Сярод апытаных сёньня школьнікаў мне сустракаліся і піянэры, і тыя, хто ня ёсьць прыхільнікам гэтай палітычнай арганізацыі. Але дзеці аднолькава не маглі згадаць пра сьвята нараджэньня піянэрыі, якое ў Беларусі афіцыйна адзначаецца 19 траўня.
(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце, што сёньня за дзень?”
(Дзеці: ) “Я ня ведаю. І я ня ведаю. Ня ведаю”.
(Карэспандэнтка: ) “А ці чулі нешта пра дзень піянэрскай арганізацыі?”
(Дзеці: ) “Не, ня чулі. Ня чулі. Забыліся мы”.
(Карэспандэнтка: ) “А вы самі піянэры?”
(Дзеці: ) “Так. Так. Некаторыя піянэры”.
(Карэспандэнтка: ) “Вам прапаноўвалі быць піянэрамі — ці прымушалі?”
(Дзеці: ) “Прапаноўвалі. Прапаноўвалі”.
(Карэспандэнтка: ) “Падабаецца вам быць піянэрамі?”
(Дзеці: ) “Так. Вельмі”.
(Хлопчык: ) “Бо ёсьць магчымасьць хадзіць у розныя сэкцыі”.
(Карэспандэнтка: ) “А калі ты не піянэр, то хадзіць у сэкцыі ня можаш?”
(Хлопчык: ) “Можаш, але дзеля гэтага трэба дачакацца пэўнага часу”.
(Карэспандэнтка: ) “А хто з вас не піянэр? Чаму?”
(Хлопчык: ) “Я быў піянэрам у іншай школе. Але цяпер не хачу”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці сьвяткавалі вы сьвята піянэрыі?”
(Дзяўчынка: ) “Старэйшыя клясы можа й сьвяткавалі, але мы — не”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы, што сёньня дзень піянэрскай арганізацыі?”
(Юначка: ) “Ня ведаю, бо я ніколі піянэркай не была”.
(Карэспандэнтка: ) “Чаму?”
(Юначка: ) “Бо мая мама памятае яшчэ тых піянэраў і ня вельмі добра да ўсяго гэтага ставіцца”.
(Карэспандэнтка: ) “Вам прапаноўвалі быць піянэрамі ці прымушалі?”
(Юначка: ) “У малодшых клясах прапаноўвалі, але я піянэркай не была”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце, які сёньня дзень?”
(Дзеці: ) “Сёньня цудоўны дзень, сонечны. Добры дзень, бо мы ў школу не пайшлі”.
(Карэспандэнтка: ) “А ці чулі, што сёньня дзень піянэрскай арганізацыі?”
(Дзяўчынка: ) “Чулі. Я была адзін год піянэркай, але цяпер не. Нецікава, дый абзывалі піянэраў усяляк”.
(Карэспандэнтка: ) “Вам прапаноўвалі стаць піянэркай ці прымушалі?”
(Дзяўчынка: ) “Нам прапаноўвалі”.
(Хлопчык: ) “А нас прымушалі. Казалі: хто ня стане піянэрам, у таго будуць дрэнныя адзнакі па паводзінах, прагонім са школы, тра-та-та, тра-та-та. І ўсе сталі піянэрамі, акрамя чатырох чалавек з усяе школы”.
(Дзяўчынка: ) “У нас прапаноўвалі, але казалі, што калі ты ня будзеш піянэрам, то да цябе ўсе будуць ставіцца вельмі дрэнна”.
(Хлопчык: ) “А ў нас таму, хто станавіўся піянэрам, ставілі лепшыя адзнакі. Калі якія падарункі давалі, то давалі толькі піянэрам. Усё добрае рабілі толькі піянэрам”.
(Карэспандэнтка: ) “Пра дзень піянэраў нешта чулі?”
(Юнак: ) “О, не, я не зьяўляюся сябрам гэткіх арганізацыяў, бо ня маю часу на гэткія забаўкі”.
(Карэспандэнтка: ) “А як у вашай школе?”
(Юнак: ) “Адсоткаў пяць ці дзесяць піянэры”.
(Карэспандэнтка: ) “Чаму ня ўсе?”
(Юнак: ) “Таму што моладзі гэта нецікава. Каб туды імкнуліся, напачатку патрэбна нечым зацікавіць. А то — паходзяць у чырвоных гальштуках, і ўсё, і ніякай карысьці. Няма ніякіх плюсаў, таму ў піянэры і не ідуць”.
Гэткія былі выказваньні школьнікаў на вуліцах Менску пра піянэрскую арганізацыю.