Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦОЎНАЯ ЭТЫКА Ў ПРАВАСЛАЎНЫХ, КАТАЛІКОЎ І ПРАТЭСТАНТАЎ


Кастусь Бандарук, Прага

Агульнавядома, што эканамічны рост і ўзровень жыцьця насельніцтва любой краіны залежаць ад шэрагу чыньнікаў. Сярод іх: прыродныя рэсурсы, клімат, адукаванасьць грамадзтва, дэмаграфічная структура грамадзтва, ступень тэхналягічнага разьвіцьця, ды іншыя. Амэрыканскія сацыёлягі прапануюць дадаць да гэтых чыньнікаў яшчэ адзін: рэлігійную веру. Яны лічаць, што рэлігійнасьць спрыяе выпрацоўцы такіх рысаў характару і паводзінаў, як працавітасьць, сумленнасьць і ашчаднасьць, а гэта адбіваецца на эканоміцы. Ці згодныя з гэтым беларускія бізнэсоўцы а таксама тэолягі? Што думаюць пра гэты беларускія бізнэсоўцы і тэолягі трох асноўных адгалінаваньняў хрысьціянства?

У Беларусі, як, дарэчы, і ў іншых краінах былога СССР імкліва пашыраецца звычай асьвячэньня самых розных аб’ектаў і ўстановаў. Ня толькі манахі і шараговыя сьвятары, але і эпіскапы асьвячаюць дамы, аўтамабілі, офісы і прадпрыемствы. Сэнс гэтых асьвячэньняў такі, што Царква зьяўляецца месцам пастаяннай Пяцідзесятніцы, і яна можа блаславіць любую форму дзейнасьці чалавека, усё, што служыць дабру чалавека. Існуе спэцыяльны рытуал асьвячэньняў: адмысловыя малітвы, акрапленьне сьвятою вадою.

Як паведаміў супрацоўнік Дэпартамэнту зьнешніх сувязяў Беларускага экзархату РПЦ (ананімна), у іх вельмі часта адбываюцца асьвячэньні офісаў і прадпрыемстваў. Ён ня ўпэўнены, што ў кожным выпадку бізнэсоўцы кіруюцца глыбокай верай, але праўдападобна яны інтуітыўна адчуваюць неабходнасьць божага блаславенства, што бяз гэтага яны не дасягнуць посьпеху. Затое відавочна зь вераю і з асьвячэньня пачынаў сваю дзейнасьць менскі бізнэсовец Георгі Гмыза. Вось, што ён сказаў:

(Гмыза: ) “Як жа бяз гэтага! Асьвячаем офісы, аўтамабілі. Просім блаславенства, малітваў. Трэба асьвячаць усё. Душу трэба асьвячаць. Вера – гэта шлях да Бога, да духоўнага ўдасканаленьня, шлях да праўды. Бясспрэчна – гэта шлях да любові. Мне здаецца, што людзі, якія шукаюць Бога, яны павінны думаць пра свае паводзіны. Вера спрыяе духоўнаму ўдасканаленьню, а духоўная дасканаласьць, гэта такія якасьці як сумленнасьць, цярплівасьць, любоў, спагадлівыя адносіны да бліжніх. Усё гэта вядзе да прыдбаньня нечага, як Бог дасьць, або матэрыяльных каштоўнасьцяў, або ўнутраных, духоўных. Але ў любым выпадку – думай пра сваіх бліжніх, пра партнэраў, і гэта аказваецца, як я бачу, болей правільным, нават болей эканамічна эфэктыўным”.

Так лічыць менскі бізнэсовец Георгі Гмыза. Іншы бізнэсовец, уладальнік фірмы “Беларускае Пітво” Зьміцер Дайнэка лічыць, што рэлігійнасьць самым непасрэдным чынам адбіваецца на заможнасьці грамадзтва.

(Дайнэка: ) “Па-іншаму і быць ня можа. Мы можам успомніць рэжымы, якія руйнавалі касьцёлы, цэрквы, якія зьнішчалі носьбітаў духоўнасьці. Параўнайце нашае жыцьцё, спадкаемцаў такога рэжыму і заходніх дзяржаваў, хаця б нашай суседкі Польшчы. На колькі багацей там жывуць людзі. Я лічу, што нашая сёньняшняя сьціпла-дрэнная сытуацыя выкліканая якраз тым, што рэальнай духоўнасьці надаецца занадта мала ўвагі ў нас".

Паводле яшчэ аднаго беларускага бізнэсоўца –Канстанціна Залатых, ня кожная царква ў аднолькавай ступені спрыяе разьвіцьцю прадпрымальніцтва і адпаведна – дабрабыту.

(Залатых: ) “На маю думку больш натуральна будзе казаць не аб рэлігійнасьці, а аб канфэсійнасьці. На жаль, ня ўсе канфэсіі змаглі выпрацаваць сыстэму, якая адпавядала б патрэбам сёньняшняга часу, патрэбам разьвіцьця бізнэсу і дабрабыту. Уся сыстэмы ўніфікацыі, глябалізацыі, зьвяртае ў бок пратэстантызму. Увесь сучасны бізнэс пабудаваны на пратэстанцкіх каштоўнасьцях. Паглядзім, што будзе праз 500 гадоў".

Нязгодны з гэтым Уладзімер Адамчык, уладальнік выдавецтва “Сучасны літаратар”. Ён лічыць, што любая рэлігія спрыяе дабрабыту.

(Адмачык: ) “Вядома – уплывае, таму, што ўплывае мараль. Фанатызм не ўплывае – ён перашкаджае. І нават у мусульманскіх краінах ёсьць закон, што ты павінен увесь час варочаць свой капітал, а калі капітал праляжаў год, ты павінен 10 адсоткаў ад гэтага капіталу аддаць жабракам, або на дабрачынную арганізацыю. Рэлігія наагул заўсёды кіравала капіталам і спрыяла таму, каб людзі павялічвалі свой дабрабыт. І гэта незалежна ад канфэсіі, ці гэта мусульманская рэлігія, ці гэта хрысьціянская рэлігія".

Адчуваньні беларускіх бізнэсоўцаў супадаюць з вынікамі навуковых дасьледаваньняў. Газэта “International Herald Tribune” зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Набожнасьць і багацьце – поруч”.

У ім гаворыцца пра высновы, да якіх прыйшлі сацыёлягі з Гарвардзкага ўнівэрсытэту – Робэрт Баро і Рэйчэль МэкКліры (Robert Barro, Rachel McCleary). Яны падсумавалі вынікі шасьці незалежных дасьледаваньняў, праводжаных цягам 20 гадоў інстытутам Гэллапа, Усясьветным банкам, Унівэрсытэтам штату Мічыган, ды іншымі інстытутамі.

Амэрыканскія сацыёлягі высьвятлялі пытаньне: якім чынам рэлігія і набожнасьць ўплываюць на эканамічны рост. Дасьледчыкі прааналізавалі эканамічную сытуацыю ў 59 краінах сьвету, параўналі валавы ўнутраны прадукт, узровень адукацыі, працягласьць жыцьця, долю гарадзкога і вясковага насельніцтва.

Прыблізна тысячы чалавек ў кожнай краіне задавалася таксама пытаньні: да якой яны належаць царквы, як часта ўдзельнічаюць ў багаслужбах і абрадах, ці за апошні час яны сталі болей набожнымі, ці наадварот?

Гарвардзкія дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што ў асноўным рэлігійная вера станоўча ўплывае на эканоміку і дабрабыт. Вынікі іхных дасьледаваньняў наступныя:

– Рэлігійная вера мае ўплыў на такія рысы характару як сумленнасьць, працавітасьць, ашчаднасьць, адкрытасьць да чужога і невядомага;
– Вера ў Бога, у замагільнае жыцьцё, у неба і пекла ўмацоўвае перакананьне аб узнагародзе і пакараньні адпаведна за добрыя і дрэнныя ўчынкі;
– Актыўны ўдзел ў царкоўных багаслужбах і абрадах не спрыяе разьвіцьцю эканомікі, паколькі паглынае шмат часу і матэрыяльных сродкаў;
– Вышэйшы узровень адукацыі спрыяе набожнасьці, што пярэчыць поглядам філёзафа Дэйвіда Гюма і бацькі сучаснай псыхіятрыі– Зыгмунда Фройда. Аднак адукаваныя людзі меней наведваюць храмы.
– Жыхары гарадоў часьцей абмінаюць храм, хаця і лічаць сябе веруючымі;
– Шматдзетныя сем’і, як правіла, часьцей ўдзельнічаюць ў рэлігійных мерапрыемствах, але ў разьвітых краінах, людзі маюць ўсё меней дзяцей;
– Камуністычныя краіны шляхам рэпрэсіяў пасьпяхова маргіналізавалі рэлігію і абмежавалі наведваньне храмаў, але ў 1990-ыя гады наведваньне храмаў аднавілася на палову. У Польшчы ўдзел у рэлігійным жыцьці быў адзнакай непрыманьня кіруючага рэжыму, але цяпер палякі ўсё меней наведваюць храмы;
– Мусульмане часьцей наведваюць свае храмы, чым каталікі;
– Пратэстанты болей, чым каталікі давяраюць адзін аднаму, і яны болей законапаслухмяныя, чым каталікі. Пратэстанты і гіндуісты ахвотней ухваляюць няроўны матэрыяльны статус і маюць болей стымулаў да таго, каб багацець, чым каталікі і мусульмане.

Да гэтакіх высновоў прыйшлі амэрыканскія сацыёлягі Робэрт Баро і Рэйчэл МэкКліры пасьля аналізу шэрагу дасьледаваньняў праведзеных у 59 краінах сьвету. А вось, як уплыў рэлігіі на эканоміку ацэньвае праваслаўны сьвятар зь Менску, Архімандрыт Аляксей Шынкевіч:

(Шынкевіч: ) “Без сумненьня, я лічу, што рэлігійнасьць значна ўплывае на эканамічны дабрабыт і краіны, і грамадзтва. Бо рэлігійны чалавек больш сумленны, больш адказны за сваю справу. Ён працу больш натхнёна, але гэта не адзінае, што можа ўплываць на эканамічны дабрабыт. Вялікае значэньне таксама маюць і палітычныя абставіны, і іншыя чыньнікі”.

Згодзен з гэтым і лютэранскі пастар з Горадні Кастусь Мардзьвінцаў.

(Мардзьвінцаў: ) “Так. У супольнасьці, дзе бальшыня, гэта вернікі, людзі працуюць больш адказна, не з-за страху, не з прымусу, але сумленна выконваюць свае абавязкі, шануюць закон, не крадуць, не падманваюць. Станоўчы ўплыў рэлігіі і Царквы на жыцьцё краіны – відавочны. Веруючы чалавек асьвятляе жыцьцё супольнасьці. Тыя, для каго рэлігійнасьць і духоўнасьць гэта ня проста словы, ёсьць сьвятло сьвету”.

Гэтак лічыць пастар Кастусь Мардзьвінцаў. Аднак на думку некаторых сацыёлягаў, рэлігія станоўча ўплывае на эканамічнае разьвіцьцё толькі ўскосна, мімавольна, бо гэта ня ёсьць ейным асноўным прызначэньнем. Гэтак у прыватнасьці лічыць сацыёляг з Папскай тэалягічнай акадэміі ў Кракаве, прафэсар Анджэй Звалінскі.

(Звалінскі: ) “У рэлігійнай дактрыне эканоміка не адыгрывае ніякай ролі. Непасрэднай сувязі паміж рэлігіяй і эканомікай няма. Аднак, гэта не азначае, што нельга адсочваць і дасьледаваць ускосны ўплыў рэлігіі на эканоміку. Справа ў тым, што рэлігія ў сваёй канцэпцыі чалавека, сьвету, космасу, дабра і зла, уплывае на чалавечы характар і паводзіны, на вышэй згаданыя рысы характару, як хаця б стаўленьне да працы. Рэлігія стымулюе чалавечую актыўнасьць, творчасьць, і такім чынам яна можа ўплываць на эканамічнае разьвіцьцё краіны. Хачу адзначыць, што падобныя дасьледаваньні ўплыву рэлігіі на эканоміку праводзіліся і раней. Ужо ў 19 стагодзьдзі ажыўленую дыскусію выклікала праца Макса Вэбэра "Гаспадарчая этыка і усясьветныя рэлігіі". Вэбэр спрабаваў высьветліць, як паасобныя вялікія рэлігіі сьвету ўплываюць на эканоміку. Аднак нельга зводзіць рэлігію да эканамічнага чыньніка, нельга раўняць рэлігію з такімі чыньнікамі як прыродныя рэсурсы, клімат, стан здароўя грамадзтва, бо гэта прыніжае рэлігію, і скажае ейную сутнасьць, лучнасьць з Абсалютам, узвышэньне чалавека да сфэры сакрум”.

Прафэсар Звалінскі згадаў, што яшчэ Макс Вэбэр дасьледаваў ўплыў вялікіх рэлігіяў сьвету на гаспадарку. Некаторыя сучасныя сацыёлягі спрабавалі параўнаць у гэтым сэнсе тры асноўныя адгалінаваньні хрысьціянства: праваслаўе, каталіцтва, і пратэстантызм.

На думку расейскага дасьледчыка Т. Б. Коваля, кожная з гэтых канфэсіяў мае свой погляд на Бога, сьвет і на чалавека, яны адрозьніваюцца ў ацэнках зямных каштоўнасьцяў і багацьця, рацыянальнага пазнаньня і тэхналягічнага прагрэсу.

Што тычыцца праваслаўя, дык яно глядзіць на зямное жыцьцё і актыўнасьць з вышыні нябёсаў. Галоўнае ўнутранае духоўнае жыцьцё чалавека, а любая зьнешняя актыўнасьць мае сэнс толькі тады, калі яна служыць збаўленьню душы. У гэтым сэнсе малітву манаха Праваслаўная царква ацэньвае вышэй, чым працу рамесьніка, або земляроба. Ніякія зямныя каштоўнасьці самі па сабе ня могуць быць мэтай жыцьця чалавека паводле эвангельскай фармулёўкі “якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе?” (Мац.16,26) Ці не ў гэтым адна з прычынаў таго, што традыцыйна праваслаўныя краіны, як правіла незаможныя? Архімандрыт Аляксей Шынкевіч лічыць, што на такі стан паўплывалі канкрэтныя, гістарычныя абставіны.

(Шынкевіч: ) “Мы бачым на прыкладзе праваслаўных краінаў, што людзі вызнаюць чыстую апостальскую веру, што Праваслаўная царква дала сьвету вельмі многа сьвятых, пакутнікаў, у тым ліку нашая царква на Беларусі, але на жаль, у эканамічным пляне нашае значэньне ў сьвеце – невялікае, эканоміка ў нас ў вельмі цяжкім стане. Гады панаваньня камуністычнай, бязбожнай улады вельмі адмоўна паўплывалі на эканоміку нашых краінаў. Вядома, што да кастрычніцкага перавароту, Расея была краінай з квітнеючай эканомікай, але так здарылася, і тут віна і Царквы, што да ўлады прыйшлі тыя людзі, якія да сёньняшняга дня кіруюць нашай краінай і прыводзяць яе да заняпаду і эканамічнага, і духоўнага, і палітычнага. Наша рэлігійнасьць і адданасьць сваёй веры павінны быць болей актыўныя, каб мы ня толькі маліліся, але і практычна ўзьдзейнічалі і на эканоміку, і на духоўны, маральны стан грамадзтва, і на палітыку. Вось тады, мы сапраўды будзем квітнеючай краінай”.

Гаварыў Архімандрыт Шынкевіч. Што тычыцца каталіцтва, дык можна сказаць, што яно глядзіць на неба, але і адчувае грунт пад нагамі. Сваім пабожным жыцьцём, працай, добрымі ўчынкамі і заслугамі, чалавек зарабляе на сваё збаўленьне. Манаская пабожнасьць і малітвы заслугоўваюць павагі, але для шараговага верніка сумленная праца становіцца як бы асноўнай малітвай – лічыць Рымска-каталіцкая царква.

Затое пратэстантызм увогуле адкінуў падзел на манахаў і сьвецкіх, скасаваў шанаваньне сьвятых і большасьць сьвятаў. Заміж бязьдзейнасьці і бясконцага сьвяткаваньня, Жан Кальвін заклікаў да працы і актыўнасьці. Кожны, паводле яго, павінен дбайна і сумленна скарыстоўваць дадзеныя яму Богам здольнасьці. Плённую працу і сумленны заробак Кальвін лічыў асноўнымі абавязкамі чалавека, багацьце – прыкметай набожнасьці і божай ласкі, а беднасьць –прыкметай божага пакараньня за бязьдзейнасьць.

(Зваліньскі: ) “Зразумела, што такая ўзаемазалежнасьць існуе. Гэта асабліва бачна на прыкладзе малых рэлігійных групаў і сэктаў, якія ўмеюць неверагодна падштурхнуць сваіх сябраў да прадпрымальніцтва. Аднак дасьледаваньне такой ўзаемазалежнасьці ў выпадку вялікіх рэлігіяў і канфэсіяў даволі складанае, бо там маем дачыненьне з шэрагам чыньнікаў, з рознымі гістарычнымі падзеямі, з рознымі традыцыямі і спосабамі гаспадараньня. Гэта болей зьвязанае з культурай пэўнай грамадзкай групы. Славенія – тыпова каталіцкая краіна. Цяпер, у сэнсе эканамічных посьпехаў, гэты невялікі, але дынамічны народ ставіцца за ўзор для іншых краінаў. На прыкладзе Славеніі можна сказаць, што Макс Вэбэр памыляўся кажучы, што каталіцтва запавольвае эканамічны рост. Праўда, пратэстантызм атаясамліваў гаспадарчыя посьпехі з божым блаславенствам. Каталіцтва толькі часткова падзяляе гэтую думку, затое большы націск ставіць на справядлівасьць, міласэрнасьць і любоў ў эканамічнай дзейнасьці. Вядома, што той ракавай пухлінай сучаснасьці зьяўляецца эгаізм вузкіх гаспадарчых элітаў. Мы раз-пораз чуем пра карупцыю і фінансавыя махінацыі. Таму многія эканамісты лічаць, што бізнэс павінен быць болей маральны і чалавечны. Чалавек, гэта не "homo economicus", бяздушны робат, элемэнт працэсу вытворчасьці. Праўда, у будызьме і гіндуізьме ёсьць элемэнты, якія можна ўспрыняць, як апраўданьне пасіўнасьці, аднак хачу падкрэсьліць, што кожная рэлігія можа станоўча, хаця і ўскосна, міжвольна, стымуляваць разьвіцьцё эканомікі. Рэлігія проста падмацоўваньне імкненьне чалавека і грамадзтва да разьвіцьця, дабрабыту, да багацьця. Сьвятое Пісаньне дазваляе і падаахвочвае да гэтага, бо гэта чалавечае права “напаўняць зямлю і валодаць ёю”.

Гэта быў прафэсар Анджэй Звалінскі. Такім чынам, удзельнікі сёньняшняй перадачы згодныя з амэрыканскімі сацыёлягамі ў тым, што рэлігійная вера зьяўляецца адным з важных чыньнікаў эканамічнага разьвіцьця. Прынамсі хрысьціяне ня могуць ня ведаць, што праца зьяўляецца адным з асноўных запаветаў, і паводле Бібліі “хто не працуе – хай і ня есьць!”

Амэрыканскія дасьледчыкі зьвярнулі ўвагу на яшчэ адну акалічнасьць: дзеля эканамічнага разьвіцьця карысны рэлігійны плюралізм. Гэта добрая навіна для шматканфэсійнай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG