Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПРАБЛЕМЫ ПАСЬЛЯ ІРАЦКАЙ ВАНЫ


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Нягледзячы на ўсе рэвэрансы ў бок трансатлянтычнага адзінства, лідэры Францыі, Нямеччыны, Бэльгіі і Люксэмбургу на нарадзе ў Брусэлі ўсё ж абазначылі пэўную альтэрнатыву Амэрыцы. Канцлер Нямеччыны Гергард Шрэдэр выказаў гэта дыпляматычна, сказаўшы, што справа ня ў тым, што зашмат Амэрыкі, а ў тым, што замала Эўропы. А прэзыдэнт Францыі Жак Шырак выказаўся больш жорстка, зноў прыгадаўшы шматпалярны сьвет. Сп. Рар, на Ваш погляд, учорашняя нарада ў Брусэлі – гэта крок да гэтага шматпалярнага сьвету?”

(Рар: ) “Не, я з гэтым нязгодны. Маюць рацыю камэнтатары, якія пішуць, што гэты саміт праваліўся. Пару тыдняў таму ён плянаваўся менавіта такім, як Вы апісалі – як знак супрацьстаяньня Амэрыцы на чале з Францыяй. Але пасьля пасьпяховага завяршэньня вайны і ўва Францыі, і ў Нямеччыне эліты прыйшлі да высновы, што з Амэрыкай сварыцца ня варта. І спадзяваньні тых, хто чакаў стварэньня супрацьвагі Амэрыцы, не апраўдаліся. На гэтым саміце не было прынята нічога звыш таго, пра што ішла размова 2 гады таму. Эўрапейскае войска будзе створаная сёлета, але яно будзе шчыльна супрацоўнічаць з НАТО. Я лічу, што і прэзыдэнт Францыі саступае, бо ён не атрымаў падтрымкі Нямеччыны, на што спадзяваўся. Бэрлін зараз ізноў шчыльна арыентуецца на Вашынгтон і на Лёндан. І палітыкі, што сабраліся на саміт “чацьвёркі” ў Брусэлі, зрабілі проста добрую міну пры дрэннай гульні”.

(Дракахруст: ) “Сп. Рар, Вы самі ў свой час казалі, што Нямеччына – эканамічны гігант, але палітычны карузьлік, і варта прывесьці гэтыя чыньнікі ў адпаведнасьць. А зараз Вы мяркуеце, што Эўропа мусіць прыняць формулу Тоні Блэра, паводле якой стрыжнем замежнай палітыкі Эўропы мусіць быць супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі?”

(Рар: ) “Гэта складанае пытаньне. Вы працытавалі Шрэдэра, які сказаў, што трэба ня менш Амэрыкі, а больш Эўропы. Мяркую, што з гэтым пагадзяцца ня толькі ў Нямеччыне, але і ў Велікабрытаніі, і ў Італіі, і ва Ўсходняй Эўропе. Гэта ідэя накіраваная на тое, каб Эўропа ўмацоўвалася ня толькі як эканамічны гігант ці франка-нямецкі рухавік, а як агульная цывілізацыйная прастора, якая будзе заставацца шчыльным саюзьнікам Амэрыкі, але будзе шукаць і іншыя задачы, браць на сябе функцыі, якая Амэрыка ня можа ці ня хоча браць на сябе. Размова ідзе пра міратворчасьць на Балканах, пра больш актыўную палітыку на Блізкім Усходзе.

Але плян пабудовы чыста эўрапейскіх інстытутаў існаваў яшчэ да 11 верасьня 2001 году. Пасьля таго, як быў прыняты эўра, адбудаваная эканамічная прастора, зараз палітыкі адбудоўваюць абарончую прастору.

Зараз Эўропа проста спалохалася свайго кроку ўбок, пагрозы расколу, і зараз ізноў зробіць крок у бок Вашынгтону. І рабіць гэта будзе праз Тоні Блэра. Я мяркую, што самым вялікім пераможцам у трансатлянтычнай гульні будзе Тоні Блэр. Празь яго Амэрыка будзе размаўляць з Эўропай. З другога боку, ён будзе тым мастом, празь які “вінаватыя” французы і немцы будуць спрабаваць наладзіць адносіны з Вашынгтонам”.

(Дракахруст: ) “Яшчэ напярэдадні вайны зь лёгкай рукі Дональда Рамсфэльда пайшло гуляць прыслоўе пра старую і новую Эўропу. Мы памятаем словы Жака Шырака, які параіў усходнеэўрапейцам, што падтрымалі ЗША, заткнуцца. Як зараз будуць будавацца адносіны паміж старой і новай Эўропаю, і ці слушна тое, што пераможцамі ў вайне аказаліся ня толькі Вашынгтон і Лёндан, але і Варшава?”

(Рар: ) “Так, Варшава сапраўды ўскосна стала пераможцам. Зараз трэба, каб старая Эўропа працягнула руку новай. Але і новая Эўропа мусіць асэнсаваць, што яна таксама не без граху. У той сытуацыі не абавязкова было падпісваць лісты васьмёх і дзесяцёх ў падтрымку Амэрыкі, якія паставілі пад сумнеў эўрапейскую абаронную і замежную палітыку. Так, у пэўнай ступені яны ўратавалі НАТО, але з пункту гледжаньня таго, каб эўрапейцы знайшлі сваю асабістую ролю на міравой арэне, я мяркую, Усходняя Эўропа зрабіла мала. У старой Эўропе ёсьць падазрэньне, што Польшча ўступіла ў НАТО і ўступае ў Эўразьвяз, каб наблізіцца да Амэрыкі. З пункту гледжаньня польскай гісторыі, гэта зразумела. Аднак гэта можа спарадзіць канфлікт, які мусіць быць пераадолены з двух бакоў. Польшча мусіць асэнсоўваць сябе ня толькі праамэрыканскай, але і эўрапейскай дзяржаваю. А старая Эўропа мусіць зразумець, што Эўропа ўжо зараз не абмяжоўваецца ёю. Ёсьць шлях, які трэба прайсьці, ён ня лёгкі, і я мяркую, што гэта задача наступных гадоў”.

(Дракахруст: ) “Тэза пра шматпалярны сьвет, якая прагучала з вуснаў прэзыдэнта Францыі, – гэта ўлюбёны лёзунг Аляксандра Лукашэнкі. Праўда, ягонае ўяўленьне пра гэтую шматпалярнасьць своеасаблівае, дастаткова прыгадаць нядаўнюю заяву, што Беларусь робіцца духоўным цэнтрам усходнеэўрапейскай цывілізацыі. Тым ня менш, на Ваш погляд, ці можа гэтая лінія кіраўніка Беларусі мець шанцы на посьпех у пасьляваенным сьвеце?”

(Рар: ) “Найперш трэба патлумачыць паняцьце шматпалярнага сьвету. Само па сабе яно неблагое, але часам яно выкарыстоўваецца ў антыамэрыканскім кантэксьце. Тое, што ў свой час аб’яднаная Эўропа можа стаць аўтаномным полюсам, як Кітай, Індыя, Амэрыка – гэтае ўяўленьне абсалютна легітымнае.

Але на Беларусь пры пабудове будучай Эўропы ўвагі зьвяртаюць мала. Усе лічаць, што Лукашэнка крыху адстаў ад жыцьця, і спадзяюцца, што ён скарыстае другі ці трэці шанец, які яму зараз дае Эўропа і тая ж Амэрыка, зноў наладзіць адносіны з Захадам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG