Галоўнымі мэтамі дзейнасьці заснаванага 50 гадоў таму Англа-беларускага таварыства і сёньня застаюцца узмацненьне сяброўства паміж двума народамі ды пашырэньне ў Вялікай Брытаніі ведаў пра гісторыю і культуру Беларусі. Таму, як распавёў радыё Свабода старшыня таварыства Васіль Еўдакімаў, большасьць сябраў арганізацыі – брытанцы.
(Еўдакімаў: ) “За гэтыя 50 гадоў мы мелі ў складзе Таварыства шмат выбітных асобаў – дэпутатаў парлямэнту і ўзначальвалі таварыства прадстаўнікі брытанскіх арыстакратычных дынастыяў. Цяпер у нас каля 75 сябраў. Зь іх прыкладна 30% – беларусы, а астатнія – ангельцы, ірляндцы, шатляндцы”.
Ў сёньняшніх урачыстасьцях з нагоды Дня Волі і 50-цігодзьдзя працы таварыства, сярод іншых, узялі удзел дэпутаты брытанскага парлямэнту, прадстаўнікі брытанскага МЗС і амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі, Браен Бэнэт, які выступіў з прамовай.
Паводле Васіля Еўдакімава, Таварыства, нягледзячы на даволі сур’ёзны ўзрост, пачуваецца вельмі добра і яшчэ сёлета плянуе наладзіць шэраг мерапрыемстваў зьвязаных зь Беларусьсю. Сярод іх – лекцыі вядомых ангельскіх навукоўцаў, прысьвечаныя, напрыклад, творчасьці і сяброўству Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, розным поглядам на гістарычныя падзеі часоў Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі ды іншыя.
(Еўдакімаў: ) “Сёлета да нас прыедзе яшчэ прафэсар з Вашыгтону, які распавядзе пра сытуацыю з “Актам у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”, які разглядаецца Кангрэсам і наш госьць бярэ ў гэтым удзел у якасьці дарадцы. Дык будзе шмат лекцыяў, а таксама Купальле. Купальлем тут вельмі цікавяцца. Безумоўна – Каляды. Гэта традыцыйныя, штогадовыя сьвяткаваньні”.
Варта дадаць, што Таварыства мае сваё друкаванае выданьне, гэта “Беларуская хроніка”, якая выдаецца па-ангельску.