Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ РАКАЎ ЛОВЯЦЬ


Рыгор Барадулін, Менск

Рак. Крывічы болей кажуць “арак”. І ласунак, і прынада для воднага паляваньня.

Рак у вадзе пад карчамі ў вірах, у беражыстых норах.

Рак у небе — сузор’е.

Рак на стале, рак у гараскопах.

Абмінуць яго ніяк нельга. Пра яго, які задам ходзіць, і песьні калючыя, юрлівыя кшталту:

На моры жабка
Красенцы ткала.
Прыйшоў арачак
Да жабкі ў сваты,
Даець ёй ганьбу
Вахлакаваты:

— А ў цябе ў жабкі
Кароткі лапкі.
— А ў цябе, рачак,
У срачцы вочкі.


Так і сарваўся шлюб.

А ў рыбакоў быў клопат, хапіла фатыгі:

Рыбакі лавілі рыбу,
А спаймалі рака.
Цэлы дзень яны глядзелі,
Дзе ў арака с..ка.


Гэта, калі на досьвітку злавілі, ды ў летні ясны дзень багата часу пайшло на выглёдзіны.

Рак у дзіцячых калямбурыстых пацешках:

Нас рана, нас рана
Мама разбудзіла.
Супу з ракам, супу з ракам
Мама наварыла.


Рак у прымаўках, у показках, у лютых кляцьбёнах. Як з раку наедку. Грозен арак, ды ў с..цы вочы. Не хаці ты аракаў і не мачы ты с..ку.
А пэўная пастава — ракам — з рознаякіх нагодаў. Стаяць ракам, рачкаваць.

У кожнай мясьціне ловяць аракаў па-свойму. Самы старажытны спосаб, да прыкладу, падае Васіль Быкаў у сваёй геніяльнай споведзі “Доўгая дарога дадому”: “...лавілі ракаў, — тыя яшчэ вадзіліся. Калі трохі падрос, памятаю, хадзілі ноччу са смаляком. Смаляк запаліш, а яны вакол выпаўзаюць на водмель, нават страшнавата робіцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявішча на беразе, а ён — цоп за палец, і цягнеш яго”.

Я й сам так лавіў аракаў. Бывала, малому хітраватыя вушацкія дзядзькі раілі: скінь штонікі й заходзь у рэчку каля карчоў. Рачок і ўхопіцца за стручок. У жаху аберуч хапаліся мы за свае стручкі.

Лавілі аракаў і ня голымі рукамі. Раскеплівалі палачку й торкалі яе пад корч. І такім драўляным пінцэтам цягнулі арака. Не разьбіралі, перадам ці задам упіраецца рухомы панцыр.

Ёсьць і хітрэйшыя ў сваёй задуме мэтады. З дроту выгінаецца кручок, на кручок усаджваюць тлустую муху. Ласы кручок топяць у балацявінку й на яго вывуджваюць жабу, на муху рапуху. Потым жабу падсмажваюць. З лазы пляцецца нешта накшталт чарніліцы-невылівачкі. У чарніліцу гэтую запрашаюць смажаную жабу. Чарніліцу ставяць на вірах, ля пячораў у берагах. У яе й палезуць аракі, а назад ня вылезуць, бо ходзяць наадварот.

А самы надзейны й лёгкі спосаб лавіць аракаў — што называецца на залаты кручок. Адразу вароныя, адразу чырвоныя, як бальшавікі. Пра такіх аракаловаў ёсьць вясёлая ўсьмешка.

Сынок ідзе з мамай каля піўной. Як казаў Уладзімер Караткевіч, каля піўняка. І раптам закрычаў: “Мама, мама, а там дзядзькі піва з ракамі п’юць”. Мама і тлумачыць спакойна: “Сынок мой, гэта ў іх морды такія...”

Як беларусы аракаў ловяць, можна распавядаць багата й вясёла. Сумна толькі адно, што трэба ўдакладняць, як беларусы аракаў лавілі, бо хімізацыя вымыла й рэкі, й азёры, й віры, й падкарчэўе. Застаецца сподзеў, што аракі, хоць задам, ды прыйдуць зноў на свае раковішчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG