Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДЗНАЧЫЛІ ЎГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ


Ягор Маёрчык, Менск

Цяпер цяжка ўявіць, што яшчэ некалькі тыдняў таму ля ўрочышча Курапаты была Менская кальцавая дарога. Ад яе нічога не засталося. Пляст асфальту даўно зьнялі, прывезьлі пясок і ў два бакі актыўна пашыраюць падмурак будучай праезнай часткі.

Жыцьцё ў лягеры абаронцаў Курапатаў праходзіць пад гукі будаўнічай тэхнікі. Працы не спыняюцца нават выходнымі.

Безь перапынкаў і сьвятаў дзяжураць тут і два мікрааўтобусы з амонаўцамі. Яны сочаць за парадкам і стараюцца як мага меней кантактаваць як зь сябрамі Маладога Фронту і Беларускай партыі Свабоды, так і з будаўнікамі.

Першым у лягеры абаронцаў мяне сустрэў лідэр БПС Сяргей Высоцкі. Ён распавёў:

(Высоцкі: ) "Сёньня начавала 14 чалавек. Гэта вельмі шмат. Рэдка калі было больш. Пад'ехалі хлопцы з Магілёва, з Гомеля. Ніякіх зьменаў з боку будаўнікоў, АМОНу мы не заўважаем. Што да абаронцаў Курапатаў, то сёньня настрой прыўзьняты. Сёньня гадавіна Слуцкага збройнага чыну".

(Карэспандэнт: ) "Сяргей, мы зараз з вамі знаходзімся ля крыжоў. Усе памятаюць, што была дамова з будаўнікамі, што мяжа іхнай працы пройдзе побач з крыжамі. Тым ня менш я бачу, што некаторыя зь іх засыпаныя зямлёй — прычым засыпаныя амаль цалкам. Побач з намётам будаўнікі пракладваюць нейкую трубу. Як гэта ўсё вы можаце пракамэнтаваць?"

(Высоцкі: ) "Труба, канечне, тут яўна невыпадковая. Што б яны нам ні казалі. Тое, што сюды будзе сьцякаць вада, да цэнтральнага месца ўваходу — гэта ня можа быць выпадковым. Адносіны такія: яны кажуць — мы паднявольныя, я зарабляю сабе на хлеб, я не магу знайсьці працы па паўгода. Але адбыліся істотныя зьмены. Некаторыя нават стараюцца дапамагчы нам.

Тое ж самае з АМОНам. Некаторыя сёньня дапамагалі рыць ямкі для новых крыжоў. Яны паглядзелі на гэтую духоўнасьць, на гэтую ўзьнёсласьць, і яны пачалі разумець, што фактычна апынуліся на баку зла. І гэта для іх не міне бясьсьледна. І гэта таксама перамога на Курапатах".

Сябры Маладога Фронту і Беларускай партыі Свабоды працягваюць рабіць крыжы і ўсталёўваць іх вакол Курапатаў.

У другой палове дня сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч справіў тут памінальнае набажэнства за супакой душаў ваяроў Слуцкага збройнага чыну.

А ўвечары сябры чэскай фундацыі "Чалавек у нядолі" паказалі абаронцам беларускага акропалю дакумэнтальныя фільмы "Дарога на Курапаты" і "Звычайны прэзыдэнт".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG