Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: А ТУТ ЯНА ШЭЙ-НА-КАТРЫНКУ ЯК ЗАВЯДЗЕ, ДЫК БЕЗ УПЫНКУ…


Юрась Бушлякоў, Менск

Нядаўна на просьбу слухача я разьбіраў паасобныя словы з Коласавай паэмы “Новая зямля”. Засталася яшчэ пара пытаньняў пра скарыстаныя Коласам словы.

(Слухач:) “У 12-ым разьдзеле Колас піша: “А тут яна шэй-на-катрынку Як завядзе, дык без упынку”. Што такое катрынка, мне ясна, а вось што такое шэй-на-катрынка? У 25-ым разьдзеле: “І гоніць з твару поту рагі…” Тут ясна, што рагі – гэта струмені, але адкуль такое слова, з чым яно вяжацца й дзе яго карані? Калі ласка, патлумачце”.

Паводле выдадзенага летась “Тлумачальнага слоўніка адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа”, завесьці шэй-на-катрынку – гэта ‘пачаць дакучлівую размову, гаварыць адно й тое ж’. З кантэксту, з Коласавага сказу такое тлумачэньне зрабіць няцяжка, застаецца, аднак, пытаньне, што ж гэта за шэй-на-катрынка. Дакопвацца да паходжаньня замінае напісаньне – з злучкамі пасьля шэй і перад катрынкаю. Мне здаецца, што напісаньнем зацямняецца тут даволі пашыранае габрайскае прозьвішча Шэйн. Жыў сабе Шэйн і хадзіў з катрынкаю, граў на катрынцы. І так катрынка Шэйна (Шэйна катрынка) увайшла ў жыцьцё й мову людзей. Казалі, прыкладам, што нехта завёў Шэйна катрынку. У “Новай зямлі” Шэйна катрынку завяла Міхалава жонка:

Цьфу! дня табе няма і ночы,

І ні часіначкі спакою;

Чорт кожны вяжацца слатою,

А тут яна шэй-на-катрынку

Як завядзе, дык без упынку.

А зараз яшчэ – пра згаданыя нашым слухачом рагі. Рага – слова зь літаратурнага лексыкону. Рагаю называем струменьчык, сьлед нечага вадкага на паверхні. Што да паходжаньня гэтага слова, тут ніякае адназначнасьці – ёсьць вэрсіі пра балцкія вытокі рагі, ёсьць спробы вывесьці рагу з старажытніндыйскага слова sárga (у даслоўным перакладзе sárga – ‘струменьчык, які цячэ, які ліецца’. Блізкае да нашай рагі слова srága ёсьць у славенцаў і харватаў. Srága ў славенскай мове – гэта кропля поту, у дыялектах харвацкай – проста ўсякая кропля. Не забываймася, што ў нашай мове рага – гэта стуменьчык на нейкай паверхні. Гаворым па-беларуску: рагі поту на твары, дажджавыя рагі на шыбах, рагі фарбы на сьценах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG