Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛ ФРАЛОЎ: ПАМІЖ ВЫБАРЦАМІ І “ВЭРТЫКАЛЬЛЮ”


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Апошні час імя дэпутата Палаты прадстаўнікоў генэрала Валера Фралова, аднаго зь лідэраў групы “Рэспубліка”, зрабілася вядомым у краіне. У яго шмат клопатаў, але даволі часта спадар Фралоў наведваецца да сваіх выбарцаў у Гарадзенскі і Бераставіцкі раёны. Як ставяцца шарагоўцы і мясцовыя ўлады да дэпутата-апазыцыянэра?

Бліц-апытаньне тутэйшых найперш засьведчыла сумнеўную эфэктыўнасьць дзяржаўнае прапаганды, скіраванай супраць “мяцежнага” генэрала. Дзякуючы ёй людзі ведаюць Фралова. Аднак стаўленьне да яго сфармавалася зусім не такое, як чакалі ўлады. Крытыка тэлебачаньня, радыё, прэсы была занадта агрэсіўная, злая, таму шмат хто зразумеў: тут звычайная палітычная замова.

(Спадар: ) “Разумееце, яны не ўлічылі чыста славянскай рэакцыі: нашы людзі шкадуюць таго, каго цкуюць. А ў дадзеным выпадку перасьледуюць чалавека, які зблізу пабачыў сутнасьць улады і знайшоў у сабе мужнасьць сказаць пра гэта ўголас”.

(Спадарыня: ) “Адразу я Фралова не любіла — лічыла яго чалавекам улады. Але калі пачаўся гэты ганебны перасьлед, даравала нават некарэктнае ўступленьне ў дэпутацтва”.

Апошняя рэпліка вартая тлумачэньня. Тым больш, тую сытуацыю ўзгадалі некалькі чалавек. З назіраньняў людзей, генэрала ня проста ўвялі ва ўладу са згоды былога “губэрнатара” вобласьці спадара Дубка, а з “параднага” ўваходу. Калі ў райвыканкаме прызначылі час для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, дык прозьвішча апранутага ў вайсковую форму адстаўніка Фралова ўнесьлі ў афіцыйныя пратаколы за гадзіну да таго, як у будынак пусьцілі астатніх ягоных супернікаў. Засталося ў памяці людзей і тое, што двух найбольш моцных канкурэнтаў не зарэгістравалі, пакінулі для прыліку таго, хто практычна ня меў шанцаў на перамогу. Размаўляем з самім дэпутатам:

(Карэспандэнт: ) “Ці меркавалі вы некалі самі, што праца ў Палаце прадстаўнікоў так зьменіць вашае палітычнае крэда, як падаецца збоку? А збоку падаецца, што фактычна вашая пазыцыя радыкалізавалася”.

(Фралоў: ) “Я не лічу, што раптам так зьмяніўся… Я і ў дэпутаты пайшоў, бо традыцыйная атмасфэра не дазваляла вырашаць шмат якія праблемы нават у рамках майго вайсковага аб’яднаньня. І мне падавалася, што праз парлямэнт я хоць троху буду мець магчымасьці паўплываць на жыцьцё так, каб яно хоць крыху стала лепшым. Але праседзеў там год і ўбачыў, што парлямэнт у нас не дазваляе асабліва радавацца, ягоныя месца і роля ня вельмі вялікія. Мне гэта ня дужа спадабалася”.

Калі летась дэпутат Фралоў нечакана зьявіўся ў Горадні і выступіў перад прадстаўнікамі апазыцыйных арганізацыяў, дык усе пабачылі невядомага дагэтуль чалавека. Ён сказаў, што не жадае болей заставацца статыстам у Палаце прадстаўнікоў, хоча паспрабаваць дабіцца зьменаў у гэтай краіне. І такога чалавека чакалі. Гаворыць Зьміцер Іваноўскі, кіраўнік незарэгістраванага грамадзкага руху “Гарадзенскі выбар”:

(Іваноўскі: ) “Да Фралова і да ягонай дзейнасьці часам можна ставіцца так, нібыта вось ён там штосьці спрабуе рабіць на міжнародным узроўні, на агульнарэспубліканскім і менш часу аддае дарогам ці таму, што ў кагосьці плот зламаны. Можа, хтосьці з выбарцаў будзе і абурацца гэтым. Але трэба нам усім зразумець: чалавек, які абраны ў Палату прадстаўнікоў, якраз і мусіць вырашаць асноўныя справы рэспубліканскага ўзроўню, што ён на сёньняшні дзень і спрабуе рабіць”.

А вось малады спэцыяліст Юлія Рабцава думае інакш:

(Рабцава: ) “Я лічу, што любы з палітыкаў, хто імкнецца да ўлады, павінен болей выходзіць да народу, дапамагаць у канкрэтных справах. Бо людзі ўвогуле далёкія ад палітыкі. Яны прымаюць па канкрэтных справах. А нейкія палітычныя гульні, па-мойму, мала каго хвалююць у агульнай масе”.

Між іншым, прыблізна так мяркуе і шмат хто з палітыкаў, якія прывыклі да вывучэньня жыцьця ці не выключна праз Інтэрнэт — настрой вяскоўцаў, напрыклад, ацэньваюць, не сыходзячы з асфальту. А Фралоў — у бясконцых вандроўках па краіне; зразумела, не абмінае і сваю сельскую акругу. Выснову робіць такую:

(Фралоў: ) “Калі сустракаюся зь людзьмі, дык яны ўжо не пытаюцца пра нейкія там дахі, платы, газ, дарогі, туды-сюды… Яны ўжо пачалі разумець: прыляпіць некаму там дошку, зрабіць дарогу — дык можа тое й не галоўнае. Мне здаецца, што адносіны да жыцьця і ацэнка існай у краіне сытуацыі неяк у людзей зьмяняюцца, зрухі ёсьць — не такі дурны ў нас народ. Ужо шмат чаго разумее. Ну дзесяць гадоў запар яму кажуць, што заўтра будзе лепш, а не стаецца так… І даходзіць да іх, што патрэбныя перамены буйныя, канцэпутальныя, каб неяк па-іншаму яны жылі”.

Вось як, напрыклад, разважае выбарца Ўладзімер Калушын:

(Калушын: ) “Я мяркую, што цяпер важней вырашаць глябальныя пытаньні. Людзі павінны бачыць наперад: без разьвязаньня праблемаў агульнакраёвых, без усталяваньня парытэту ці хоць адноснай раўнавагі паміж сыстэмай улады гаварыць пра разьвязаньне чыста мясцовых пабытовых праблемаў заўчасна”.

Адначасова дэпутат заўважае: хоць такі настрой зьявіўся і мацнее, аднак грамадзкая сьвядомасьць яшчэ не насьпела да рашучага адстойваньня ідэяў сапраўднага, а не дэкаратыўнага народаўладзьдзя. Фралоў зусім не заклікае сваіх выбарцаў да актыўнай палітычнай дзейнасьці, з дазволу сказаць, на барыкады — якое там, калі палохаюцца нават старшыні сельсавету. А той у сваю чаргу служыць не суседзям-землякам, а прызначанаму Лукашэнкам кіраўніцтву раённай вэртыкалі. Дэпутат узгадвае адну з сустрэчаў:

(Фралоў: ) “Яны мне кажуць: мы зноў вас абярэм, туды-сюды, мы вас падтрымаем… Але я запытаўся ў старшыні сельсавету: “Валодзя, калі будзе каманда — ты станеш супраць мяне працаваць?” Адказаў: “Буду”.

(Карэспандэнт: ) “Вы пры ўсіх спыталіся, і ў яго хапіла мужнасьці, сумленьня так адказаць?”

(Фралоў: ) “Так. Кажу вяскоўцам: бачыце, паважаныя, што атрымліваецца? Хочаце ізноў абраць мяне, але ж вам будзе вельмі цяжка, бо мае паводзіны не зусім падабаюцца нашаму кіраўніцтву”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі ўспрынялі гэта зь нейкім сьмяшком, або з пэўным абурэньнем? Было ў іх разуменьне дзікасьці сытуацыі?”

(Фралоў: ) “Іх уразіў ягоны сумленны адказ: будзе выконваць спушчаныя зьверху каманды”.

Так, пакуль мала знойдзецца тых, хто рызыкне замінаць, казаць пра справядлівыя, празрыстыя выбары, што прыйшоў іншы час. Чакаць гэтага, са словаў Фралова, яшчэ не даводзіцца. Аднак ён падкрэсьлівае: вялізным крокам наперад у сьвядомасьці людзей ужо тое, што яны разумеюць абсурднасьць такой сытуацыі. І са свайго боку робіць захады, каб абудзіць грамадзянскую актыўнасьць. Часам, праўда, яны па-рознаму ўспрымаюцца.

(Карэспандэнт: ) “Вашу апошнюю гучную ініцыятыву пра рэвалюцыю ў аплаце жыльлёва-камунальных паслугаў многія ўспрынялі як папулісцкую. А некаторыя кажуць: ага, хітры Фралоў пачаў ваяваць па законах свайго палітычнага апанэнта”.

(Фралоў: ) “Я працую на тым жа полі, дзе і Аляксандар Рыгоравіч, на тым жа палітычным полі. Чаму камунальныя плацяжы павялічыліся ў 1500 разоў, а сярэдні заробак недзе ў 440 разоў? Плата за камунальныя паслугі апярэджваецца за два гады ў 3,1 разу, а за тры гады — у пяць разоў! Ну які тут сэнс? Каб людзі зараблялі, дык хай бы й плацілі. Але ж трэба стварыць умовы, каб яны маглі плаціць!”

Фралоў даводзіць выбарцам гэткую ўражвальную статыстыку ня толькі дзеля лепшае іхнай арыентацыі ў жыцьці, але й каб людзі зразумелі: вось дзе поле асноўнай ягонай дзейнасьці:

(Фралоў: ) “Акрамя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ёсьць яшчэ дэпутаты сельскіх, раённых, абласных саветаў, якія павінны вырашаць пытаньні, зьвязаныя з сацыяльнымі праблемамі. Найбольш аптымальны варыянт, калі дэпутат працуе ў сваім рэгіёне і бачыць праблематыку ў комплексе — чаму не хапае грошай на газіфікацыю, на дарогі, чаму ў сельскай гаспадарцы ня ўсё добра”.

Адначасова Фралоў зусім не цураецца традыцыйных клопатаў, зь якімі звычайна зьвяртаюцца да дэпутатаў шарагоўцы. Бо стратэгія стратэгіяй, а жыцьцё заганяе выбарцаў у кут, і часьцяком даводзіцца разьлічваць толькі на дапамогу выбітных асобаў.

Зь іншага боку, дапамагаючы з водазабесьпячэньнем, транспартам, ацяпленьнем, генэрал лепш спасьцігае ўладны мэханізм. Не сакрэт: шмат для каго з апазыцыі гэта ўвогуле тэра інкогніта! Фралоў ня зь іх. Так, дзякуючы ягоным прабіўным здольнасьцьям, выбарцам у Бераставіцы правялі вадаправод, чаго яны не маглі дамагчыся ажно дзесяць гадоў. Справай заняўся спачатку дэпутат раённага савету Алег Рамашкевіч, а ўбачыўшы, што мясцовыя бюракраты нічога ня робіць, зьвярнуўся па падтрымку. Яму слова:

(Рамашкевіч: ) “Я скажу, што калі ўжо зьвярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў, улады мусілі рэагаваць. І празь некаторы час усё ж зрабілі гэты вадаправод”.

Размаўляем са спадаром Фраловым:

(Карэспандэнт: ) “Калі вы пойдзеце на другі тэрмін, давядзецца трымаць справаздачу перад людзьмі й адным з пытаньняў будзе такое: а што Фралоў зрабіў для свайго рэгіёну, наколькі ён выканаў тыя абяцаньні, якія даваў падчас перадвыбарчае барацьбы?”

(Фралоў: ) “Ёсьць такі Скідаль — цукровая сталіца краю, дык я вельмі шмат займаўся цукровым камбінатам: першае, пра што напісаў прэзыдэнту, тычылася яго. Людзі неяк прыйшлі і не выпускалі мяне зь мясцовага гарвыканкаму, пакуль я не абавязаўся перад імі прабіць газ. Шэсьць вуліцаў ужо газіфікавана. Неяк падыходзіць старшыня сельсавету і кажа: вось я жыву ў гэтым доме насупраць, на чацьвертым паверсе, і там цячэ дах… Дык мне запатрабавалася сустрэчаў пяць з рознага ўзроўню кіраўнікамі перад тым, як загадам старшыні аблвыканкаму было падпісана рашэньне выдзеліць 10 мільёнаў. Добры старшыня, але хіба ён з кожным дахам справіцца?”

Да ўсяго, гэта яшчэ выдатная ілюстрацыя таго, наколькі прыніжаная ніжэйшая савецкая ўлада. Ды й сярэдняя з вышэйшай — там трохі больш правоў і грошай, затое адпаведна і больш страху. За рашэньне, прынятае бязь верхняй санкцыі, за незалежную пазыцыю, свабоднае слова... Калі старшыня сельсавету не пабаяўся забясьпечыць Фралову сустрэчу з усёй вёскай (хоць мог прывесьці толькі дзясятак глухіх бабуль) і сказаў праўду пра свае заўтрашнія паводзіны — дык чым вышэй, тым стасункі зь мясцовым начальствам больш складаныя.

(Карэспандэнт: ) “Дэпутат-апазыцыянэр і мясцовая вэртыкаль, сфармаваная непасрэдна кіраўніком краіны: ці мажлівыя нармалёвыя стасункі між вамі? Згодна зь лёгікай, чыноўнікі павінны баяцца кантактаў, таго, што вас праслухоўваюць, што за вамі нехто сочыць, і ўсё гэта дакладваецца наверх. І нават калі гэтага няма, людзям падаецца, што такое павінна быць”.

(Фралоў: ) “Ня мусіць быць — такое ёсьць. Калі я прыяжджаю ў свой Гарадзенскі райвыканкам і хаджу там, размаўляю з чыноўнікамі, то пасьля гэтага нейкі чалавек ходзіць па тых жа кабінэтах і пытаецца, пра што размаўлялі. Ня дзіўны таму іхны страх. Зайшоў да намесьніка ў сельскай гаспадарцы, а ў яго недзе чалавек пяць здаровых, моцных мужыкоў-кіраўнікоў. Кажу: “Хлопцы, я напішу, а вы толькі мне падкажыце — гэта так, так, так, ці можа я неяк няправільна разумею? Давайце зьверым погляды!” Яны: “У нас усё добра, у нас усё добра, у нас усё добра…” Але ж вочы апускаюць, і мне так непрыемна стала”.

І гэта тычыцца ня толькі гаспадарнікаў, але й калегаў-дэпутатаў з раённых і абласнога саветаў.

(Фралоў: ) “Калі была апошняя сэсія, я падышоў да старшыні аблсавету, мы даўно знаёмыя, ён такі добры мужык. І кажу: “Мне трэба выступіць”. “Ды ты што, ды ты што!”

Адкуль гэты страх? Палохаюцца заўважнай ляяльнасьці да чалавека, якому прылюдна пагражаў кіраўнік краіны. Ня дзіва, што ніхто з чыноўнікаў не захацеў выказаць па Радыё Свабода свайго стаўленьня да Фралова. Зь іншага боку, яны маглі б выкарыстаць тую мажлівасьць дзеля крытыкі, дэманстрацыі непрымальнасьці іншадумства. Але прамаўчалі. І ў гэтым пэўны пазытыў. Невыпадкова апальны дэпутат раз-пораз паўтарае:

(Фралоў: ) “Мне здаецца, вэртыкаль імкнецца рабіць усё лепей, але ж і абласныя, і раённыя саветы ў такім стане, што яны ня могуць паўплываць на сытуацыю”.

У гутарцы з намі Фралоў настойваў, што сярод мясцовых кіраўнікоў, дэпутатаў шмат таленавітых арганізатараў, сумленных людзей. Назваць прозьвішчы тых, з кім сябруе, адмовіўся — баіцца наклікаць на іх непрыемнасьці. Маўляў, жыцьцё ёсьць жыцьцё, трэба лічыцца з рэаліямі. Але ж і факт застаецца фактам: сярод рэгіянальнай намэнклятуры ён стаў чужым. Як мінімум зьнешне. Ну а сярод дэмакратычна скіраваных гарадзенцаў? Вось думка лідэра абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Сяргея Мальчыка:

(Мальчык: ) “Я цудоўна ведаю, што ў яго няма яшчэ акрэсьленай палітычнай пазыцыі: хто ён у сваіх перакананьнях — кансэрватар, лібэрал ці сацыял-дэмакрат? Мне, прынамсі, падаецца, што гэта чалавек шчыры. Ён шчыра выказвае свае погляды, шчыра хоча нешта зьмяніць. І тое, што былы вайсковы генэрал, чалавек, які прыйшоў ва ўладу дзякуючы непасрэднай падтрымцы былога кіраўніка вобласьці Дубка і, канечне ж, будучы ў сьпісах Лукашэнкі, эвалюцыянаваў ад адкрыта чалавека ўлады да апанэнта гэтай улады, гэта вельмі і вельмі значна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG