Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адна фраза Лукашэнкі перакрэсьлівае год працы дыпляматаў»


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

18 студзеня 2013 міністар замежных спраў Уладзімер Макей правёў рабочую сустрэчу з кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў дзяржаў-сябраў Эўрапейскага зьвязу, Ватыкана, ЗША і Швайцарыі. Ці ёсьць шанцы ў афіцыйнага Менску палепшыць адносіны з Захадам без істотных палітычных зьменаў? Ці можна сказаць, што беларускае кіраўніцтва за два гады да прэзыдэнцкіх выбараў гатовае пайсьці на новую лібэралізацыю? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: «Чым тлумачыцца такая актыўнасьць Макея? Ці можна даць прагноз наконт таго, ці ўдасца афіцыйнаму Менску дабіцца паляпшэньня ў беларуска-эўрапейскіх адносінах?»

Класкоўскі: «Макей — „новая мятла“ у МЗС, і пачаў шчыраваць у гэтым заходнім кірунку яшчэ ў сьнежні. У Макея яшчэ засталіся рэшткі рэпутацыі „эўрапейца“ ў лукашэнкавым атачэньні, архітэктара адлігі 2008-10 гадоў. Мяркую, што і сам Лукашэнка пры прызначэньні Макея даў такую ўстаноўку, каб разблякаваць дачыненьні з Эўразьвязам і Вашынгтонам, але „малой крывёю“.

Я думаю, што ў гэтай парадыгме Макей зараз і дзейнічае. Выглядае, што афіцыйны Менск не гатовы ісьці на істотныя палітычныя рэформы, але палітвязьняў на пэўных умовах, бадай, могуць і выпусьціць».

Цыганкоў: «Традыцыйна ў беларускай палітыцы апошніх гадоў „адлігі“ якраз здараюцца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Да наступнай выбарчай кампаніі засталося ня так і шмат — два гады. Самы час дабівацца паляпшэньня стасункаў з Захадам. Ці існуе цяпер такая мэта для афіцыйнага Менску і ці можа гэтая задача вырашыцца»?

Класкоўскі: «Так, Лукашэнка ўжо, я думаю, разважае наконт кампаніі 2015 году. Выглядае, што яна будзе вельмі цяжкой для яго, таму трэба мабілізаваць усе рэсурсы, у тым ліку і заходні чыньнік. Тут і магчымы крэдыт МВФ, і ўвогуле магчымасьць геапалітычнага балянсаваньня. Лукашэнка разумее, што на адным крыле ляцець небясьпечна, і неаднойчы гэты тэзіс агучваў.

Аднак пасьля разгону Плошчы Лукашэнка вымушана пайшоў на рэзкае ўцягваньне ў Эўразійскі праект Пуціна. І пакуль Масква дае пернікі, паблажліва глядзіць на некаторыя рэчы накшталт растваральнага бізнэсу. Але чым далей, тым болей Крэмль будзе ціснуць, патрабаваць саступак, можа ўзьнікнуць пытаньне пра адзіную валюту — заўважце, на апошняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка падкрэсьліў, што не зьяўляецца вялікім энтузіястам гэтага праекту.

Карацей, самы час рыхтаваць процівагу на заходнім кірунку. Плюс, як заўжды працуе крыўда Лукашэнкі, што яго не прымаюць у клюб вялікіх міжнародных дзеячоў. А беларускі кіраўнік хацеў бы, каб Захад прымаў яго такім, які ён ёсьць — як Назарбаева, Аліева.

Але пры ўсім сваім жаданьні быць „рукапаціскальным“ на Захадзе Лукашэнка сваімі словамі, як на апошняй прэсавай канфэрэнцыі, перакрэсьлівае ўсе тэзісы пра дружалюбнасьць. І ў МЗС некаторыя ўжо жартуюць, што адна фраза перакрэсьлівае часам цэлы год працы дыпляматаў. Гэта, дарэчы, да пытаньня пра апошнія высілкі Макея».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG