Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка пазнала партфэль, у якім прыносілі хабар чыноўніку Менгарвыканкаму


Менскі абласны суд
Менскі абласны суд

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Васільевым, якога абвінавацілі ў спробе атрымаць хабар памерам 500 тысяч даляраў.

Суд працягвае апытваць сьведак. 4 студзеня былі апытаныя 3 сьведкі, усе яны — дзейныя ці былыя супрацоўнікі Менгарвыканкаму.

Сьвятлана Нагорнава цяпер, як і летась, калі затрымалі Ігара Васільева, працуе загадчыцай аддзелу дакумэнтазвароту і кантролю Менгарвыканкаму. У той дзень яна прыйшла на працу рана, у 7:30 зайшла ў прыёмную першага намесьніка старшыні, каб забраць пошту. Побач — кабінэт памочніка Васільева, і ў тым кабінэце Нагорнава ўбачыла невядомага маладога чалавека, які забараніў ёй выходзіць. Потым даведалася, што малады чалавек з КДБ і ў кабінэце Васільева будзе праводзіцца сьледчае дзеяньне — агляд. Вось што распавяла Сьвятлана Нагорнава суду пасьля гэтага:

«Пачалі агляд з шафы. Зь ніжняй паліцы дасталі нейкія кнігі, колбу, а потым дасталі чорны партфэль. Супрацоўнікі падышлі да стала і перакулілі партфэль над сталом. Адтуль высыпаліся пачкі з далярамі, якія былі перавязаныя гумкамі. Потым цягам дзьвюх гадзін пералічвалі гэтыя грошы — аказалася 250 тысяч даляраў».

Пра партфэль Ігар Васільеў казаў, паводле сьведкі, што гэта не ягоная рэч. Калі пракурор прад’явіў Сьвятлане Нагорнавай партфэль зь ліку рэчавых доказаў справы, сьведка сказала, што гэта той самы, які знайшлі ў кабінэце Васільева. Таксама супрацоўніца Менгарвыканкаму апазнала на паказаных ёй фота кабінэт Ігара Васільева і месца, адкуль пры ёй супрацоўнікі КДБ дасталі чорны партфэль з далярамі. Паводле Сьвятланы Нагорнавай, у супрацоўнікаў КДБ, калі яны зьявіліся ў прыёмнай першага намесьніка старшыні Менгарвыканкаму, з сабой была толькі адна вялікая торба. Раней на сьледзтве сьведка казала пра «торбы», але цяпер паправілася.

Былы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Барысенка паведаміў суду няшмат. Што хварэў, калі на камісіі па інвэстыцыях ухвалялі дамову з чэхамі аб пабудове сьмецьцеперапрацоўчага заводу, таму ня быў старшынём на паседжаньні камісіі і ня можа распавесьці, як прымалася рашэньне. А вось сьведка Дзяніс Давыдаў, былы сакратар гэтай камісіі, заявіў суду, што добра памятае тыя падзеі. У тым ліку сьведка пералічыў фірмы, чые заяўкі разглядаліся ў той дзень. Аднак заяўкі чэскай фірмы аб пабудове сьмецьцеперапрацоўчага заводу, як упэўнена сказаў сьведка, на камісіі не разглядалі. І папярэдне да гэтай заяўкі не была пададзеная даведка з патрэбнымі ўзгадненьнямі, сьцьвярджаў Дзяніс Давыдаў. Зьвесткі пра тое, што пытаньне нібыта разглядалася, сьведка ўключыў у пратакол паседжаньня камісіі, як ён сказаў, заднім чыслом — на загад начальніка камітэту па інвэстыцыях Ахраменкі. Паводле сьведкі, гэта было яўным парушэньнем звычайнай працэдуры разгляду заяўкі на інвэстдамову.

Ігар Васільеў на прапанову суду задаць пытаньне сьведку Давыдаву адказаў: «Нават не хачу задаваць яму пытаньні».

Сваякі Васільева ў перапынку паседжаньня зьдзіўляліся паказаньням сьведкі Давыдава.

У другой палове дня паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме. Паводле суду, прычына ў тым, што вывучаліся сакрэтныя апэратыўныя зьвесткі, якія ёсьць у матэрыялах справы. Працэс адновіцца 5 студзеня.

Паглядзець онлайн-рэпартаж з суду


12.57 Абвешчаны перапынак да 10.00 5 стузеня ў сувязі з тым, што далей суд будзе вывучаць матэрыялы апэратыўнага характару, якія носяць грыф «сакрэтна».

12.25 На допыт прыйшоў сьведка Дзяніс Давыдаў, вядучы інжэнэр вытворчай арганізацыі ў Жодзіна, раней працаваў у аддзеле інвэстдамоваў Менгарвыканкаму. Асабіста з Васільевым незнаёмы.

Згадаў, што пра ўрачыстае падпісаньне дамовы даведаўся з інтэрнэту. Тое, што не ўсе даты па дамове супадаюць, сьведка патлумачыў тэхнічнымі прычынамі.

Адвакат: вы не сябра камісіі?

Сьведка: Не.

Адвакат: Пры вас не было галасаваньня?

Сьведка: Не. Нават ніхто не выказваўся, ані за. ані супроць. Не было даведкі, і таму не было і заўваг на камісію.

Адвакат: Ад каго вы асабіста атрымалі загад на парушэньне працэдуры?

Сьведка: мне як сакратару камісіі даручылі.

Васільеў сказаў суду адносна паказаньняў сьведкі: «Нават не хачу задаваць яму пытаньні».

Суд паказаў пратакол паседжаньня камісі па інвэстыцыях. «Так. гэта я складаў», — пацьвердзіў Дзяніс Давыдаў. Ён яшчэ раз паўтарыў суду, што на загад Ахраменкі ўнёс у пратакол камісіі тое, што разглядаўся і праект дамовы х чэхамі.


11.30 Наступны сьведка выкліканы на 12.00 да таго часу суд пачаў вывучаць матэрыялы справы. Зачытвае назвы папераў пракурор Лыцін. Тое, што не агалошвалася, пракурор зачытвае цалкам.

З зачытаных пратаколаў вынікае, што «тэхнічныя сродкі» для Ананьева выдаваліся і забіраліся пад пратакол. «Тэхнічны сродкі» — гэта аўдыё і відэа абсталяваньне, якое замацоўвалася пад вопраткай Ананьева падчас перадачы ім грошай для Васільева.

Агалошаная даведка аб атрыманьні 250 тысяч даляраў ЗША. Адкуль атрыманыя грошы, не агалошана.

Судзьдзя кажа, што гэтая даведка прад’яўлялася сьведку і ўжо аглошвалася. Таму яе зноў агалошваць няма патрэбы.

6 ліпеня быў праведзены ператрус у кватэры Васільева на вуліцы Громава. У тым ліку забралі некалькі картонных каробак з патронамі.

Пратакол ператруса на лецішчы Васільева. Забраныя каштоўнасьці, грошы, плястыкавыя карткі, дакумэнты (не называюцца), гадзіньнікі.

Ператрус на кватэры на Алібегава. Забраныя грошы, залатыя зьліткі, ювэлірныя вырабы, пісталет, дазвол на агнестрэльную зброю, купюры.

Зачыталі службовую характарыстыку на Васільева. Пасьля станоўчых рысаў адзначана, што яму «не хапае настойлівасьці...» у вырашэньні пэўных пытаньняў. Разглядалася магчымасьць перавода Васільева на пасаду з меншым аб’ёмам працы.

Агалошаны кантракт з Васільевым як з першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму ад 4 кастрычніка 2010 года. Пракурор адмыслова зачытаў пункт кантракту, паводле якога нельга прымаць ў якасьці ўзнагароды маёмасьць, грошы, падарункі і сувэніры, акрамя сувэніраў да 5 базавых велічынь падчас пратакольных мерапрыемстваў. Всільеў патлумачыў, што ведае пра гэты пункт і паўтарыў, што лічыць гэта сваёй віной, што не выканаў гэты пункт.

10.45 Допыт новага сьведкі — Нагорнава Сьвятлана, начальнік аддзелу дакумэнтазвароту Менгарвыканкаму.

Сказала, што ёй нічога ня ведае. Яна была сьведкам падзей 6 ліпеня 2012 году, калі арыштавалі Васільева.

Распавяла, што прыйшла ў той дзень на працу 6 ліпеня ў 7.30. У 7.45 пайшла за поштай і зайшла ў прыёмную Васільева. Адразу накіравалася ў кабінэт памошніка Аскіркі.

Было шмат людзей ў калідоры, у прыёмнай таксама нехта мельцішыў. Пачала глядзець пошту і тут зайшоў Аскірка. Мы пачалі размаўляць. Я накіравалася да выхаду, але мне дарогу перагарадзіў малады чалавек і не дазволіў выйсьці. Потым мне стала вядома, хто гэта быў. На маё патрабаваньне прапусьціць ён тупа казаў, што потым мы даведаемся пра ўсё. Аскірка таксама быў побач са мной ў кабінэце. Нас пратрымалі хвілн 5-10. Прыкладна праз 5 хвілін зайшоў Васільеў ў атачэньні незнаёмых мужчын.

Аскірка тады таксама прасіў іх назвацца, але яны не называліся. У іх былі вялікія торбы, у нас узьніклі розныя думкі. Але яны не прадстаўляліся. Іх было чалавек 5. Дасталі відэакамэру.

Магчыма ў кабінэце Васільева нешта і адбывалася да таго, але тады дзьверы ў кабінэт былі зачыненыя і я не бачылпа, што там адбывалася. Калі ўключылі відэакамэру, яны абвясьцілі, што яны з КДБ і будуць здымаць, будзе сьледчае дзеяньне. Тады адкрылі кабінэт Васільева і ўсіх туды запрасілі. Хто адкрываў кабінэт, не памятае. «Стан быў шокавы».

Сказалі, што пачынаецца агляд кабінэту. Пачалі з шафы ў дзьвярэй зьлева, як ўвайсьці, з ніжніх паліц. Спачатку дасталі кнігі, нейкую колбу, а потым чорны скураны партфель.

Расчынілі і высыпалі адтуль пачкі даляраў.

Пачкі былі перацягнутыя гумкамі. Потым 2 гадзіны лічылі грошы. Было 250 тысяч даляраў.

Згадала, што Васільеў казаў падчас сьледчага экспэрымэнту, што «патрфель не ягоная рэч».

У Васільева пытаньняў да сьведкі не было.

Суд зачытвае вытрымкі з пратаколу допыту сьведкі падчас папярэдняга сьледзтва. Там яна казала. што ўбачыла супрацоўнікаў КДБ яшчэ бягучымі па лесьвіцы, да таго, як яна ўбачыла іх у прыёмнай Васільева. Таксама сказала, што адзін з супрацоўнікаў КДБ закрыў падчас сьледчага дзеяньня дзьверы на ключ. Адкуль у яго быў ключ ня ведае. Зь імі была адна вялікая торба. Потым пачалі агляд кабінэту і знайшлі партфэль з далярамі. Памятае, што памошнік Васільева Аскірка рабіў заяву на камэру, што супрацоўнікі КДБ заходзілі ў кабінэт раней.Удакладніла, што чула як той казаў, што яны былі там 1 −2 хвіліны і ён не памятае, ці былі ў іх нейкія рэчы.

Допыт Нагорнавай закончыўся. У Васільева не было да яе пытаньнеў. Ён сказаў «Так было».


10.10 Пачаўся суд. Пачалі допыт Аляксандра Барысенкі, былога намесьніка старшыні Менгарвыканкаму, якія адказваў за эканоміку.

Сьведка ўзначальваў камісію па інвэстыцыях у час, калі заключалася дамова з чэскай фірмай «Эка клін энэрджы АС». Але ў той час, калі прымалася рашэньне, ён хварэў і паседжаньне камісіі вёў намесьнік старшыні Радаман. Сьведка не памятае дакладна, калі была заключаная інвэстдамова. Што да ролі Васільева, сьведка Барысенка лічыць, што той меў права займацца рэалізацыяй дамовы, бо гэта ўваходзіць ў ягоныя абавязкі.

На урачытсым падпісаньні дамовы з чэхамі Барысенка не прысутнічаў. З камітэту эканомікі, які ён курыраваў, да яго адносна гэтай дамовы нічога не паступала. У сьнежні 2011 года Барысенка сышоў з пасады намесьніка старшыні Менгарвыканкаму.

Сьведка паказаў, што звычайна цягам месяца разглядаецца заява на інвэстдамову.

Даручэньне аб выкананьні падрыхтоўчай працы даюцца цягам тыдня.

«Гэта ўсё робіцца апэратыўна, у адпаведнасьці з дэкрэтам прэзыдэнта», — паведаміў Барысенка.

Пракурор пытаецца пра тое, як абыходзяцца з заўвагамі да інвэстдамовы?

Сьведка кажа, што іх абавязкова абмяркоўваюць і заносяць ў пратакол.

Пракурор просіць ўдакладніць, ці былі заўвагі адносна дамовы з чэхамі, калі іх няма ў пратаколе?

Сьведка мяркуе, што у такім разе заўваг магло не быць.

У Васільева пытаньняў да сьведкі не было. Допыт Барысенкі закончаны. Абвясьцілі перапынак да зьяўленьня новага сьведкі.


Высокапастаўленага гарадзкога чыноўніка арыштавалі летась 6 ліпеня. У кабінэце Васільева супрацоўнікі КДБ знайшлі партфэль з 250 тысячамі даляраў. Паводле сьледзтва, Ігар Васільеў у той жа дзень прызнаў, што браў хабар, і напісаў яўку з павіннай на імя старшыні КДБ. На судзе, аднак, Ігар Васільеў заявіў, што агаварыў сябе пад псыхалягічным ціскам, і адмовіўся ад былых паказаньняў. Паводле падсуднага, ён меркаваў, што яму ў партфэлі прынесьлі прадстаўнічы сувэнір.

Прадстаўнік чэскай фірмы Васіль Ананьеў паказаў у судзе, як ён прыносіў Васільеву грошы, і пацьвердзіў свае ранейшыя паказаньні, што гэта быў хабар. У судзе таксама выявілася, што сьведка Васіль Ананьеў раней быў арыштаваны КДБ і знаходзіўся пад сьледзтвам паводле іншай крымінальнай справы. На апошнім паседжаньні суду, якое адбылося 29 сьнежня 2010 году, былы кампаньён Ананьева сьведка Ігар Сьмятанін заявіў, што Ананьеў агаворвае Васільева з уласных прычын. Паводле Ігара Сьмятаніна, гэта яму і Ананьеву прадстаўнікі чэскай фірмы абяцалі 500 тысяч даляраў у якасьці ўзнагароды за дапамогу ў рэалізацыі дамовы аб пабудове сьмецьцеперапрацоўчага заводу. Ігар Васільеў, заявіў сьведка Сьмятанін, пра абяцаную ўзнагароду нічога ня ведаў.

Суд працягвае допыты сьведак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG