Старшыня расейскага фонду “Галоснасьць” Аляксей Сіманаў наведаў Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. На думку Аляксея Сіманава, сытуацыя зь ліцэем ёсьць адлюстраваньнем палітыкі беларускага ўраду. Аляксей Сіманаў на адной з кватэраў, дзе вучацца навучэнцы коласаўскага ліцэю, сустрэўся з выкладчыкамі й ліцэістамі.
(Сіманаў: ) “Дзіва, што гэта загнана ў падпольле. Цудоўныя дзеці, абсалютна раскаваныя. Нармальныя, крыху больш звычайнага палітызаваныя, але гэта тлумачыцца тым, што яны апынуліся на пярэднім краю палітыкі. Гэта ўжо зусім бязглузьдзіца. Па-першае, крыўдна, па-другое, незразумела. У Расеі змагаюцца, каб у Латвіі выкладалі на расейскай мове расейскамоўным, што нібыта там парушаюць іхныя правы. А тут…
Вось зь дзецьмі я размаўляў, і ніякіх праблемаў. Насамрэч гэта павага да ўласнай мовы, да ўласнай гісторыі, да ўласнай культуры. Я ня вельмі разумею Аляксандра Рыгоравіча. Выжываньне ня можа быць коштам выжываньня кагосьці іншага. Ягонае выжываньне ўсё ж такі залежыць ад аўтэнтычнасьці народанасельніцтва. Няважна мінімум-максымум, але мова павінна існаваць. Яна ўсё роўна ня згіне. Такія мовы ня гінуць, гэта няпраўда. Усю краіну перарабіць на расейскую мову ён таксама ня здолее. Ён і сам размаўляе на сумесі расейскай, беларускай і ўкраінскай. На суржыку — а-а, на трасянцы”.
Пасьля размовы зь ліцэістамі расейскі журналіст выказаў занепакоенасьць іх лёсам:
(Сіманаў: ) “На нейкі час з гэтых дзяцей створаць палітыкаў. Бо яны самі таго не жадаючы вымушаныя ўцягнуцца ў палітыку. Калі гэта будзе працягвацца доўгі час, канечне, дзеці гэтага не вытрымаюць. У дзяцей узьнікаюць праблемы з паступленьнем. Наогул, у вас адна з сур’ёзных праблемаў — гэта ўцёкі мазгоў на Захад. І гэта вельмі скрушна”.
Старшыня гарадзкога аддзелу адукацыі Міхаіл Ціцянкоў падчас прэсавай канфэрэнцыі запэўніў журналістаў, што ліцэістам дазволяць здаваць тэсты ў школах па месцы жыхарства кожнага. Выпускнікам дадуць атэстаты аб заканчэньні той школы, у якой яны здавалі экзамэны. Тое, што дзеці чатыры гады вучыліся ў ліцэі, у гэтых дакумэнтах пазначана ня будзе. Кіраўнік аддзелу адукацыі паведаміў, што хутчэй за ўсё чыноўнікі адмовяцца ад ідэі стварыць Менскі гарадзкі ліцэй замест ліквідаванага Нацыянальнага. Ён патлумачыў гэта тым, што, па-першае, не было жадаючых паступаць у новы ліцэй, па-другое, няма будынку.