Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАД СЬЦЯГАМІ ПАЗЬНЯКА — НЕ НАРОД, А ЖМЕНЬКА ДЗІВАКОЎ”


Валянцін Жданко, Менск

Ужо колькі гадоў Беларусь балянсуе на мяжы страты незалежнасьці. Кіраўнік суседняй дзяржавы бязь ценю зьбянтэжанасьці прапануе беларускаму кіраўніцтву ўвайсьці ў склад сваёй імпэрыі на правах правінцыі. Беларускія ўлады абмяркоўваюць, як даражэй прадаць сваю згоду адмовіцца ад нацыянальнай валюты на карысьць валюты суседняй дзяржавы. Увогуле без абмеркаваньня і бяз гандлю адбываецца татальнае выцясьненьне і вынішчэньне нацыянальнай мовы.

Чаму беларусы моўчкі назіраюць за ўсім гэтым? Чаму дазваляюць, каб вырашэньне лёсавызначальных для будучыні нацыі пытаньняў адбывалася без удзелу народу? Вельмі многія нашыя слухачы апошні час спрабуюць адказаць на гэтыя пытаньні.

“Калі б беларусаў сапраўды хваляваў лёс сваёй краіны, сваёй нацыі, тады супраць Лукашэнкі выступалі б не адзінокія, вартыя жалю пікетоўцы, якіх лёгка запіхнуць на 15 сутак у ізалятар, — піша наша слухачка зь Менску Надзея Багацька. — Тады б на плошчу перад палацам Лукашэнкі выйшлі 100 тысяч людзей. І тады людзі размаўлялі б на мове сваіх бацькоў і дзядоў. І краіна тады была б часткай Эўропы, яе ведалі б і паважалі б у сьвеце.

Але нічога гэтага няма. І ня трэба, Радыё Свабода, ружовых акуляраў. Калісьці я была рамантычнай ідэалісткай, хадзіла на ўсе мітынгі з удзелам Пазьняка, сама пашыла бел-чырвона-белы сьцяг. І дзе цяпер той Пазьняк, дзе тыя сьцягі? Пад імі — не народ, а жменька дзівакоў. А народу ўсё роўна...”

Лёгка зразумець вашае расчараваньне, спадарыня Багацька. Такія настроі, напэўна, уласьцівыя многім, хто меў вялікія спадзяваньні і ўскладаў вялікія надзеі на народнае волевыяўленьне ды грамадзкую актыўнасьць. Грамадзтва ўвогуле не выпадае ідэалізаваць, як і чакаць нейкіх масавых праяваў грамадзянскай мужнасьці і адвагі.

Беларусы такія, як ёсьць — з такім вось асаблівым стаўленьнем да мовы, да сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў, да палітычнага ладу ў сваёй краіне. Але ёсьць значная частка грамадзтва, якая цьвяроза ўсьведамляе тое, што адбываецца, імкнецца да зьменаў і набліжае іх сваёй дзейнасьцю. І, зразумела, трэба яшчэ мець на ўвазе, што рэальныя грамадзкія настроі сёньня зьнешне заўважыць цяжка. Далёка ня кожны далучыцца да мітынгу, калі ведае, што за гэта яго могуць кінуць у турму, зволіць з працы, асудзіць да астранамічнага паводле беларускіх мерак штрафу.

Але гэты ўнутраны ціск, які імкнецца стрымаць улада, сілай утрымліваючы накрыўку катла, што закіпае, небясьпечны найперш для таго, хто гэту накрыўку цісьне. Бо рана ці позна настане час, калі гэтая небясьпечная і, як здаецца ўладам, утаймаваная энэргія знаходзіць выйсьце.

На гэтую ж тэму электронны ліст ад слухача, які падпісаўся як Маркус Карлсан:

“Пiшу вaм з далёкай Швэцыі. Сам я беларус, але атрымалася так, што жыву тут. Koжны дзень зь вялікай цікавасьцю чытаю вас у Інтэрнэце. Ведаеце, у асноўнай масы беларусаў, якія прыехалі сюды, мэта адна: зарабіць як мага больш грошай. А да Беларусі яны ставяцца абыякава, ім напляваць на яе будучыню. Aле ёсьць і сапраўдныя беларусы. І мы робім што можам на карысьць нашай краіны. I калі прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі абвесьціць пра рэфэрэндум наконт трэцяга тэрміну ці далучэньня Бeлaрусi дa Рaсеі, мы ўсе адразу вернемся ў Беларусь, каб aбaрaніць яе любымі сродкамі!

Асабіста я прыйшоў да высновы (з маіх кантактаў зь беларусамі на Беларусі), штo aмаль усе на радзіме aпусьцілі рукі, ня вераць у апазыцыю... Але ня трэба быць пэсымістамі, трэба змагацца!” — напісаў наш слухач са Швэцыі, які падпісаўся як “Маркус Карлсан, сапраўдны беларус”.

Ён таксама паведаміў, што не назваў сваёго сапраўднага прозьвішча, бо непакоіцца за сваякоў, якія засталіся ў Беларусі.

Ліст ад Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач паведамляе:

“З 1 верасьня ў школах увялі абавязковыя палітзаняткі — палітінфармацыі. Школьнікам нецікава, ды і неахвота заставацца ў школе пасьля асноўных урокаў. Але настаўнікі запалохваюць, пагражаюць, што могуць быць непрыемнасьці пры паступленьні ў ВНУ.

Таксама ў абавязковым парадку запісваюць у піянэры. Асабіста я, хоць вучыўся зусім у іншы час, піянэрам прабыў усяго некалькі гадзінаў. У школе мне павязалі гальштук, а падыходзячы да хаты, я яго зьняў. Калі б увайшоў у хату ў гальштуку, дык бацька мне паказаў бы піянэраў — паслаў бы туды, куды Макар цялят не ганяў”, — напісаў Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Уражвае, спадар Сац, што ваш бацька так цьвёрда трымаўся сваіх поглядаў за камуністамі, калі гэта было небясьпечна. Цяпер у беларускіх школах спрабуюць вярнуць колішнюю сыстэму ідэалягічнага выхаваньня — тыя ж палітінфармацыі, прымусовае ўступленьне ў піянэры і БРСМ. Але запалохаць людзей так, як гэта было пры камуністычнай дыктатуры, сёньня немагчыма.

Часта гэты прымус выклікае пратэсты, і многія людзі не баяцца пратэст выказваць. Гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу — і карыкатурныя спробы аднавіць колішнюю ідэалягічную машыну выклікаюць ня страх, а насьмешкі, кпіны ды анэкдоты. Вельмі верагодна, што ў выніку гэтая ідэалягічная апрацоўка прынясе эфэкт, процілеглы таму, на які разьлічваюць ейныя натхняльнікі ды выканаўцы.

Ліст ад Уладзімера Шадзенкі зь вёскі Міхалкова Віцебскага раёну. Слухач піша:

“Ужо доўгі час я суджуся з аддзелам сацыяльнай абароны. І мяне абурае тое, што паўсюль мяне вымушаюць карыстацца выключна расейскай мовай. Абскарджваў я дзеяньні суду ва ўсіх судовых ды пракурорскіх установах Беларусі. І асаблівую ўвагу зьвяртаў на моўную дыскрымінацыю. Ва ўсе ўстановы зьвяртаўся на сваёй мове і патрабаваў, каб мне адказвалі на ёй жа. Ды куды там! Нават зь Менску далі адказ па-беларуску толькі пасьля паўторнага звароту.

Урэшце мая заява ў суд дзесьці згубілася, і мне прапануюць напісаць новую. Калі б тое зьмяніла іх стаўленьне да беларускай мовы — я б напісаў. Але ж не. Становіцца яшчэ горш. Русіфікатары ды іх памагатыя не супыняюцца. Вельмі хацеў бы з гэтай нагоды зьвярнуцца ў Страсбур, у Эўрапейскі суд правоў чалавека. Паведамце, калі ласка, як гэта зрабіць”.

На жаль, спадар Шадзенка, заяву ў Эўрапейскім судзе ў вас ня возьмуць. Паколькі Беларусь не прынятая ў Эўрапейскую Раду, то і не бярэ на сябе абавязкаў выконваць рашэньні гэтага суду. А дыскрымінацыя беларускамоўных грамадзянаў у Беларусі, сапраўды, набыла масавыя маштабы. У нашай пошце шмат лістоў на гэтую тэму. Многія зь іх гучалі ў эфіры. Зусім відавочна, што татальная русіфікацыя ўсяго грамадзкага жыцьця — гэта сьвядомая і мэтанакіраваная палітыка ўладаў. З гэтым даводзіцца сутыкацца на кожным кроку, ва ўстановах, на вуліцы, у транспарце, у школах. Існуе закон, які фармальна гарантуе роўнасьць дзьвюх моваў, але ў сапраўднасьці ён цалкам ігнаруецца. Суды заплюшчваюць на гэта вочы, бо ведаюць, ад каго зыходзіць такая палітыка.

Вядомая ў Беларусі праваабаронца Аксана Новікава ў сваім электронным лісьце на Свабоду падзялілася меркаваньнямі наконт новага закону аб сродках масавай інфармацыі, які рыхтуюць улады з ініцыятывы Аляксандар Лукашэнкі. Слухачка піша:

“Журналісты — адна з самых неабароненых катэгорыяў насельніцтва. Прычым, ня толькі ў нас, але і за мяжой. На іх цісьне патройны прэс. Па-першае, з боку дзяржавы. Па-другое, з боку рэдактара. Пры гэтым, калі журналіст страціць працу, знайсьці новую яму вельмі і вельмі нялёгка. Новы закон аб СМІ павінен абараняць журналістаў, а не рабіць іхнае жыцьцё яшчэ больш бязрадасным шляхам ускладненьня разнастайных працэдураў прафэсійнай дзейнасьці. Таму ўсе, каму падабаецца чытаць свабодную прэсу, павінны выступіць супраць гэтага закону”.

Сапраўды, спадарыня Новікава, новы закон аб сродках масавай інфармацыі у тым выглядзе, у якім яго падрыхтавалі чыноўнікі, накіраваны найперш супраць журналістаў недзяржаўных выданьняў. Улада рыхтуецца да новых палітычных кампаніяў, таму імкнецца, каб у люстэрку мэдыяў было толькі прывабнае адлюстраваньне яе дзейнасьці.

Для журналістаў недзяржаўных газэтаў гэта азначае, што іх чакаюць новыя судовыя пазовы, буйныя штрафы, канфіскацыі накладаў, пазбаўленьне друкарняў, усё тое, што было і напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году, і перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001-га.

Апошнімі днямі нам таксама даслалі лісты Ганна Матусэвіч зь Дзяржынску (Койданава), Мікалай Вязьмін, Ільля Копыл і Мікалай Лясовіч зь Менску, Міхаіл Лысевіч зь Ліды і Ўладзімер Крушкін з Магілёва. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG