Былы дырэктар Інстытуту траўматалёгіі і артапэдыі прафэсар Іосіф Варановіч, які рабіў апэрацыю Мулявіну 14 траўня, акрэсьлівае сытуацыю толькі ў агульных рысах. Пры гэтым цалкам зразумела, што менавіта Варановіч ведае пра стан хворага ўсё.
(Варановіч: ) “Разумееце, якая сытуацыя. Усю інфармацыю павінны даводзіць рэанімацыя, дзе ён ляжыць, і дырэктар інстытуту. Што тычыцца агульнага стану, то ён вельмі цяжкі: пералом шостага і сёмага шыйных пазванкоў, сьцісканьне сьпіннога мозгу, частковы параліч рук і поўны параліч ног. Пра ўсё астатняе сказаць нічога не магу”.
На жаль, ні згаданая прафэсарам Варановічам рэанімацыя, ні тым больш дырэктар інстытуту Яўген Белаенка ніякай дадатковай інфармацыі не даюць. Пытаюся ў аднаго з хірургаў: ці праўдзівыя паведамленьні некаторых СМІ, што Мулявін пайшоў на папраўку. У прыватнасьці, рухае рукамі, расплюшчвае вочы — наагул, знаходзіцца ў прытомнасьці.
(Хірург: ) “Ды не, стан па-ранейшаму цяжкі, ніякіх кардынальных зьменаў няма. Ведаючы сытуацыю ў мэдычным пляне, нічога ня сьведчыць пра тое, што ідзе аднаўленьне. Так, чаго не было дагэтуль — магчыма, зьявілася; але нельга гарантаваць, што так будзе і надалей. Я б нават сказаў, што да гэтага няма наогул ніякіх падставаў (хоць цуды бываюць усялякія). Агульны стан стабілізавалі, сёньня здымаем апарат штучнага дыханьня і пераводзім на дыханьне самастойнае. Сам ён у прытомнасьці, але, натуральна, неадэкватна рэагуе, бо знаходзіцца пад узьдзеяньнем лекаў і нармальны кантакт наладзіць немагчыма. Стан стабільна цяжкі — можна сказаць так. Пра перавод у звычайную палату няма ніякай гаворкі. Гэта будзе зусім ня хутка, калі наогул сытуацыя будзе складвацца больш-менш нармальна”.
Спрабую высьветліць у свайго суразмоўцы: чым выкліканая такая таямнічая заслона вакол Уладзімера Мулявіна? Прынамсі, як сьведчыць замежны досьвед, у падобных выпадках тэрмінова ствараецца нешта накшталт прэсавага цэнтру, дзе акумулюецца ўся інфармацыя пра стан здароўя папулярнай асобы.
(Хірург: ) “Чаму ігнаруюць прэсу? Ну, прасіла жонка ніякай інфармацыі не даваць. Бадай, зараз толькі з гэтай прычыны”.
Зь іншых інстытуцкіх крыніцаў стала вядома, што мажлівая таямніца выкліканая і тым, што сёньня лябараторны аналіз крыві Мулявіна даў станоўчую рэакцыю на ўтрыманьне ў ёй алькаголю. Варта нагадаць, што аварыя здарылся падчас Радаўніцы, калі ў Беларусі памерлых традыцыйна ўспамінаюць пад моцныя напоі.
Няма ніякіх новых зьвестак і ад супрацоўнікаў Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі: ні тэхпашпарту на “Мэрсэдэс”, ні пасьведчаньня кіроўцы пасьля агляду машыны ды асабістых рэчаў ня знойдзена.
Нагадаю, што асноўнай вэрсіяй аварыі 14 траўня лічыцца значнае перавышэньне хуткасьці на небясьпечным участку дарогі Заслаўе–Калодзішчы.