Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТВОРЦА І ЦЭНЗУРА: СКАНДАЛ НА ВЫСТАВЕ СУПОЛКІ “ПАГОНЯ”


Сяргей Харэўскі, Вільня

Цэнзура ў Беларусі існуе спрадвеку. Сёньня нават цяжка сказаць, у якія глыбіні стагодзьдзяў яна сягае. Казімер Лышчынскі ды Апанас Філіповіч ці ня сталі ахвярамі цэнзуры свайго часу?

Надзвычай жорсткай цэнзуры заўсёды падлягала мастацтва. У пэўным сэнсе гэта натуральна, бо мастак залежны ад заказчыка. Але давайце параўнаем. За ўсё ХІХ стагодзьдзе ў Менску адбыліся толькі дзьве дазволеныя ўладамі выставы: у 1891-м і ў 1899-м. Лішне казаць, што амаль на паўстагодзьдзя раней у Парыжы адбылася экспазыцыя “Салёну адрынутых” – мастакоў, якіх цяпер прынята называць імпрэсіяністамі.

За апошнія дзесяць гадоў беларускае незалежнасьці мала што зьмянілася. Ужо традыцыйнымі сталі выпадкі з цэнзураваньнем любое выставы суполкі “Пагоня”. Але сёлета выглядала на тое, што скандалаў ня будзе. Аднак ён адбыўся.

З выставы былі зьнятыя некалькі твораў. Сярод іншых – палотны Алеся Пушкіна зь ягонае нізкі “Беларускі рэзыстанс”. Канцэптуальна гэтая сэрыя мусіла выглядаць як алюзія на колішнія партрэтныя галерэі піянэраў-герояў. Гіронію Пушкіна не зразумелі. Чые ж партрэты былі зьнятыя? Гаворыць сам мастак:

(Алесь Пушкін: ) “Такія партрэты дзеячоў нашых… Гэта Юрка Моніч, наш мясцовы чалавек, атаман, які змагаўся супраць савецкае ўлады ў 20-х гадах ХХ стагодзьдзя. Быў гэткі слынны тут народны супраціўленец камуністам, што нават пра ягоную гучную справу пра спыненьне цягніка на перагоне з Крупак да Бабра пісалі ўсе эўрапейскія газэты. Другі партрэт быў Лукаша Семянюка, атамана, які камандаваў Грозаўскім палком на Случчыне. Янкі Філістовіча быў партрэт. Быў партрэт Міхала Вітушкі, гэта канечне калябарацыяніст. І быў партрэт Усевалада Родзькі, бурмістра Віцебску, які таксама быў калябарацыяніст.

І вось цэнзура зьняла з выставы ня толькі два мае партрэты, Усевалада Родзькі й Міхала Вітушкі, але й партрэт Ермаловіча пэндзля Алеся Цыркунова й адзін твор Валерыя Шчаснага”.

Атрымліваецца, што Алесь Пушкін, выстаўляючы партрэты калябарантаў, адмыслова ішоў на канфлікт, спрабуючы чарговы раз падтрымаць свой імідж. Выстава ўсё ж адбылася. Насамрэч на ёй былі выстаўленыя добрыя творы. Экспазыцыя атрымалася надзвычай удалая, нетрывіяльная. Які ж сэнс быў спраўджваць тое, што ідэалягічна ня вытрыманыя палотны з выявамі калябарантаў здымуць? Ці мусіць існаваць цэнзура наогул? Гаворыць Алесь Пушкін:

(Алесь Пушкін: ) “Цэнзура мастацкая ў Беларусі йснуе. Яна існуе ў любой нармальнай краіне. У любой краіне не дазволяць паказваць, напрыклад, парнаграфічныя творы ў дзяржаўных ці музэйных залях. Таму цэнзура вечная. Але ў нас, у беларускай сытуацыі, за генэральнай ідэалягічнай лініяй, якую праводзіць наш урад, выканаўчая ўлада, будуць заўсёды цэнзуравацца калябаранты часу другой сусьветнай вайны.

Па-другое, заўсёды будуць цэнзуравацца людзі, якія адкрыта выступаюць супраць цяперашняе ўлады – Быкаў, Хашчавацкі, Алексіевіч, Някляеў. З выставы суполкі “Пагоня” былі зьнятыя два мае партрэты. Я думаю, што гэта спадар Басалыга зрабіў. Так, гэта былі партрэты калябарантаў... Але даведайся, хто зьняў працы?”

Алесь Пушкін прызнае, што цэнзура неабходная ў цывілізаваным грамадзтве. Афіцыйна гэткія інстытуты існуюць у Вялікабрытаніі ад 1912 году, у Злучаных Штатах Амэрыкі – ад 1922-га.

Але мастак, выстаўляючы відавочна правакацыйныя творы, хацеў бы пазнаёміцца з цэнзарамі асабіста. Хто ж здымаў творы? Хто ў нашай краіне мае такое права? Сытуацыю камэнтуе кіраўнік суполкі “Пагоня”, Мікола Купава:

(Мікола Купава : ) “Галоўны цэнзар – гэта старшыня Саюзу. У яго ёсьць свае перасьцярогі. Можа й залішнія. Але паколькі ён старшыня... Была там яшчэ нейкая камісія гарадзкая. Спэцыяльна для нашай суполкі. Яна нідзе сябе не праявіла. Яна ніколі нідзе не была. І вось раптам... Я іх нікога ня бачыў. Нібыта з намесьнікам старшыні гарсавету. Яны рэкамэндавалі Басалыгу нешта зьняць. Можа, і ён сам нешта там… Баяцца там усе сымболікі. Сымболіка – і ўсё”.

Спадар Купава таксама ня ведае дакладна, хто і як здымаў творы ягоных калегаў. Відавочна, што да гэтай справы мае дачыненьне старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Ўладзімер Басалыга. Але каму дае справаздачу ён, застаецца таямніцаю.

Зь іншага боку, суполка “Пагоня” мусіць самацэнзураваць сваю сымболіку. Далі Бог, гэта ўжо дзіўна. Хто вінаваты ў такой сытуацыі? Пра гэта я спытаўся ў аднаго зь сяброў суполкі, жывапісца Віктара Маркаўца.

(Віктар Маркавец: ) “Скандал прынцыповы. Ёсьць прычыны і вонкавыя, і ўнутраныя. У прынцыпе, у суполцы “рэвалюцыйнасьць і зубастасьць” адышлі на другі плян. У “Пагоні” атрымалася ўнутраная падмена. Канечне, вінаватыя ўлады. А наша зьвяно Саюзу – яно хоча дагадзіць, ня хоча скандалу, перастрахоўваецца. Вось і ўсё”.

Ніхто з апытаных мною мастакоў дакладна ня ведае, хто даў загад зьняць некалькі твораў з выставы суполкі “Пагоня”. Тымчасам у Алеся Пушкіна новыя клопаты. У баброўскай царкве зьбіраюцца часткова замаляваць ягоныя фрэскі.

(Алесь Пушкін: ) “Дазвол на пісаньне гэтых фрэсак даваў сам япіскап. Яны кананічныя. Але выйшла так, што некаторыя пэрсанажы там нагадваюць некаторых цяперашніх палітычных дзеячоў. І наш благачынны сказаў мне: “Саша, давай, убери их. Вот они кого-то напоминают”. А я сказаў, што нічога прыбіраць ня буду, ня буду лазіць па рыштаваньнях. Яны зараз знайшлі нейкіх двух мастакоў, якія тую частку фрэсак замалююць. Я пра адно папрасіў бацюшку: каб мне сказалі, калі яны прыедуць. Каб я мог гэта ўсё зьняць, запрасіць журналістаў”.

Беларускія мастакі, як і спрадвеку, мусяць мець справу з цэнзураю. Творы Алеся Пушкіна завешваюць фіранкаю ў магілёўскім касьцёле Сьвятога Станіслава, неўзабаве некаторыя ягоныя фрэскі будуць зьнішчаныя ў царкве ягонага роднага мястэчка Бобр. Мастак гэта ўспрымае як дадзенасьць. У гэтых выпадках ён ведае, каму належаць гэткія ініцыятывы. Але каму пэрсанальна ў Менску належыць выключнае права здымаць мастацкія творы з выставаў – ня ведае пакуль ніхто.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG