Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРАБСКАЕ ЗЯМЛЯЦТВА Ў БЕЛАРУСІ ПРАВЯЛО МІТЫНГ


Галіна Абакунчык, Менск

Арганізатарам выступіла палестынская грамада пры падтрымцы студэнтаў арабскіх краінаў, а таксама некаторых палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі.

Палестынскую грамаду ў Беларусі падтрымалі найперш студэнты мусульманскіх краінаў зь Лібану, Сырыі ды Ірану. На пляц Бангалор яны прыйшлі зь дзяржаўнымі сьцягамі сваіх краінаў, Палестынскай аўтаноміі, а таксама чырвона-зялёнымі сьцягамі Беларусі. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках мноства плякатаў і лёзунгаў, напісаных на арабскай і расейскай мовах, наступнага зьместу: "Дзе габрэй-камікадзэ", "Не ізраільскаму нацызму", а таксама партрэт Ясіра Арафата з надпісам "Прэзыдэнт Палестыны". Вось што гаворыць пра мэту акцыі лідэр палестынскага зямляцтва ў Беларусі Масад Хусам:

(Хусам: ) "Мы разьлічвам, што беларускі народ і ягонае кіраўніцтва пачуюць нас. Хочам, каб ведалі, што Палестына — гэта не Чачэнія, не Югаславія й не Афганістан, а мірныя жыхары. І просім, каб падтрымлівалі нас”.

Паводле словаў Масада Хусама, палестынскае зямляцтва ў Беларусі складаецца прыкладна з 120 чалавек, і бальшыня зь іх прысутнічалі на сёньняшнім мітынгу. Акрамя таго, тут былі камуністы партыі Калякіна на чале са сваім лідэрам, артадаксальныя камуністы й нават беларускія "лімонаўцы". Беларускія анархісты, якія таксама прынялі ўдзел у акцыі, патлумачылі нам мэту сваёй прысутнасьці. Гаворыць спадар, які назваўся Лёня Ушкін:

(Ушкін: ) "Мы выступаем у падтрымку, на нашую думку, законных правоў палестынскага народу. Зь іншага боку, для нас вельмі важная нашая прысутнасьць, як пратэст супраць магчымых спробаў фашыстаў надаць гэтай акцыі антысэміцкі характар. Каб падтрымка палестынскага вызвольнага руху не азначала антысэміцкіх настрояў".

З гэтай жа мэтай удзел у мітынгу ўзяў лідэр міжнароднай асацыяцыі габрэяў у Беларусі Якаў Гутман. Аднак, паводле ягоных словаў, падобныя акцыі сёньня павінны праводзіць таксама й габрэі Беларусі. Гаворыць Якаў Гутман:

(Гутман: ) “Ва Ўкраіне 2-3 дні таму прайшла дэманстрацыя ўкраінскіх габрэяў, якія выступілі супраць тэрору. У кожнага з нас там ёсьць родзічы. Але беларускія "правадыры" габрэяў ня выказалі ні слова пратэсту супраць таго, што габрэяў там забіваюць тэрарысты".

Кожны з выступаў сваіх землякоў арабскае зямляцтва падтрымлівала гучнымі воклічамі. Напрыканцы ўдзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю з заклікам падтрымаць змаганьне народу Палестыны за незалежнасьць. Гэтую рэзалюцыю яны зьбіраюцца накіраваць кіраўніцтву Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG