Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДАЎНІКІ, ЯКІЯ І СЁНЬНЯ ВАЛІЛІ Ў КУРАПАТАХ ДРЭВЫ, ПЕРАКАНАНЫЯ, ШТО ВАЛАНЦЁРЫ АТРЫМЛІВАЮЦЬ ПА 20$ ШТОДЗЕНЬ


Ганна Соусь, Менск

Паводле будаўнікоў празь некалькі дзён дарогу ля Курапатаў цалкам зачыняць для руху транспарту, і распачнецца будоўля падземнага пераходу.

Сябры Беларускай Партыі Свабоды, "Маладога Фронту" й "Зубра" працягваюць сачыць за тым, як адбываецца рэканструкцыя дарогі ля Курапатаў.

(Валанцёр Глеб: ) "Я думаю, што трэба адсюль сыходзяць толькі, калі яе пабудуюць, таму што бяз нас яе будуць будаваць — туды яшчэ 20 мэтраў, сюды — 20 мэтраў... Так што будзем сядзець да апошняга".

Другі дзень у Менску марозна, уначы было больш як мінус 10, удзень — каля 5. Валанцёры грэюцца ў вайсковым намёце з буржуйкай. Сёньня тут зьявілася газавая гарэлка, яе падаравалі валанцёрам зусім незнаёмыя ім людзі. У куце намёту стаяць мяхі з бульбай ды яблыкамі — гэта звыклае харчаваньне абаронцаў Курапатаў.

Тымчасам і амонаўцы, што ўвесь час таксама тут дзяжураць, і будаўнікі ў размовах упэўнена сьцьвярджаюць, што валанцёры атрымліваюць па 20 даляраў штодзень на кожнага. Я неаднойчы была сьведкай, як ў лягеры часам проста не было чаго пад’есьці. Дарэчы, тыя 10 тысячаў рублёў у дзень на харчаваньне, якія некалькі тыдняў таму абяцаліся даваць ім актывісты грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты", валанцёры чакаюць і дагэтуль. Вось меркаваньне сябра "Зубра" Мікіты Сасема:

(Сасем: ) "Прыходзяць бабулькі па 80 год і прыносяць па 4-5 тысячаў са сваёй пэнсіі. А людзі, якія варочаюць тысячамі даляраў, ня могуць прынесьці сюды проста хаця б паесьці".

Вось ужо другі дзень у лягеры знаходзіцца музыкант Хведар Жыбулеўскі, які за абарону Курапатаў адсядзеў семь дзён за кратамі. Ён распавёў Радыё Свабода пра ўмовы ўтрыманьня зьняволенага.

(Жыбулеўскі: ) "Было 12 чалавек у камэры. Там, дзе можна было спаць, умяшчалася толькі 8. Тры дні ў нас не было вады. З раніцы й увечары дзесятая заварка гарбаты з кавалкам хлеба. У абед — сантымэтар супчыку ў талерцы й там кашка, катлецінка".

Па-рознаму складваюцца стасункі паміж валанцёрамі й будаўнікамі. Прыхільнік Беларускай партыі свабоды Аляксей распавядае, што будаўнікі часам дапамагаюць валанцёрам нарыхтоўваць дровы.

(Аляксей: ) "А з будаўнікамі добра. Уступаюць у мірныя перамовы. Берасьцейскія будаўнікі ўвесь час паддатыя. Учора маглі за гарэлку й сюды да нас дровы прынесьці. Магілёўскія, тыя, што насупраць нас дрэвы валяць, добрыя. Я папрасіў, каб яны нам накрыжавалі на чурбаны, дык яны зрабілі, засталося толькі забраць".

Цяпер у Курапатах увесь час знаходзяцца практычна адны й тыя ж людзі. Многія з тых, што прыходзілі сюды да падзеяў 8 лістапада, больш не зьяўляюцца. Засталіся, як мяркуе Мікіта Сасем, самыя ўпартыя й шчырыя змагары за Курапаты.

(Сасем: ) "Тут ужо склалася Курапацкая сям'я, так можна казаць. Засталіся людзі, якія тут знаходзяцца больш за месяц".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG