Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНА КУРАПАТАЎ ЗАСТАНЕЦЦА Ў ГІСТОРЫІ


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах усё занесена сьнегам. Нягледзячы на гэткае надвор'е, ля аўтобуснай станцыі "Зялёны Луг-6" сёньня працавала будаўнічая тэхніка. Спачатку будаўнікі чысьцілі дарогу ад сьнегу, а потым засыпалі пяском. Ля ўрочышча Курапаты рэканструкцыя кальцавой дарогі сёньня не вялася.

У лягеры я засьпела толькі аднаго валанцёра. Уначы тут было чатыры чалавекі, але раніцай яны сышлі — на працу ды на вучобу, бо сёньня ў Беларусі працоўны дзень.

Мой суразмоўца — 20-гадовы валанцёр Цімох. Я засьпела яго за распальваньнем буржуйкі. Дровы ўсе сырыя, і каб ацяпліць намёт, даводзіцца ўвесь час дадаваць у печку салярку.

У Цімоха, як дарэчы і ў многіх з абаронцаў Курапатаў, родныя пацяпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў.

(Цімох: ) "Бабуля распавядала, што ейны брат быў у лягерах у 1930-я гады. Потым вярнуўся ў Беларусь. Памёр ужо даўно. Я яго ніколі ня бачыў".

На пачатку 1990-х гадоў бацька Цімоха браў актыўны ўдзел у апазыцыйных акцыях.

(Цімох: ) "Распаўсюджваў улёткі, літаратуру. Выхоўваў мяне ў духу беларускага адраджэньня. Вось тады ён мне распавядаў таксама й пра Курапаты, і пра Беларушчыну. Цяпер я пераняў ягоныя сьцягі. Зараз бацька крыху адышоў, больш працуе, бо трэба неяк жыць, карміць сям'ю".

Цімох цяпер вучыцца ў менскім пэдагагічным каледжы на аддзяленьні пачатковай школы. Нядаўна праходзіў практыку ў адной зь менскіх школаў і быў уражыны тым, што амаль ніхто з настаўнікаў ня можа размаўляць па-беларуску.

(Цімох: ) "Калі буду працаваць зь дзецьмі, то, натуральна, па меры магчымасьці буду ўводзіць беларускую мову, бо на беларускай мове настаўнікі цяпер ня вельмі жадаюць размаўляць".

Цімох мяркуе, што кругласутачная варта, якую ўжо амаль тры месяцы нясуць у Курапатах сябры моладзевых арганізацыяў, калісьці можа ўвайсьці ў падручнікі гісторыі Беларусі.

(Цімох: ) "Будзе што распавесьці дзецям і ўнукам — як мы былі тут, жылі ў гэтым намёце, усталёўвалі крыжы. Пакінулі, можа, невялікую, але ўсё ж памяць. Калі напішуць у падручніках па гісторыі, то ўсіх нашых прозьвішчаў ня будзе. Можа, можна было нешта больш зрабіць, але ж не сядзелі, склаўшы рук. Усё ж, як меркавалі раней, ня зьнесьлі палову Курапатаў, па магілах не пачалі будаваць гэтую дарогу. Ізноў звычайных людзей крыху скаланулі, ізноў усе ўспомнілі пра Курапаты, пра сваіх продкаў, пра тое, што мы ўсе ў Беларусі жывем".

Многія валанцёры часта просяць, каб у эфіры Радыё Свабода не гучалі іхныя прозьвішчы. Збольшага таму, што многія абаронцы Курапатаў ня хочуць, каб на працы ды вучобе даведаліся пра іхны ўдзел у гэтай доўгатэрміновай акцыі.

Звычайна не называюць сваіх прозьвішчаў і сябры Беларускай Партыі Свабоды. І таму сапраўды, як і казаў Цімох, нашчадкі хутчэй за ўсё ня будуць ведаць прозьвішчаў многіх абаронцаў Курапатаў, як, дарэчы, ня ведаюць цяпер імёнаў большасьці расстраляных тут людзей, чые косткі валанцёры бароняць ужо амаль тры месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG