Я запытваюся ў валанцёра Аляксея, ці не зьмерзьлі яны ўначы, калі было 20 градусаў марозу.
(Аляксей: ) "Ну і што — 20 градусаў. Хай будзе й болей, розьніцы няма. Дзякуй Богу, як бачыце, жывыя і здаровыя сядзім. Пераначавалі, не зьмерзьлі — было 12 чалавек з руху "Зубр" і Беларускай Партыі Свабоды".
(Карэспандэнтка: ) "Нягледзячы на гэткае надвор'е, ля Курапатаў сёньня працуе тэхніка..."
(Аляксей: ) "Яны возяць ізноў пясок, укатваюць. Усё, што не дарабілі, зараз робяць. Да таго ж канец году, і яны павінны заплянаваны памер работаў выканаць. Дык вось — яны і ў працоўныя дні, і ў выходныя працуюць і працуюць. Адзін дзень нават да 10 гадзінаў вечара працавалі. Скончаць падвышаць узровень дарогі — зоймуцца падземным пераходам. Вось тады ізноў стануць у нас зь імі жорсткія адносіны".
Аляксей кажа, што дзеля будаўніцтва пераходу будаўнікам трэба будзе высекчы частку дрэваў зь ляснога масыву. Але ж валанцёры будуць імкнуцца не дазволіць ім гэтага.
Сёньня ў Курапатах я сустрэла пэнсіянэрку Тамару Івановіч. У свой час яна брала ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. З таго часу шмат хварэе, таму прыходзіць яна ў Курапаты ня так часта, як хацела б. Спадарыня Тамара прынесла валанцёрам бульбы ды яблыкаў.
(Івановіч: ) "Я абураная тым, што ўлады ня хочуць зрабіць тут мэмарыял дзеля ўшанаваньня памяці людзей, расстраляных энкавэдыстамі. Мы ж з 1989 году чакалі, спадзяваліся, што тут усё ж зробяць мэмарыял.
Я сказала "вялікі дзякуй" валанцёрам. Маладыя хлопцы ідуць на такія ахвяры, яны тут сьпяць, жывуць у антысанітарных умовах. Гэта вялікі подзьвіг. Яны ж не за плату ідуць, не за грошы, а за сумленьне".
Ля лягеру абаронцаў Курапатаў стаяць дзьве машыны з амонаўцамі. Валанцёры часам жартуюць, што міліцыянты разам зь імі вартуюць Курапаты. А давядзецца, і разам будуць Новы год сустракаць.
(Аляксей: ) "І на гэтым валанцёрскім шляху, можна сказаць, таксама сядзяць. Толькі што ня суткамі, а днямі. Будуць і Новы год сустракаць. Што ж ім рабіць? Прыйдуць да нашай елкі, праганяць ня будзем", —мяркуе валанцёр Аляксей.