Выкладчыкам нялёгка выкладаць свае дысцыпліны, перамагаючы шум вуліцы і рэчавага кірмашу. На думку Ўладзімера Коласа, парожні будынак Ліцэю красамоўна дэманструе абыякавасьць уладаў да лёсу дзяцей.
(Колас: ) “Cловы Воранава, што ён парэкамэндаваў бацькам неяк вырашыць гэтую сытуацыю: аказваецца, можна ў школу і не хадзіць, але тады трэба падаць заяву пра тое, што дзіця навучаецца дома, экстэрнатам будзе здаваць… Ну, нас усіх кранае гэты клопат сп. Воранава і астатніх чыноўнікаў пра нашых дзяцей. Я лічу, што варта было б праявіць ім гэты клопат крыху раней, калі яны зьдзяйсьнялі гэтае злачынства — будынак стаіць пусты, ніякі рамонт там не ідзе. Каму гэта ўсё патрэбна?..”
Бацькі ліцэістаў абураюцца, што ніводзін чыноўнік з Гарадзкога камітэту адукацыі дагэтуль не прыйшоў пацікавіцца, у якіх умовах вучацца дзеці.
(Зямковіч: ) “Я абураны стаўленьнем Гарадзкога камітэту адукацыі. Абураны паводзінамі сп. Воранава, які нам нахабна хлусіў, гледзячы ў вочы. Хлусіў, што да 1 верасьня будзе створаны новы Ліцэй. Чацьверты дзень дзеці вучацца не пад дахам. За гэтыя дні ні разу ніводзін чыноўнік з Камітэту адукацыі не прыйшоў сюды. Хаця ад Кірава-5 сюды якіх два крокі… Не пацікавіліся — як справы, як дзеці?! Гэтыя паводзіны абураюць нас. Гэта цынічна і зьневажальна!”
Я зьвярнулася па тэлефоне да старшыні Камітэту адукацыі Міхала Ціцянкова з пытаньнем, чаму ён не прыйшоў да ліцэістаў. Спадар Ціцянкоў адказаў:
(Ціцянкоў: ) “У мяне задача — стварэньне Менскага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю і разьмеркаваньне туды ліцэістаў, пра якіх Вы гаворыце. Бок Коласа гэта ігнаруе, праўды, ня ўсе, частка дзяцей вучыцца ў іншых навучальных установах. У мяне задача — пасадзіць цывілізавана, а ня так, як робіцца сёньня. Мы чакаем… Я ж не магу сёньня паводле палажэньня праводзіць дадатковы набор у 9-ю клясу. Мы яшчэ крыху пачакаем. Я лічу, што ня ўлада зьнішчае і разбурае, а тыя, хто дзяцей выводзілі і ўчора, і заўчора… Менск зрабіў усё, каб Ліцэй функцыянаваў”.
Ліцэісты ня скардзяцца на ўмовы. Ім падабаецца вучыцца пад адкрытым небам. Пляцоўку ля агароджы стадыёну “Дынама” яны назвалі “Лясной школай”. Гаворыць навучэнец трэцяга курсу Глеб Лабадзенка:
(Глеб: ) “Мы паселі на гэтыя лаўкі, якія зрабілі нашыя бацькі, і пачалі вучыцца. Мы думалі, што будзе нейкі “балдзёж” — пасядзім пад небам, парагочам… Але праходзяць звычайныя ўрокі. Нават міліцыянты зьдзіўляюцца, што дзеці сядзяць і вучацца. Яны і скачуць, і весяляцца… Калі ў нас праходзіў урок ангельскай мовы, ён падумаў, што настаў перапынак. Мы яму патлумачылі, што гэта звычайны ўрок ангельскай мовы. На лаўках сядзець, канечне, нармальна. Але на каленях пісаць даволі нязручна. А літаральна, цераз дарогу стаіць наш будынак — пусты, некрануты… Мы спадзяемся, што мы туды яшчэ вернемся”.
Паколькі ў Менску ўсталявалася халоднае надвор’е, выкладчыкі правялі скарочаныя ўрокі й павялі дзяцей па музэях.