Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя вакол праекту Закону Рэспублікі Беларусь пра замежных беларусаў


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Алена Макоўская (Беларусь), Яўген Вапа (Польшча), Лілея Плыгаўка (Літва), Тацяна Казак (Латвія), Алег Рудакоў (Расея).

Амаль год таму ў адным з выпускаў нашай перадачы мы абмяркоўвалі пытаньне аб тым, ці дачакаецца беларуская дыяспара закону Рэспублікі Беларусь пра замежных беларусаў. Тады быў апублікаваны праект структуры такога закону.

Зараз нам стала вядома, што праект “Закону аб суайчыньніках, якія жывуць за мяжою” ўжо распрацаваны. Гэты дакумэнт атрымала для разгляду Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Мы размаўляем са старшынёй Рады “Бацькаўшчыны” сп. Аленай Макоўскай, якая была сябрам адмысловай рабочай групы, створанай пры Цэнтры законапраектнай дзейнасьці.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Алена, якое асноўнае ўражаньне ад знаёмства з атрыманым тэкстам?”

(Макоўская: ) “Найперш тое, што ён носіць больш дэкляратыўны характар. Пажадана, каб ён быў больш рэальным і быў законам непасрэднага дзеяньня, каб ён даваў нейкія перавагі прадстаўнікам беларускай дыяспары.

Па-другое, з мэтавай групы закону цалкам выключаныя беларускія арганізацыі, якія актыўна працуюць па ўсім сьвеце. Выключаныя таксама і этнічныя беларусы, якія жывуць на этнічных беларускіх землях”.

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, пра мэтавую групу. Як прапануецца акрэсьліць гэтае пытаньне – каго лічыць суайчыньнікам?”

(Макоўская: ) “У праекце закона, які мы атрымалі, гаворыцца, што “суайчыньнікі” – гэта грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія жывуць за мяжою, таксама людзі, якія нарадзіліся ў Рэспубліцы Беларусь ці ў СССР на тэрыторыі Беларусі, і тыя, хто нарадзіліся і жылі тут да 1 студзеня 1919 году, але на сучаснай тэрыторыі Беларусі”.

Менавіта гэтае ўдакладненьне і вылучае з закону замежных этнічных беларусаў, якія трапілі у склад іншых краінаў у выніку перадзелу межаў. Паслухаем далей сп. Макоўскую.

(Макоўская: ) “Гэты праект амаль цалкам узяты з закону Расейскай Фэдэрацыі аб суайчыньніках. Але мы лічым, што трэба ўлічваць спэцыфіку Беларусі.

Расейская Фэдэрацыя – гэта фэдэратыўная дзяржава, і там размова ідзе пра суайчыньнікаў, а Рэспубліка Беларусь – унітарная краіна і, на нашую думку, мы павінны весьці размову пра беларусаў. Выкарыстана слова “суайчыньнік, і шкада. Гэтым мы адштурхоўваем беларускую дыяспару, якая ўвесь час лічыла сябе беларускай”.

На жаль, не хапае канкрэтыкі адносна прадугледжанага праектам адмысловага пасьведчаньня суайчыньніка.

(Макоўская: ) “Агаворваецца аб неабходнасьці ўвядзеньня гэтага пасьведчаньня суайчыньніка. Калі асоба падпадае пад адну з групаў вызначэньня суайчыньнікаў, то гэтая асоба мае права зьвярнуцца ў амбасаду, у консульскія аддзелы ў замежжы, каб атрымаць гэтае пасьведчаньне. Але што будзе яно даваць, пакуль яшчэ невядома”.

Сп. Макоўская падкрэсьліла, што ў праекце ўвогуле цяжка знайсьці нейкія канкрэтныя пазыцыі, канкрэтныя вырашэньні тых ці іншых пытаньняў. Немагчыма вызначыць, што менавіта будзе рабіцца ў адпаведнасьці з гэтым законам з боку беларускай дзяржавы дзеля дыяспары.

(Макоўская: ) “Там такія нормы, пад якія можна нейкую рэальную працу праводзіць, а можна і не праводзіць. Любая неакрэсьленасьць дае волю чыноўнікам вырашаць усё паводле сваіх жаданьняў”.

(Карэспандэнт: ) “Магчыма, што беларуская практыка заканатворчай дзейнасьці дазваляе распрацоўваць закон ў выглядзе дэклярацыі аб намерах? А як такія законы выглядаюць у іншых краінах, ці спрабавалі параўнаць?”

(Макоўская: ) “З польскім законам мы параўноўвалі. Польскі закон вельмі рэальны, вельмі кароткі і зьяўляецца пералікам абсалютна рэальных норм непасрэднага ўзьдзеяньня.

Што хацелася б пажадаць гэтаму закону – дык гэта больш рэальнасьці. Каб ён сапраўды разьвязаў у поўным аб’ёме ўсе праблемы і пытаньні беларускай дыяспары”.

А зараз паслухаем меркаваньні тых, каму адрасаваны праект новага закону. Чаго яны чакаюць ад гэтага дакумэнта, які зьмест хацелі б там бачыць?

Гаворыць старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа.

(Вапа: ) “Для нас, беларусаў у Польшчы, вельмі важнае бачаньне таго, каб дзяржава была сапраўды беларускай. І калі будзе такі закон, які тычыцца замежных беларусаў, ён мусіць быць мэтазгодным з тым, што адбываецца ў самой беларускай дзяржаве, у нашай духоўнай Бацькаўшчыне.

Закон можа быць прыняты, але калі ён будзе рэалізавацца дзеля ідэалёгіі дзяржавы, якая зараз ёсьць, а ня з бачаньня агульнабеларускай прасторы, то частка беларусаў ня будзе хацець карыстацца ім, ня будзе ўваходзіць у такі кантакт, які вымагае паслухмянасьці і хаваньня сваіх поглядаў”.

Адносна назвы закону сп. Вапа выказаўся так:

(Вапа: ) “Мы ёсьць беларусамі, якія жывуць па-за межамі Беларусі, мы хочам, каб гэта і было запісана ў законе. Гэта адназначна, што гэта тычыцца нас – беларусаў, якія маюць сваю духоўную Бацькаўшчыну – Беларусь”.

Тацяна Казак, старшыня беларускай суполкі “Сьвітанак” з Рыгі, таксама лічыць, што ў назьве закону павінна адлюстроўвацца нацыянальная адметнасьць:

(Казак: ) “Я лічу таксама, і гэта ня толькі маё меркаваньне, а многіх сяброў нашай суполкі, што назваць закон аб беларускай дыяспары, гэта было б, напэўна, лепш”.

Спн. Тацяна мяркуе, што закон вельмі патрэбны, латыскія беларусы ўжо даўно ставілі гэтае пытаньне і чакаюць, калі Беларусь пойдзе ім насустрач:

(Казак: ) “Канечне, мы чакаем, таму што ёсьць у нас цяжкасьці. У першую чаргу – праблемы школы. Мы чакаем дзейснай дапамогі з боку Беларусі і мы хацелі б, каб у законе гэта было закранута – праблема беларускай адукацыі за мяжою, там, дзе ёсьць кампактнае пражываньне беларусаў”.

Лілея Плыгаўка, загадчыца беларускай катэдры Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, мае сваё меркаваньне аб прызначэньні закону:

(Плыгаўка: ) “Найперш, я думаю, што гэты закон павінен зьвязваць беларусаў са сваёй Радзімай, павінен быць такім мастком паміж намі і ёю – Бацькаўшчынай. Ён павінен ня толькі даваць нейкія льготы, а, найперш, абумоўліваць правы нашыя і, можа, нейкія нашыя абавязкі ў дачыненьні да сваёй Радзімы.

І калі б у гэтым законе прадугледжваліся правы ўплываць на нейкія палітычныя, культурныя працэсы ў краіне, правы па адкрыцьці бізнэсу, нейкай справы, то ад гэтага была бы толькі карысьць і тым, хто жыве ў замежжы, і тым, хто жыве ў Беларусі”.

Як і большасьць літоўскіх беларусаў, сп. Плыгаўку турбуе магчымасьць кантактаў з Бацькаўшчынаю і спрашчэньне парадку выезду ў Беларусь.

(Плыгаўка: ) “Хацелася б лягчэйшы рэжым перасячэньня мяжы, асабліва для беларусаў з тых краінаў, якія мяжуюць зь Беларусьсю, каб яны маглі прасьцей і лягчэй езьдзіць на сваю Радзіму”.

Старшыня адной з найбольш актыўных беларускіх суполак у Расеі – Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Чэрскага – Алег Рудакоў выказаў свае пажаданьні да зьместу закону:

(Рудакоў: ) “Закон павінен быць канкрэтным, каб не было, як у той прымаўцы, што “Закон, як дышла...” Мне патрэбны закон, які б дапамагаў мне. Калі б я, напрыклад, прыехаў і тут ў Іркуцку адчуваў, што за мной стаіць дзяржава. На сёньняшні момант я зрабіў выснову, што ў нас дзяржавы няма.

Калі б гэты закон ствараць нармальным, трэба было б правесьці навукова-практычную канфэрэнцыю, разаслаць усюды запыты, каб былі падрыхтаваныя нейкія прапановы, каб людзі прыехалі і абмеркавалі”.

Іркуцкіх беларусаў асабліва зацікавіла пазыцыя аб выдачы пасьведчаньня суайчыньніка і парадку яго выдачы беларускімі амбасадамі:

(Рудакоў: ) “Калі гэтае пасьведчаньне будуць выдаваць, то гэта добра – але для чаго яно патрэбнае? Калі, напрыклад, я магу прыехаць у Менск і карыстацца нейкімі правамі, уладкавацца ў гатэль за такі ж кошт, як грамадзяне Беларусі і г.д. Калі пасьведчаньне будзе мець такі характар і даваць нейкія магчымасьці, то канечне, гэта добра.

Я лічу, што пасьведчаньне павінны выдаваць толькі прадстаўнікі дыяспары. Ёсьць афіцыйна зарэгістраваныя арганізацыі беларускія, і яны павінны выдаваць гэтае пасьведчаньне. За 5 тысяч кілямэтраў зь Іркуцка я паеду ў амбасаду атрымліваць пасьведчаньне? Як яна разьбярэцца ў гэтым, амбасада гэтая з Масквы? А мы тут ужо ведаем, каму выдаваць, а каму не. Калі чалавек цікавіцца сваімі каранямі, калі ён працуе на карысьць беларускай культуры, калі ён вывучае беларускую мову, значыць, сапраўды, ён годны атрымаць гэтае пасьведчаньне”.

Сп. Алег паведаміў, што сябры суполкі маюць шмат прапановаў да закону, якія маглі б даслаць рабочай групе. Асабліва хацелі б, каб у законе больш увагі аддавалася беларускім арганізацыям, якія працуюць у дыяспары.

(Рудакоў: ) “Суполкі, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, яны павінны мець больш правоў. Зь імі трэба размаўляць як з партнэрамі, якія дапамагаюць дзяржаве, якія рэклямуюць гэту дзяржаву.

Беларуская дыяспара можа быць прадстаўніцтвам Рэспублікі Беларусь як дзяржавы і ў палітычным пляне, і ў эканамічным, і ў культурным пляне, і ў навуковым. З дыяспарамі трэба сапраўды працаваць. А так атрымліваецца, што мы тут кінутыя і нікому не патрэбныя. Я сябе лічу перш за ўсё беларусам, я буду заўжды сябе лічыць беларусам. Але калі я прыяжджаю ў Беларусь, то да мяне ставяцца, як да іншаземца нейкага”.

Будзем спадзявацца, што дыскусіі вакол праекту першага ў гісторыі Беларусі закону пра замежных беларусаў будзе плённым, што ў законе будуць улічаныя заўвагі і прапановы, якія выкажуць беларускія суполкі, каб урэшце рэшт ён набыў такі зьмест, што сапраўды будзе лучыць Беларусь зь беларускай дыяспараю ў сьвеце, і замежныя беларусы ня будуць далей пачувацца чужынцамі на сваёй Бацькаўшчыне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG