Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОВАРЫ І РАВАРЫСТЫ Ў БЕЛАРУСІ


Сьвятлана Курс, Менск

Мой знаёмы, які пераганяе аўтамабілі зь Нямеччыны, называе сам сябе “пыласмокам” – бо высмоктвае зь Нямеччыны аўтасьмецьце й вывозіць у Беларусь. Сёньня ў краіне 42% сем’яў мае аўто. А гэта прыблізна 3 мільёны машын.

ДАІ паведамляе: больш за 65% беларускіх аўтамабіляў – патрыманыя. Яны даюць 70% усяго забруджаньня прыроды ад тэхнагеннай дзейнасьці чалавека.

У прыгарадных лясох ладзяцца імправізаваныя, нелегальныя могілкі кінутых аўто. Гэтае жалезьзе штогод дае тоны жалезнага пылу, які труціць асяродак. Цесната на дарогах пачала перарастаць у заторы. Гарадзкія двары запханыя машынамі, бо шмат якія мікрараёны праектаваліся 20-50 гадоў таму, калі архітэктары не плянавалі аўтамабілізацыі. Я пералічыла звычайныя беды сучаснага мэгаполісу. Менск даганяе эўрапейскія гарады па колькасьці машынаў на сям’ю. Як жа эўрапейцы ратуюцца ад бедаў аўтамабілізацыі? Роварам.

(Гардзейчык: ) “Роваравыя маршы далучаюцца да агульнаэўрапейскага “Дня без аўто”. Аўтамабілісты перасаджваюцца на ровары, сярод іх парлямэнтары й міністры з тэчкамі пад пахаю. Вельмі пацешна і сымпатычна выглядаюць!”

Гэта была Вальжына Гардзейчык, варшаўская і менская роварніца з 5-гадовым стажам.

Штогод у Эўропе тым палітыкам, якія паказалі нязмушанасьць і блізкасьць да народу, уручаецца ордэн “Зьверскі сур’ёз”. Летась кавалерам “Зьверскага сур’ёзу” стаўся бургамістар Брэмэна Гэнінг Шэрф. Спадар Шэрф езьдзіць па родным горадзе на падрэпаным ровары. На роварах езьдзяць па Стразбуру і важныя чыноўнікі Эўразьвязу.

Вальжына Гардзейчык далей распавядае пра эўрапейскі досьвед.

(Гардзейчык: ) “У новых раёнах гэта ўжо стандарт – каб побач зь пешаходнай была абавязкова і роварная сьцежка. Галоўную вулку Варшавы – Маршалкоўскую – нядаўна перабудавалі, дадалі роварную дарожку”.

У шэрагу эўрапейскіх гарадоў ровар стаўся адным зь відаў грамадзкага транспарту. Плаці ад 2 да 15 эўра, бяры муніцыпальны ровар і едзь сабе. У Кітаі й Фінляндыі ровараў ужо болей, чым машын. У Рызе Hansabank падтрымлівае ініцыятыву сваіх супрацоўнікаў прыяжджаць у офіс на роварах. Раварыст на вуліцах эўрапейскага мэгаполісу – звычайны чалавек: чыноўнік, хатняя гаспадыня, школьнік, бабулька.

У нас жа па вуліцах вялікіх гарадоў езьдзяць героі ў шлемах і латах, кожную сэкунду гатовыя да аварыі. Іхны лёс цудоўна адбіты ў народнай прымаўцы: “Круці пэдалі, пакуль ня далі”. Гаворыць супрацоўніца прэс-цэнтру ДАІ.

(Спадарыня: ) “Летась было дзевяць дарожна-транспартных здарэньняў з удзелам вэлясыпэдыстаў. 9 чалавек былі параненыя. Па правілах вулічнага руху, яны мусяць ехаць па праезнай частцы, не далей як 1 мэтар ад узбочыны. Альбо па ўзбочыне. Або па ходніках, калі яны не замінаюць мінакам”.

Гаворыць раварыст зь Менску:

(Спадар: ) “Нашыя кіроўцы вельмі не паважаюць раварыстаў, якія замінаюць ім езьдзіць. Па ходніках жа езьдзіць небясьпечна для пешаходаў. А добрых роварных сьцежак у нас няма. Ёсьць па гэтак званаму водна-зялёнаму дыямэтру Менска, і тое яны практычна не спалучаюцца – нейкія абрэзкі. Вялікая праблема захоўваць ровар, калі з хаты прыехаў на працу, у краму, на тусоўку. У 1950-1960-ыя гады яшчэ былі ў Менску стаянкі для ровараў, а цяпер няма. Люкі каналізацыйныя частка бываюць адчыненыя. Калюжыны, яміны, выбоіны. Праехаўшыся ў мокрае надвор’е, будзеш увесь мокры. Сабакі імкнуцца аббрахаць, здагнаць і ўкусіць за нагу!”

Гаворыць раварыстка зь Пінску.

(Спадарыня: ) “Хачу заўважыць, што ў параўнаньні са Швэцыяй ніякіх зручнасьцяў для раварыстаў у Пінску няма. Прышчапляю ровар, заходжу ў краму, купляю клункі і еду. Дарогі вузкія, і вэлясыпэдыст у пастаянным страшным стрэсе, бо машыны едуць у двух сантымэтрах ад цябе. Мінакі незадаволеныя, калі заедзеш на ходнік, лаюцца й абражаюць. Сабакі імкнуцца абарваць пяты. Але ёсьць рэцэпт: разьвярніся да назолы і зрабі выгляд, што хочаш пераехаць. Яны тады пужаюцца і ўцякаюць”.

Непрыязнасьць мінакоў і сабак да раварыстаў мае ў Беларусі 100-гадовыя традыцыі. У 1904 г. ў Менску было зарэгістравана каля 200 ровараў. І тады ж губэрнатар выдаў пастанову: езьдзіць павольна, ня езьдзіць па ходніках, садох і парках, ня езьдзіць жанчынам у штанох, не гудзець у кляксоны. На сьпіне раварыст мусіў насіць асабісты нумар і плаціў адмысловы падатак на ўтрыманьне дарог. Гараджане пісалі ва ўправу скаргі, што раварысты гойсаюць па алеях грамадзкіх садоў. У скаргах раварыстаў называлі “лятучымі галяндцамі”.

У беларускіх мястэчках і вёсках роварам езьдзіць спакайней, хаця інфраструктуры няма й там. Людзі там зарабляюць мала, на машыну не хапае, на бэнзын таксама, таму шмат хто едзе на ровары. На 2,5 хвіліны я налічыла 38 роварнікаў на пляцы ў мястэчку Любань. Гаворыць Алесь Пушкін, жыхар мястэчка Бобр Круглянскага раёну:

(Пушкін: ) “Гэтаю зімою, у самую халепу й слоту, па сьнежнай куламесе, вольнанаёмныя дзядзькі з навакольных вёсак езьдзілі на роварах на працу –сьцерагчы вайсковую частку. Жахлівая гісторыя!”

Дарэчы, у мястэчку Філатава Круглянскага раёну ў школьным музэі захоўваецца драўляны ровар. Гаворыць Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) “Мясцовы самадзейны дзядзька зрабіў. Усё, апрача зорачкі й ланцуга, драўлянае. А на колах ня апоны, а сталёвыя абады”.

Невядомы круглянскі дзядзька паўтарыў подзьвіг францускага барона дэ Сіўрака, які і зрабіў у 1791 г. самы першы ровар. Ён таксама быў драўляны. Барон назваў сваё стварэньне сэлярыфэр.

Менскі мотавэлязавод выпускае ровары з 1945 году. Сёлета выпуск матацыклаў вырас на 65%. Тым часам выпуск ровараў упаў на 15%. Усяго цяпер выпускаецца 32 мадэлі ровараў. Сярод іх – сьнегакат і ўсюдыход для лесьнікоў, які ня топіцца ў балоце і ў вадзе. Аднак на беларускім рынку ровараў гэта незаўважна. У крамах, як стаялі мала функцыянальныя “Бусьлікі”, гэтак і стаяць. 70% удасканаленых ровараў ідуць у Расею. Гаворыць менскі раварыст Макс Капран.

(Капран: ) “Зараз у мяне ровар беларускай вытворчасьці. Адна канторка ў Баравой зьбірае з камлектацыйных частак. Не, не беларускіх. Пасьля пакупкі прадукту вытворчасьці Менскага мотавэлязаводу даводзіцца разабраць ровар, сабраць яго зноўку пад сябе. І ўсё-ткі ён усё адно сапсуецца. Прасунутыя раварысты, калі набываюць тэхніку, то за сур’ёзныя грошы. Бяруць раму, а на яе саджаюць усё, што ім трэба – самі або ў сэрвіс-цэнтры. Менскі мотавэлязавод такога сэрвісу ня робіць”.

Сёлета ў якасьці экспэрымэнту на менскія ровары пераселі берасьцейскія міліцыянты патрульна-паставой службы, участковыя міліцыянты Берасьцейшчыны і памежнікі на некаторых участках ўкраінска-беларускай мяжы. Ахвотна пакуль набываюць менскія ровары і ва Ўкраіне. Гаворыць Юля зь мястэчка Ахтырка.

(Ірына: ) “Я паходжу з гораду Ахтыркі Сумской вобласьці. Гэты горад называюць “Кітай-горад”, бо па ўсёй Украіне няма столькі раварыстаў. Пра горад нават рабілі рэпартаж. Ад самых малых да самых старых жыхары перасоўваюцца на роварах. Майму дзядулю 86 год, ён да 84 езьдзіў на ровары. Бабуля да 68 езьдзіла. Бывае, едзе мажная кабета, сядла не відно, у сукенцы і на шпільках. У краму, на кірмаш, у госьці, на рэчку. Мне здаецца, гэта проста задавальненьне”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму людзі лічаць за лепшае матляць нагамі на пэдалях?”

(Капран: ) “Ды гэта здаравей проста, свабадней, большая мабільнасьць, менш выхлапаў і ўсім трошкі лепш дыхаецца”.

(Гардзейчык: ) “Я проста люблю ровар. У Эстоніі малое мястэчка – адна пошта, адна крама, і ўсе, нават бабулькі ў ільняных шортах, езьдзяць на роварах. Жыцьцё з двух колаў выглядае нашмат больш прыемным, чым з чатырох. У Менску трэба езьдзіць на роварах, нагэтулькі кепскі там гарадзкі транспарт. Усім раварыстам трэба аб’яднацца зь якім рухам зялёных і вымагаць ад гарадзкіх уладаў, каб дбалі пра тых, хто любіць ровар”.

Ровар на гарадзкой вуліцы – адна з прыкметаў эўрапейскасьці, лічаць мае суразмоўцы.

(Гардзейчык: ) “Імкненьне думаць пра чалавечыя клопаты. Калі ты ясі банан, ты бачыш сьметніцу. Калі хочаш кінуць ліст – бачыш скрыню на суседнім будынку, а не праз 4 кварталы, транспарт ходзіць паводле раскладу, а расклад, дакладны да хвілі, вісіць на слупе на ўзроўні тваіх вачэй”.

Спадарыня Гардзейчык кажа, што Менск прыгожы й чысты, але не разьлічаны на чалавечыя ахвоты й запатрабаваньні.

(Гардзейчык: ) “Я думаю, гэта ўласьціва савецкай сацыяльнай культуры і савецкай культуры будовы”.

У апараце галоўнага архітэктара Менску “нічога ня ведаюць” пра пэрспэктывы разьвіцьця роварнай інфраструктуры”. Найноўшая канцэпцыя разьвіцьця беларускай сталіцы, прынятая да 2030 году, дакляруе: “Самамэтай грамадзтва ёсьць чалавек, ягонае духоўнае й фізычнае здароўе, а ня рост прамысловасьці й тэхнагенныя каштоўнасьці”. “Бо ж мы ня хочам, каб нашыя нашчадкі жылі у процігазавых масках” – сказаў галоўны архітэктар Беларусі. Аднак пакуль нават новыя мікрараёны новых гарадоў працягваюць будаваць без роварных сьцяжынак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG