаюся грашыма, не купаюся ў раскошы. Я не купляю 10 гарнітураў. Гэтаксама, як і ўсе, ідучы на рынак, купляю там, дзе крыху таньней — асабліва калі тавар такі ж самы. Мяне калісьці яшчэ дзед навучыў берагчы капейчыну. Але я ня сквапны. Бо чалавека нельга назваць сквапным, калі ён, маючы грошы, не шкадуе сабе на ежу і ня ходзіць у парваных портках. А тое, што не раздае направа і налева, дык па гэтым нельга меркаваць, што ён сквапны ці ня хоча зь некім дзяліцца. Я ўвогуле такога слова не разумею і ні да кога не магу яго ўжыць. Чалавек кожны жыве так, як ён разумее».

Вышэйшае падаткаабкладаньне заможных грамадзянаў у параўнаньні з простымі сьмяротнымі мае месца ў многіх эўрапейскіх дзяржавах. Але, прыкладам, у Вялікай Брытаніі, Францыі ці Італіі гэтая канцэпцыя рэалізуецца па-рознаму — ад выкарыстаньня прагрэсіўнай шкалы на прыбытак да падатку на прадметы раскошы.

Увядзеньне падобнага падатку разглядае і Расея. На вясеньнюю сэсію Дзяржаўнай думы Міністэрства фінансаў Расеі плянуе падрыхтаваць прапановы да адпаведных зьменаў у заканадаўства. Такія навацыі вітае і прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, які публічна заявіў, што гэта павінна стаць «грамадзка прызнанай платай за адмову ад інвэстыцыяў у разьвіцьцё на карысьць звышспажываньня і славалюбства».

Мяркуецца, што падаткам, у першую чаргу, будуць абкладацца дарагое жыльлё (вілы, катэджы, дамы ў замежжы), транспартныя сродкі (самалёты, верталёты, яхты, эксклюзіўныя аўтамабілі), а таксама каштоўнасьці.
​
XS
SM
MD
LG