Напярэдадні душанбінскага саміту ўрад Расеі ўхваліў прапановы міністра абароны Сяргея Іванова прымаць на службу ў расейскую армію грамадзян краін СНД, у тым ліку Беларусі.
“Гэта вельмі добрая дапамога”, — зазначыў міністар Іваноў і паведаміў, што кантрактнікі з краін СНД змогуць праз тры гады атрымаць расейскае грамадзянства.
Адметна, што саміт ДКБ праходзіў у сталіцы Таджыкістану — краіны, дзе расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць мясцовых грамадзянаў у сваёй арміі. Таджыцкія грамадзяне пасьпяхова служаць у вайсковых аддзелах Расеі, абараняючы мяжу з Афганістанам.
Цяпер падобнае прапануюць і беларусам. Некаторыя прадстаўнікі афіцыйнага Менску пазытыўна адрэагавалі на гэтую навіну з Масквы. Старшыня камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Барыс Бікінін заявіў, што ў Беларусі пасьля рэформаў арміі засталіся незапатрабаванымі высокаклясныя адмыслоўцы ў галінах кшалту вайскова-касьмічнай. “Прапанова Расеі дазволіць найбольш поўна рэалізаваць той патэнцыял, што мы маем для вырашэньня сучасных задачаў”, — сказаў спадар Бікінін.
Агенцтва “Інтэрфакс” падае таксама станоўчыя водгукі двух кіраўнікоў беларускага Міністэрства абароны. Аднак гэтыя афіцэры вельмі блытана камэнтуюць сытуацыю з грамадзянствам тых, хто захоча падпісаць кантракт у Расеі. Тым часам артыкул 19 беларускага закону аб грамадзянстве вызначае: “Грамадзянства Рэспублікі Беларусь страчваецца ў выніку паступленьня асобы на вайсковую службу ў замежнай дзяржаве”. Гэта тычыцца й Расеі, пацьвердзілі ў пашпартна-візавай службе Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Кіраўніцы гэтай службы Лідзіі Іванчыкавай я задаў гэткае пытаньне:
(Карэспандэнт: ) “Калі, напрыклад, беларус паедзе служыць у расейскую армію — яго пазбавяць грамадзянства?”
(Іванчыкава: ) “Вядома. Калі ён паступае на службу ў армію — так, ён аўтаматычна губляе грамадзянства Рэспублікі Беларусь”.
(Карэспандэнт: ) “А вы чулі пра такія прапановы?”
(Іванчыкава: ) “Першы раз чую, што ў Расеі так прымаюць на службу ў армію”.
(Карэспандэнт: ) “З вамі гэта ніхто не ўзгадняў?”
(Іванчыкава: ) “Не, не”.
Спадарыня Іванчыкава параіла зьвязацца таксама з начальнікам аддзелу грамадзянства пашпартна-візавае службы МУС Валерыем Шунтавым, які быў абураны заявамі чыноўнікаў Міністэрства абароны:
(Шунтаў: ) “Няхай яны пачытаюць там, у Міністэрстве абароны, наш беларускі закон аб грамадзянстве. Пры наяўнасьці дакладных зьвестак, пацьверджаных дакумэнтальна, — што чалавек паступіў за мяжой на службу ўва ўзброеныя сілы, органы міліцыі, юстыцыі, органы бясьпекі й гэтак далей, дык грамадзянства Беларусі страчваецца”.
(Карэспандэнт: ) “Нават у расейскай арміі?”
(Шунтаў: ) “У любой арміі”.
(Карэспандэнт: ) “А ніякіх дамоўленасьцяў у межах саюзнай дзяржавы няма наконт гэтага — грамадзянства?”
(Шунтаў: ) “Няма”.