Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ладуцька маўчыць пра карупцыйны скандал

абноўлена

«Ці браў ваш намесьнік хабар?» — у адказ 13 хвілін пра інвэстыцыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:33 0:00

Кіраўнік Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька маўчыць пра свайго былога намесьніка-карупцыянэра Ігара Васільева.

Карэспандэнт «Свабоды» на прэсавай канфэрэнцыі ў Менгарвыканкаме задаў старшыні Менгарвыканкаму Мікалаю Ладуцьку шэраг пытаньняў адносна барацьбы з карупцыяй. Высокапастаўлены чыноўнік адказаў толькі на некаторыя зь іх.

Паводле юрыстаў, якія задзейнічаныя ў працэсе над абвінавачаным у атрыманьні хабару былым першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Васільевым, старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька праходзіць у гэтай справе як сьведка. Працэс над Васільевым адбываецца ў Менскім абласным судзе з канца сьнежня. З 4 студзеня ён абвешчаны закрытым. Між тым на той дзень сьведка Мікалай Ладуцька ў судзе не дапытваўся.

Таму на прэсавай канфэрэнцыі 23 студзеня маім першым пытаньнем да старшыні Менгарвыканкаму было: ці дапыталі яго ў справе Васільева, і, калі магчыма, што ён казаў на допыце? Таксама я спытаў пра асабістую думку Мікалая Ладуцькі адносна дзеяньняў былога першага намесьніка старшыні, якога абвінавачваюць у атрыманьні хабару памерам 500 тысяч даляраў, і пацікавіўся ягонай думкаю наконт таго, што працэс фактычна закрыты для грамадзкасьці. Апошнім у гэтым блёку было пытаньне пра тое, што зроблена ў Менгарвыканкаме ў справе барацьбы з карупцыяй.

Вось як пачаў адказваць Мікалай Ладуцька: «Згодны, што тэма карупцыі — гэта перадвыбарчая тэма нашага прэзыдэнта. Прэзыдэнт краіны неаднаразова ў сваіх выступах вызначаў свае адносіны да гэтай праблемы, якая існуе ў грамадзтве. Сваімі практычнымі дзеяньнямі прэзыдэнт штодня падкрэсьлівае і пацьвярджае сваю непрымірымую барацьбу з гэтым злом. У рамках гэтай працы… я хацеў бы сказаць, што абсалютная большасьць чыноўнікаў, якія працуюць у Менскім гарадзкім выканаўчым камітэце, у раённых адміністрацыях, ва ўправах і камітэтах — гэта высокапрыстойныя людзі. Адказныя людзі, якія выконваюць свой службовы абавязак, зыходзячы з таго ўзроўню аплаты, які ўсталявала сёньня дзяржава. Вы ведаеце, што нядаўна прайшла нарада ў прэзыдэнта нашай краіны, на якой разглядаліся пытаньні аптымізацыі ў працы дзяржаўнага апарату».

Гэтак амаль 4 хвіліны Мікалай Ладуцька разважаў пра неабходнасьць барацьбы з карупцыяй і нечакана загаварыў пра інвэстыцыі ў эканоміку Менску. Тут у карэспандэнта «Свабоды» выйшла невялікая спрэчка са старшынём Менгарвыканкаму:

Ладуцька: «…На гэты год гораду Менску пастаўленая задача прыцягнуць больш за 1,5 мільярда даляраў ЗША наўпроставых замежных інвэстыцый…»

Карэспандэнт: «Прабачце, я не пытаўся пра інвэстыцыі, я пытаўся пра карупцыю».

Ладуцька: «Прабачце, я вас не перапыняў?»

Карэспандэнт: «Так, але ж вы не адказваеце на мае пытаньні…»

Ладуцька: «Я вас не перапыняў?»

У выніку ад тэмы замежных інвэстыцый Мікалай Ладуцька ўсё ж перайшоў да захадаў, якія, на ягоную думку, пакліканыя спыніць карупцыю сярод гарадзкіх чыноўнікаў. У прыватнасьці, старшыня Менгарвыканкаму нагадаў пра «адно вакно», куды патэнцыйныя інвэстары могуць здаць сваю заяўку. Гэтыя заяўкі, паводле Мікалая Ладуцькі, разглядае не адзін чыноўнік, а калегіяльны орган — камісія па інвэстыцыях.

Між тым зьвесткі пра гэтую камісію прагучалі і на працэсе над Ігарам Васільевым. Што камісія задняй датай узгадніла праект чэскіх інвэстараў, ад якіх, паводле сьледзтва, Васільеў атрымаў вялікі хабар. Некаторыя сьведкі на працэсе са зьвесткамі пра падробку рашэньня інвэстыцыйнай камісіі не пагадзіліся. Мікалай Ладуцька на прэсавай канфэрэнцыі сваю пазыцыю адносна справы Ігара Васільева так і ня выказаў. Старшыня Менгарвыканкаму абмежаваўся наступнай заявай:

«Праца маштабная, у якой задзейнічаныя сотні людзей. А калі браць усё кола задзейнічаных у гэтай справе, то тысячы людзей. Таму наша задача сёньня — каб мы з аднаго не зрабілі высновы пра ўсіх. Што тычыцца ацэнкі дзеяньняў, то ёсьць суд, ён прыме рашэньне».

Двойчы пасьля гэтага я зноў спрабаваў высьветліць у Мікалая Ладуцькі, ці выклікалі яго ў суд, але гэтае пытаньне чыноўнік праігнараваў.

Ігар Васільеў абвінавачваецца ў вымаганьні хабару памерам 500 тысяч даляраў. Чыноўніка затрымалі з доказамі злачынства пры атрыманьні $250 тысяч.

Працэс над былым першым намесьнікам старшыні Ігарам Васільевым пачаўся 20 сьнежня. Лава падсудных, на якой сядзіць Ігар Васільеў, адгароджаная ад залі зацемненым шклом і знаходзіцца ў нішы, што перашкаджае публіцы добра бачыць абвінавачанага.

Паводле пракурора, былы чыноўнік браў грошы за станоўчае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго службовую кампэтэнцыю, — Васільеў меў грашовы інтарэс, калі дапамагаў чэскай фірме «Эка клін энэрджы АС» у пабудове пад Менскам заводу перапрацоўкі сьмецьця. Ігару Васільеву пагражае пакараньне ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG