Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗПРОМ” ПАСТАВАК ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ У СЕРАДУ НЯ СПЫНІЦЬ


Юлія Шарова, Менск


Расея згодная пастаўляць Беларусі газ па льготных коштах толькі пасьля таго, як будзе створанае супольнае газатранспартнае прадпрыемства, заявіў Аляксандар Разанаў. Працэс жа стварэньня СП ідзе марудна — Беларусь ніяк не правядзе незалежнай ацэнкі “Белтрансгазу” ды ўпарта заяўляе, што прадпрыемства каштуе 5 мільярдаў даляраў. Зрэшты, “Газпром” ужо цяпер гаворыць пра тое, што ня мае намеру ўлучаць у СП і газаправод “Ямал–Эўропа”.

(Разанаў: ) “Гэта ўласнасьць “Газпрому”, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. І па гэтым газаправодзе газ ідзе зусім незалежна ад беларускіх спажыўцоў. Сёньня пакуль мы гэты газаправод не дабудавалі — не пабудавана некалькі кампрэсарных станцыяў. Сапраўды, пакуль ёсьць пункты перасячэньня зь “Белтрансгазам”. Праз год, я думаю, гэта будзе зусім асобны газаправод, і мы ніколі не казалі пра тое, што маем укласьці яго ў нашае супольнае прадпрыемства”.

Такім чынам, кошт “Белтрансгазу” будзе так ці інакш значна зьніжаны, калі Расея насамрэч давядзе свае выключныя правы на “Ямал–Эўропа”. Як сказаў Аляксандар Разанаў, “Газпром” гатовы быў падпісаць доўгатэрміновы кантракт зь Беларусьсю ўжо на мінулым тыдні, аднак Менск не пагадзіўся на расейскія ўмовы. Спадар Разанаў таксама нагадаў, што незалежныя дастаўцы могуць прадаваць газ Беларусі ня больш за паўгоду — потым іхныя рэсурсы скончацца, і краіна зноў рызыкуе застацца бяз паліва.

Што да раніцы серады, дык спыняць падачу газу ў беларускім кірунку “Газпром” ня будзе.

(Разанаў: ) “У нас сапраўды сёньня дзейны кантракт з “Транс Нафтай” завяршаецца недзе да 10–12 гадзіны. Але існуе падпісанае пагадненьне паміж “Белтрансгазам” і “Транс Нафтай” яшчэ прыкладна на адзін мільярд кубоў, а гэта прыкладна чатырнаццаць дзён паставак газу ў Беларусь. Адзінае пытаньне — зь якіх рэсурсаў “Транс Нафта” мае паставіць гэты газ, бо яна сама не зьяўляецца кампаніяй здабычы, яна купляе газ на рынку Расеі. Вядомы кошт газу для Беларусі, а ўсе вытворцы газу намагаюцца прадаць яго па максымальна высокай цане. І мы бачым, што рэальная маржа, якая можа заставацца ў “Транс Нафты”, вельмі маленькая”.

Падрабязнасьці кантракту паміж “Белтрансгазам” і “Транс Нафтай”, пра які заявіў “Газпром”, пакуль не паведамляліся. Вядома, што раней “Транс Нафта” настойвала на вышэйшым кошце газу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG