25 лістапада выканаўца абавязкаў прадстаўніка ААН у Беларусі Кэвін МакГрэт падчас прэзэнтацыі глябальнага дакладу ААН “Разьвіцьцё эпідэміі СНІДу за 2003 г.” упершыню агучыў найноўшыя лічбы распаўсюду СНІД у сьвеце. Яны застаюцца высокімі й даюць падставы сьцьвярджаць, што пандэмія СНІДу можа быць гэткай распаўсюджанай, як сярэднявечныя пандэміі, але нашмат больш працяглай і глябальнай:
(МакГрэт: ) “У сьвеце 40 мільёнаў чалавек жывуць са СНІД. За 2003 год было выяўлена 5 мільёнаў новых выпадкаў заражэньня. Летась — 4800 тысяч, так што трывожная тэндэнцыя ёсьць. За год СНІД забраў жыцьці 3 мільёнаў людзей. Штодня 14 тысяч інфікуецца людзей”.
Прычынамі шырокага распаўсюду СНІДу спадар МакГрэт назваў беднасьць і неабазнанасьць насельніцтва ў шэрагу рэгіёнаў сьвету, а таксама дарагоўлю лекаў. З прычыны высокага кошту антырэтравіруснай тэрапіі (найпрасьцейшая тэрапія аднаго ВІЧ-інфікаванага каштуе ад 10 да 30 тысяч даляраў на год), да прыкладу, толькі 1% інфікаваных у Паўднёвай Афрыцы маюць доступ да мэдычнай дапамогі. У Беларусі антывірусную тэрапію атрымліваюць толькі 30 чалавек з 5200 выяўленых інфікаваных. Зрэшты, намесьнік міністра аховы здароўя Валеры Ключановіч сьцьвердзіў, што насамрэч інфікаваных беларусаў — каля 15 тысяч.
Сёньня было абвешчана, што Беларусі выдзеленая першая транша гранту Глябальнай фундацыі па барацьбе са СНІДам, сухотамі й малярыяй. Транша складзе 6 мільёнаў даляраў на год, а ўсяго на пяць год Беларусь можа атрымаць 17 мільёнаў даляраў. Міністэрства аховы здароўя хоча разьмяркоўваць гэты грант і абяцае выканаць усе патрабаваньні спонсараў. Гаворыць намесьнік міністра аховы здароўя сп. Ключановіч:
(Ключановіч: ) “На лячэньне, на разьвіцьцё лябараторнай базы, на сетку НДА, на прафіляктычна-адукацыйную працу — вось чатыры кірункі расходваньня грошай. Мы прапанавалі, каб грант разьмяркоўвала Міністэрства аховы здароўя. Калі будзе падтрымка міжнародных мэнэджэраў, мы й будзем разьмяркоўваць сродкі”.
Уласных сродкаў Беларусь траціць на барацьбу са СНІД 10 мільёнаў даляраў на год. Гэтага недастаткова дла лячэньня хворых. Сытуацыя была б лепшая, каб Беларусь пайшла шляхам Бразыліі альбо Індыі, якія набылі дазвол Усясьветнай арганізацыі здароўя на вытворчасьць танных прэпаратаў для тэрапіі — г.зв. джэнэрыкаў. Джэнэрыкі — гэта эрзацы арыгінальных, патэнтаваных лекаў. Аднак, па словах сп. Ключановіча, усясьветнае фармацэўтычнае лобі замінае распаўсюду танных джэнэрыкаў, каб атрымліваць прыбытак ад дарагіх прэпаратаў.
Розьніца ў коштах паміж тэрапіяй арыгінальнымі прэпаратамі й джэнэрыкамі складае да 100 разоў. Гаворыць асьпірант Мэдычнай акадэміі постдыплёмнай адукацыі Мікола Галабародзька:
(Галабародзька: ) “Антырэтравірусная тэрапія каштуе вялізных грошай. Вядомы досьвед Бразыліі й Індыі, якія альбо наладзілі выпуск уласных прэпаратаў, або выпускаюць г.зв. джэнэрыкі. Арыгінальныя прэпараты “пацягнуць” на 30 тысяч даляраў на год, а джэнэрыкі — каля 300 даляраў”.
Дадам, што самы танны расейскі джэнэрык ранкалейкін каштуе 12 даляраў за капсулю. “Альтэрнатывы вытворчасьці уласных танных джэнэрыкаў няма”, — сьцьвярджаюць у Міністэрстве аховы здароўя. Таму Беларусь будзе дамагацца, каб УАЗ усё ж выдала дазвол на прадукаваньне беларускіх прэпаратаў ад СНІД. Засталося толькі пераадолець супраціў фармацэўтычных карпарацыяў, якія не жадаюць разьвітвацца зь мільярднымі прыбыткамі.