Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хачу быць побач з абаронцамі Курапатаў”.


Валянцін Жданко, Менск

Вельмі многія нашыя слухачы былі моцна заклапочаныя, калі на пачатку студзеня ў нядзелю замест звыклага набажэнства зь менскага Чырвонага касьцёла аб 11-й гадзіне раніцы пачулі па дзяржаўным радыё выступ расейскіх эстрадных сьпевакоў.

Мы падрабязна распавядалі пра гэтую сытуацыю, і сюжэты на гэтую тэму выклікалі вялікі розгалас. Вось які ліст даслала нам навуковец Ганна Энгелькінг з Польшчы, з Варшавы. Яна піша:

“Сёньня даведалася фатальную навіну — пра тое, што на дзяржаўным беларускім радыё зьліквідавалі праграму “Голас душы” — беларускую імшу з Чырвонага касьцёла. Мяне гэта вельмі ўзрушыла.

Цягам апошніх амаль дзесяці год я мела магчымасьць назіраць у вёсках Гарадзеншчыны, як мяняліся адносіны людзей да гэтай імшы: ад непрыязных альбо абыякавых (бо імша, маўляў, “павінна гучаць па-польску”) — да прыязных і нават вельмі пазытыўных (імша на сваёй мове як бальсан на сэрца).

Я меркавала, што ксёндз Завальнюк робіць вельмі добрую справу дзеля Беларушчыны — ня кажучы ўжо пра рэлігійны аспэкт. Я бачыла, як падвышаецца прэстыж беларускай мовы, ролю якой як мовы набажэнстваў людзі паступова ўсё больш прымалі. І калі даведалася, што замест імшы на радыё сталі перадаваць расейскую музыку — успрыняла гэта як добра сплянаваны ўдар у сэрца Беларусі. Як нахабны, цынічны кпін.

Дагэтуль не магу паверыць, што гэта адбылося — слухачы ж пратэставалі. Таксама цікава, чаму і як гэта адбылося ў сапраўднасьці. Уражвае, да якой ступені людзі могуць ня мець сораму — адносна грамадзтва, у якім жывуць, і адносна сьвету.

Пішу ўсё гэта, каб распавесьці вам, што думаю і адчуваю з гэтай нагоды. А адчуваю я сябе ўсхваляванай, абуранай і засмучанай. Хіба што нічога не магу зрабіць у гэтай сытуацыі — апроч напісаньня пары гэтых словаў. Бо што я яшчэ магу? Нейкія акцыі, пратэсты? Але гэта магчыма хіба што не з-за мяжы. Напэўна, гэта можна зрабіць толькі ў вас — як тыя людзі, што жалобнай тканінай аздобілі алтар у Чырвоным касьцёле”, — напісала навуковец Ганна Энгелькінг з Польшчы, з Варшавы.

Заўважу, што спадарыня Ганна на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў разам са сваімі студэнтамі з Варшаўскага ўнівэрсытэту аб’езьдзіла сотні заходнебеларускіх вёсак, зьбіраючы і запісваючы песьні, паданьні, абрады. Якраз у той час нядзельная імша з Чырвонага касьцёла для вельмі многіх старых людзей з аддаленых вёсак стала незаменнай часткай іхнага жыцьця. І спадарыня Ганна была сьведкай таго — відавочна, адсюль і такое ўзрушэньне ў яе лісьце.

Мы пільна сочым за гэтай сытуацыяй. Камітэт у справах рэлігіяў днямі нязграбна апраўдваў дзеяньні кіраўнікоў дзяржаўнага радыё тым, што гэта нібыта новае заканадаўства не дазваляла перадаваць імшу з Чырвонага касьцёла — маўляў, вось будзе весьці набажэнства біскуп зь менскай Катэдры, тады дазволім. Аргумэнтацыя наіўная: ні Закон аб свабодзе веравызнаньня, ні Закон аб друку не рэглямэнтуюць зьмест асобных радыёперадачаў.

Увогуле, сытуацыя даволі відавочная: востры канфлікт на рэлігійнай глебе стварылі сваімі недальнабачнымі дзеяньнямі чыноўнікі, якія да таго ж не жадаюць прызнаваць уласных грубых памылак у гэтай далікатнай сфэры.

На гэтую ж сытуацыю адклікнуўся і Андрэй Паско зь Берасьця. Ён піша:

“Мая сям’я праваслаўная, але мы таксама вельмі абураныя спыненьнем штонядзельных радыётрансьляцыяў з касьцёла Сьвятых Сымона і Алены ў Менску. Добра, што Радыё Свабода падрабязна пра гэта распавяла: цяпер зразумела, хто ў гэтым вінаваты”.

Андрэй таксама паведамляе, што атрымаў нашы рэклямныя каляндарыкі з раскладам перадачаў і падарыў іх сябрам, якія зацікавіліся Беларускай Свабодай і імкнуцца слухаць яе, хоць пакуль і ня вельмі добра разумеюць беларускую мову. Яшчэ адна цытата зь ліста Андрэя Паско:

“Нідзе не пачуеш столькі праўдзівай інфармацыі пра наш народ і краіну, як на вашым радыё. Вы патрэбныя людзям, бо працягваеце сьвятую і нялёгкую справу Скарыны, Сапегі, Каліноўскага, Ластоўскага, накіраваную на прызнаньне ў сьвеце і ўмацаваньне нашае незалежнасьці, нашае культуры і мовы. Асабліва важна гэта цяпер, калі жыцьцё такое нялёгкае. Жадаю вам дачакацца Свабоды ў роднай краіне”, — напісаў Андрэй Паско зь Берасьця.

Вялікі дзякуй, Андрэй, Вам і ўсім нашым добраахвотным памочнікам, якія ахвяруюць сваім вольным часам, каб свабоднае слова дайшло да як мага большай колькасьці людзей.

Наш сталы слухач і аўтар многіх допісаў, настаўнік Мікалай Невядомскі зь Менску даўно і пільна сочыць за падзеямі вакол Курапатаў. У сваім апошнім лісьце ён дзеліцца некаторымі ўражаньнямі ад наведваньня гэтай мясьціны. Мікалай Невядомскі піша:

“Я бываў у палатцы валанцёраў у Курапатах, размаўляў з хлопцамі больш як дзесяць разоў. Пастаянна там можна пабачыць невысокага маладога чалавека — Аляксея. Ён галоўны арганізатар жыцьця ў намёце, увесь час кантактуе з будаўнікамі, усё бярэ на сябе. Па сутнасьці, ён — галоўны абаронца Курапатаў. Незвычайна энэргічны, рухавы, разумны.

Такі чалавек — гонар і надзея Беларусі. Як стары настаўнік магу засьведчыць: гэта вельмі цікавая асоба. Хацелася б, каб яму дапамаглі, каб Беларусь не згубіла такога каштоўнага грамадзяніна. Як доказ гэтых маіх словаў, толькі што пачуў па Свабодзе меркаваньне аднаго з начальнікаў будоўлі: маўляў, на цябе, Аляксей, рабочыя працуюць лепш, чым на дзяржаву.

А ўвогуле, я вельмі ўдзячны Свабодзе: вашая інфармацыя пра барацьбу моладзі за Курапаты, пра тое, што такія разумныя сур’ёзныя людзі, як Вячорка і Вік, сьцьвярджаюць, што канец дыктатуры блізкі — грэе нашыя сэрцы, дадае аптымізму і падбадзёрвае ў жыцьці й барацьбе”, — напісаў Мікалай Невядомскі зь Менску.

Пагаджаюся з Вамі, спадар Мікалай: за мінулыя чатыры месяцы гэтыя мужныя хлопцы, якія жывуць у намёце ў Курапатах побач з будоўляй, зрабілі дзеля абароны і абуджэньня гістарычнай памяці беларусаў шмат больш за іншых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў.

Як доказ, працытую ліст школьніка са Слонімскага раёну Аляксея Лінькевіча. Ён піша:

“Мне чатырнаццаць гадоў, і я вельмі хацеў бы быць побач з валанцёрамі ў Курапатах. Майго прадзеда ў 1940-м годзе схапілі энкавэдысты за тое, што ён меў двух коней і чатыры каровы, паліваў з раніцы да ночы потам сваю зямельку і ня быў галадранцам. Ён згінуў недзе ў Сыбіру, а бальшавікі-камбедаўцы забралі ў калгас усё тое, што сям’я маіх продкаў зарабіла цяжкай працай.

Зараз калгас развальваецца, а калгасьнікі выжываюць, хто як можа. Хто за гэта павінен адказваць? Па-мойму, тыя, хто абараняе калгасы, хто хавае імёны сталінскіх катаў і хоча пабудаваць дарогу на касьцях найлепшых сыноў нашай Бацькаўшчыны. У мяне пакуль няма грошай на квіток, каб прыехаць у Менск, ды і бацькі ня хочуць адпускаць. Але я абавязкова буду з вамі, абаронцы Курапатаў!”

Вельмі хутка настане час, калі менавіта ты, Аляксей, вашае пакаленьне расставіце кропкі ў гэтай справе, даробіце тое, што ня здолелі зрабіць у 1990-я гады вашыя папярэднікі. У Курапатах будзе мэмарыял нацыянальнага маштабу, гэтая мясьціна стане сьвятой для беларусаў, тут паўстане годны помнік. І гэта будзе іншая Беларусь. А сёньняшняе змаганьне за Курапаты па сутнасьці і ёсьць змаганьнем за гэтую новую Беларусь.

На заканчэньне — ліст ад Уладзіміра Ляўданскага са Смалявічаў. Ён піша:

“Чым больш гавораць і пішуць пра саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі, тым менш застаецца спадзяваньняў на нармальнае, гарманічнае разьвіцьцё нашай краіны. Ня буду хаваць: на першых выбарах я галасаваў за Лукашэнку (хоць і пабойваўся, што ён можа наламаць дроў). А потым галасаваць ужо ўвогуле не хацелася: і ён, і камунякі надакучылі, а талковых не было.

Кажуць, што на бязрыб’і і рак рыба, але палітыка нашых кіраўнікоў-“ракаў” асабіста ў мяне аптымізму не выклікае. Чым крычаць і агітаваць за саюзную дзяржаву, лепш бы зразумелі: ніхто, апроч нас саміх, нашыя праблемы ня вырашыць. Таму хацелася б прапанаваць усім разумным людзям, для каго важныя лёс і пэрспэктывы Беларусі, ідэю “фінскага варыянту”.

Вельмі паказальны прыклад: Карэлія і Фінляндыя былі ў складзе Расеі, але пасьля рэвалюцыі адна зь іх стала незалежнай краінай, а другая толькі атрымала статус аўтаноміі ў складзе Расейскай Фэдэрацыі. І што ж мы бачым праз восемдзесят гадоў? Фінляндыя — сучасная заможная дзяржава з высокім узроўнем жыцьця, яе ведаюць і паважаюць ва ўсім сьвеце. А Карэлія — адсталая бедная ўскраіна Расеі.

Якую выснову можна зрабіць з гэтага прыкладу? Сябраваць, гандляваць, супрацоўнічаць — калі ласка, але жыць — толькі самастойна. Ня быць расейскім буфэрам перад Эўропай, як і эўрапейскім буфэрам перад Расеяй. Зразумець, што толькі мы самі можам адолець уласныя праблемы.

Супрацоўнічаць трэба і з Расеяй, і з усімі іншымі дзяржавамі, але толькі на ўзаемавыгадных умовах, не прадаючыся. Па-мойму, гэтыя тэзы мог бы падтрымаць любы нармальны грамадзянін Беларусі”, — напісаў Уладзімер Ляўданскі са Смалявічаў.

Высновы вашыя бясспрэчныя, спадар Ляўданскі. У якасьці прыкладу можна прывесьці ня толькі Фінляндыю — многія сёньняшнія эўрапейскія краіны ў свой час уваходзілі ў склад імпэрыяў. І ні адна зь іх сёньня не імкнецца да страты незалежнасьці.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аляксандар Іваноў, Віктар Бута і Крэус Гацкі зь Менску, Феакціст Фядотаў з Наваполацку і Бярнард Пакульніцкі зь вёскі Буйкі Мядзельскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG